Logo Polskiego Radia
Print

Якую палітыку ў стасунку да Менску абярэ Польшча?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 27.07.2016 18:39
  • Якую палітыку ў стасунку да Менска абярэ Польшча.mp3
Палітыкі дыскутуюць, ці варта «эўрапеізаваць» Беларусь, альбо лепей заняцца гандлем ды правамі польскай меншасьці – кажуць экспэрты.
Удзельнікі дыскусіі "На шляху да новай польскай усходняй палітыкі": дыплямат Марцін Касьперак, палітолягі Павал Пурскі, Барташ Рыдліньскі й Лукаш Ясіна. мадэратар - былы эўрадэпутат Павал Коваль.Удзельнікі дыскусіі "На шляху да новай польскай усходняй палітыкі": дыплямат Марцін Касьперак, палітолягі Павал Пурскі, Барташ Рыдліньскі й Лукаш Ясіна. мадэратар - былы эўрадэпутат Павал Коваль.Aliaksandr Papko/radyjo.net

Польскія палітыкі ды экспэрты дыскутуюць над прыярытэтамі зьнешняй палітыкі. Ці варта Польшчы прасоўваць дэмакратыю й дапамагаць сваім усходнім суседзям інтэгравацца з Эўрапейскім Зьвязам? Ці ня лепш сканцэнтравацца на больш прыземленых інтарэсах – такіх, як дапамога польскай нацыянальнай меншасьці ды эканамічныя стасункі? Гэтыя тэмы абмяркоўвалі ўдзельнікі дыскусіі «На шляху да новай польскай усходняй палітыкі», якая прайшла ў рамках XIII Варшаўскай усходнеэўрапейскай канфэрэнцыі. У камэнтарах для «Польскага радыё» палітолягі дзеляцца сваімі прагнозамі наконт таго, як будзе выглядаць палітыка Варшавы ў стасунку да Кіева і Менска.

Тэзыс польскага інтэлектуала Ежы Гедгедройця пра тое, што Польшча дзеля ўласнай бясьпекі абавязаная несьці ідэі свабоды, незалежнасьці й дэмакратыі ва Ўкраіну і Беларусь, упершыню за доўгія гады перастаў быць аксіёмай – канстататуе кіраўнік фонду «Супольная Эўропа» палітоляг Павал Пурскі. У польскім парлямэнце пачалі гучаць галасы, што Польшчы лепш канцэнтравацца на менш амбітных мэтах: правах польскай меншасьці, эканамічных стасунках і вайсковай бясьпецы.

Павел Пурскі лічыць, што Польшча не павінна зьмяняць мэты сваёй палітыкі ў стасунку да ўсходніх суседзяў. «Нашыя інтарэсы заключаюцца ў тым, каб краіны за нашай усходняй мяжой былі дэмакратычнымі, каб сытуацыя ў іх бала стабільнай, і каб яны не былі занадта залежныя ад зьнешніх уплываў» – зазначыў палітоляг.

Аднак вялікіх магчымасьцяў для дэмакратызацыі Беларусі ці стабілізацыі Ўкраіны Польшча ня мае. Таму Варшава павінны сфакусавацца на канкрэтных эканамічных кроках – лічыць Павал Пурскі.

/

П. Пурскі: Мы павінныя прымаць меры, якія б спрашчалі працу прадпрымальнікам – напрыклад, пачаць крэдытаваньне інвэстыцыяў у нашых усходніх суседзяў. Гэта будзе збліжаць нашыя краіны ды ўзмацняць гандлёвы абмен. Адначасова трэба паспрыяць таму, каб насельніцтва Ўкраіны й Беларусі ўзбагачалася. Стабільнасьць будзе дасягнутая тады, калі нашыя суседзі будуць задаволеныя сваім узроўнем жыцьця, будуць атрымліваць добры заробак за добрую працу.

Палякі павінныя больш ведаць пра сытуацыю ва ўсходніх суседзяў, а суседзі – пра сытуацыю ў Польшчы, лічыць палітоляг доктар Барташ Рыдліньскі з Унівэрсытэту імя кардынала Стэфана Вышыньскага ў Варшаве. Эфэктыўным інструмэнтам дыпляматыі могуць быць дасьледчыя цэнтры – лічыць экспэрт.

/

Б. Рыдліньскі: Нам трэба стварыць сетку польскіх навуковых цэнтраў у суседніх краінах: адчыніць філіялы Польскага інстытуту міжнародных справаў і Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў. Іх мэтай быў бы ня толькі аналіз міжнароднай сытуацыі, але й прасоўваньне іміджу і досьведу Польшчы ва ўнівэрсытэцкіх і экспэртных дыскусіях. Гэтыя навуковыя цэнтры таксама павіны быць больш даступныя, чым амбасады й консульствы. Сучасная дыпляматыя ня можа абапірацца на адны дыпляматычныя пляцоўкі.

Падобна да Паўла Пурскага і Барташа Рыдліньскага глядзіць на прыярытэты польскай палітыкі публіцыст часопіса Kultura Liberalna Лукаш Ясіна. Вайсковае напружаньне ў Эўропе расьце. Таму галоўнай мэтай замежнай палітыкі становіцца бясьпека грамадзянаў. Адным з фактараў гэтай бясьпекі зьяўляецца стабільнае разьвіцьцё Беларусі і Ўкраіны. «Моцная Беларусь і Украіна – гэта моцная Польшча», – перакананы Лукаш Ясіна.

/

Л. Ясіна: Дасягнуць гэтай мэты можна шляхам узмацненьня польскага палітычнага ладу, збудаваньня моцнай арміі. «Хочаш быць у бясьпецы – умей абараняцца!» Таксама бясьпеку Польшчы ўзмацняюць разьвіцьцё дэмакратыі ды ўзмацненьне дзяржаўнасьці Ўкраіны ды Беларусі – нават ва ўмовах кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі.

Якую лінію будзе праводзіць Польшча ў стасунку да Украіны й Беларусі ў бліжэйшыя гады? Вельмі складана будаваць нейкую стратэгію ў сытуацыі «дасканалага шторму» – зазначае Павал Пурскі. Спакой Эўропы моцна патрывожыла агрэсіўная палітыка Расеі, рэфэрэндум у Вялікабрытаніі, ваенны пераварот у Турцыі, тэрарызм і рост папулісцкіх настрояў.

Польска-ўкраінскія стасункі моцна азмрочыла дыскусія вакол гістарычнай палітыкі – зазначыў палітоляг Павел Пурскі. Прымірэньню не спрыяюць спрэчкі вакол ацэнкі Валынскай разьні ды ўдзелу Украінскай паўстанцкай арміі ў ваенных злачынствах. Польшча наўрад ці зьменіць сваю палітыку ў стасунку да Беларусі і Ўкраіны на 180 градусаў, аднак чакаць нейкіх актыўных дзеяньняў на ўсходнім накірунку ня варта – мяркуе Павал Пурскі.

П. Пурскі: Я баюся, што ў бліжэйшы час мы будзем пагружацца ў дыскусіі, зачыняцца для дыялёгу з нашымі ўсходнімі суседзямі, канцэнтравацца хутчэй на дапамозе польскай нацыянальнай меншасьці ва Ўкраіне й Беларусі. Мы таксама будзем працягваць дзейнічаць у кірунку дэмакратызацыі і стабілізацыі нашых усходніх суседзяў, але для гэтага ў нас будзе недастаткова інструмэнтаў. Я лічу, што польскія палітычную эліту трэба яшчэ пераканаць у тым, што мы маем культурную спадчыну і вялікія эканамічныя магчымасьці ва Ўкраіне і Беларусі.

Нягледзячы на зьмену рыторыкі, стасункі зь Беларусьсю і Украінай ня зьменяцца – супакойвае Лукаш Ясіна. Пра тое, што Польшча будзе працягваць падтрымліваць праэўрапейскія сілы як ва Ўкраіне, так і ў Беларусі, сьведчыць нядаўнія прызначэньні амбасадараў у Кіеў і Менск – зазначае экспэрт.

Л. Ясіна: Неэкстрэмальныя асяродзьдзі па-ранейшаму пераважаюць. Польская палітыка будзе крыху зьмененая, аднак, па вялікім рахунку, яна будзе працягам той палітыкі, якая праводзілася пры папярэднім урадзе і ў першы год кіраваньня цяперашняга. Рыторыка крыху зьменіцца, але прэзыдэнт Дуда будзе весьці дакладна тую самую палітыку, якую праводзілі яго папярэднікі. Прызначэньне амбасадараў у Менск і Кіеў паказвае, што новая палітыка будзе кампраміснай.

Дапамога СМІ і недзяржаўных арганізацыям у Беларусі ня спыніцца – пераконвае польскі публіцыст. Будзе працягнутая палітыка двух шляхоў – гэта значыць дыялёг з уладамі пры адначасовай падтрымцы грамадзянскай супольнасьці. «ФРГ у 1980-х удавалася адначасова дамаўляцца з Ярузэльскім і падтрымліваць «Салідарнасьць». Польшча можа рабіць дакладна тое самае» – падкрэсьліў Лукаш Ясіна.

/

Аляксандар Папко

tags:
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт