Logo Polskiego Radia
Print

Папа Францішак зьдзівіў усіх словамі й паводзінамі

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 28.07.2016 11:34
Замест звычайнага прывітаньня ў сваёй прамове ён паставіў дыягназ праблем сучаснага сьвету й Польшчы.
PAP/Leszek Szymański

Gazeta Wyborcza: Папа Францішак прыбыў у Польшчу й адразу ўсіх зьдзівіў. Замест звычайнага прывітаньня ў сваёй прамове ён паставіў дыягназ праблем сучаснага сьвету й Польшчы, моцна крытыкуючы людзей за нежаданьне прымаць уцекачоў. Яшчэ ў самалёце Францішак казаў: «Сьвет страціў мір. Самым адпаведным словам, каб апісаць тое, што адбываецца ў сьвеце, гэта слова «вайна». Давайце ня будзем баяцца казаць праўду, што сьвет знаходзіцца ў стане вайны». Ён падкрэсьліў, што не гаворыць пра рэлігійную вайну, паколькі «гэта іншыя хочуць, каб гэта была рэлігійная вайна».

«Я ўпершыню наведваю Цэнтральна-Ўсходнюю Эўропу. Я рады, што пачынаю з Польшчы, сынам якой быў Ян Павал ІІ, заснавальнік СДМ. Ён любіў казаць пра Эўропу, што яна дыхае двума лёгкімі».

Вельмі моцным і адназначным быў фрагмэнт пра патрэбу прыманьня людзей, якія ўцякаюць ад вайны й голаду, пра салідарнасьць з асобамі, якіх пазбавілі асноўных правоў, у гэтым бясьпечнага рэлігійнага жыцьця. Папа казаў таксама пра абарону жыцьця ад зачацьця да натуральнай сьмерці. Ён зазначыў, што задача Касьцёла й грамадзтва – быць з усімі ў цяжкой сытуацыі, каб да дзяцей ніколі ня ставіліся як да цяжару, але як да дару.

Папа рымскі зьдзівіў ня толькі сваімі словамі на прывітаньне, але таксама сваімі паводзінамі. Францішак заўсёды імкнецца да непасрэднага кантакту з вернікамі й ня хоча ад іх адгароджвацца. Прыехаўшы ў Кракаў, ён таксама гэтага не хацеў, што вельмі непакоіла яго ахову. У аэрапорце пантыфік ня сеў у браніраваную машыну, але ў звычайны фольксваген гольф, што вельмі кідалася ў вочы ў параўнаньні да лімузынаў, якімі ехалі прадстаўнікі дзяржаўнай і касьцельнай уладаў.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт