Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы зьявіліся шанцы легалізаваць марыхуану

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 18.08.2016 15:08
Дэпутаты памянялі падыход да канопляў дзякуючы хвораму на рак мозгу палітыку.
pixabay.com/Public Domain CC0

Тамаш Каліта, былы прэс-сакратар Саюзу левых дэмакратычных сіл, спачатку ў сацыяльных сетках, а затым па тэлебачаньні расказаў пра сваю барацьбу са злаякаснай пухлінай мозгу, якую ў яго выкрылі напрыканцы траўня.

37-гадовы палітык выступіў з выразнымі шнарамі на галаве пасьля апэрацыі мозгу. Цяпер у яго цяжкасьці з руханьнем левай нагой і рукой. Каліта расказаў, што хацеў бы легальна лячыцца з дапамогай алею з марыхуаны, які ў Польшчы забаронены. Тым ня менш, многія хворыя, насуперак законам, выкарыстоўваюць гэты прэпарат.

- Пра супрацьпухлінавае дзеяньне алею з марыхуаны піша нават амэрыканскі Нацыянальны інстытут рака. Аднак пасьпяховасьць алею пацьвердзілася толькі ў лябараторных умовах і на жывёлах. У выпадку чалавека дзеяньне канчаткова не пацьверджана, – кажа доктар паліятыўнага лячэньня Ежы Ярош з варшаўскага анкалягічнага хоспісу сьвятога Кшыштафа. З дапамогай канопнага алею лекар у Мадрыдзе давёў да кароткачасовага зьмяншэньня пухліны мозгу. Аднак для мэдыцынскіх колаў гэтага мала, каб алей з марыхуаны прызнаваць лякарствам.

- Аднак у хворых няма часу чакаць на адназначныя доказы, а ў нас няма права забараніць ім скарыстаць гэтым шанцам, – кажа доктар Яраш.

Хворыя на ўласную руку купляюць канопны алей у дылераў і за мяжой, і лечацца самі.

У Польшчы лячэньне мэдычнай марыхуанай дазваляецца толькі ў рамках гэтак званага мэтанакіраванага імпарту. Каноплі легальна можна імпартаваць зь Нідэрляндаў, аднак працэдуры вельмі складаныя і хворыя гэтай магчымасьцю не карыстаюцца.

Дыскусія аб легалізацыі мэдычнай марыхуаны ў Польшчы цягнецца гадамі. Законапраект прапаў у Сэйме, але цяпер, пасьля заявы хворага палітыка, пра неабходнасьць зьмены законаў загаварылі ўсе партыі.

Gazeta Wyborcza/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт