Logo Polskiego Radia
Print

«Кітай ня стане вайсковым саюзьнікам Беларусі»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 22.08.2016 22:53
  • Кітай ня стане вайсковым саюзьнікам Беларусі.mp3
Лукашэнка хоча надаць супрацоўніцтву з Кітаем ваенную афарбоўку, аднак Пэкін ня можа стаць процівагай Расеі – палітоляг А. Елісееў.
Рэактыўная сыстэма залпавага агню "Палянэз". Фота: ont.byРэактыўная сыстэма залпавага агню "Палянэз". Фота: ont.byont.by

«Нядаўні запуск беларускага спадарожніка з кітайскага касмадрома Січан і стварэньне сучасных абаронных сыстэмаў вывелі на новую вышыню нашае тэхналягічнае партнэрства», – заявіў Аляксандар Лукашэнка падчас нядаўняй сустрэчы з сябрам Палітбюро Кампартыі Кітаю Мэнам Цьзяньджу. Таксама кіраўнік Беларусі заявіў, што ў верасьні ён наведае Пэкін. Які патэнцыял мае супрацоўніцтва з Кітаем у сфэры высокіх тэхналёгіяў? Чаму з цяжкасьцю прасоўваюцца беларуска-кітайскія праекты, пачатыя раней? Ці можа Паднябесная стаць важным вайсковым саюзьнікам Беларусі? Адказы на гэтыя пытаньні нам дае экспэрт дасьледчай арганізацыі EAST-Center палітоляг Андрэй Елісееў.

/


Аляксандар Лукашэнка заявіў, што беларуска-кітайскія адносіны выходзяць на новы ўзровень, дзякуючы «тэхналягічнаму партнэрству». У чым яно заключаецца?

Андрэй Елісееў: Беларускі ўрад любіць жангляваць прыгожымі фармулёўкамі, гаворачы кожны раз пра вывядзеньне адносінаў на новы ўзровень. Цяпер такой прыгожай формулай становіцца «тэхналягічнае партнэрства». Найбольш удалым прыкладам такога супрацоўніцтва зьяўляецца распрацоўка рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Палянэз». Аднак трэба разумець, што супрацоўніцтва ў галіне тэхналёгіяў прыносіць прыбытак толькі ў доўгатэрміновай пэрспэктыве й не вырашае пільных праблемаў Беларусі, не дае таго, чаго беларускі ўрад чакае ў першую чаргу. А чакае ён прыходу кітайскіх інвэстыцыяў, павелічэньня экспарту беларускіх прамысловых тавараў у Кітай, прыцягненьня кітайскіх кампаніяў у індустрыяльны парк і хутчэйшага разьвіцьця транзытнага шляху паміж Кітаем і Эўропай. Паколькі ў гэтых чатырох прыярытэтных сфэрах прагрэс вельмі малы, даводзіцца шукаць прыемнасьцяў у тэхналягічнай сфэры.

А ў чым прычына таго, што такія праекты, як выпуск аўтамабіляў «Джылі», беларускі адрэзак «Новага Шаўковага шляху» з Кітаю ў Заходнюю Эўропу, індустрыяльны парк «Вялікі камень» не разьвіваюцца хуткімі тэмпамі?

Андрэй Елісееў: Такія праекты, як індустрыяльны парк, могуць прыносіць прыбытак, але ў доўгатэрміновай пэрспэктыве. Беларускі жа ўрад чакаў хуткіх бонусаў. Беларускі бок спадзяваўся, што інвэстыцыі будзе нарошчваць Кітай, а Кітай, у сваю чаргу, пераклаў задачу па пошуку інвэстыцыяў і рэзыдэнтаў для парку на Беларусь. З гэтай задачай Беларусь пакуль не спраўляецца. Абсалютна бачна, што ў кароткай і сярэдняй пэрспэктыве беларуска-кітайскі індустрыяльны парк ня стане пасьпяховым праектам.

Што датычыцца «Новага Шаўковага шляху», то пэўны прагрэс тут ёсьць. Месяц таму першы цягнік з аўтамабілямі зь Нямеччыны адправіўся ў Кітай празь Беларусь, Расею і Казахстан. Аднак гэты транзытны шлях пакуль не зьяўляецца прыярытэтным для Кітаю. Ён імкнецца максымальна дывэрсыфікаваць гандлёвыя шляхі ў Эўропу. Беларусь жа чакае, што Кітай пракладзе чыгунку да марскога порту ў Пакістане й дасьць Менску выхад на пакістанскі рынак. Беларускі ўрад малюе маштабныя пляны павелічэньня гандлю з Пакістанам да 1 мільярда даляраў у год. Але гэта справа доўгага часу.

Якія беларуска-кітайскія праекты маюць пэрспэктыву? Ці ў стане Кітай, дзякуючы сваім інвэстыцыям, выцягнуць беларускую эканоміку з крызысу?

Андрэй Елісееў: Кітай прынцыпова не ўкладае ў Беларусь прамых інвэстыцыяў. Гэта было відавочна яшчэ пяць гадоў таму, калі Пэкін высылаў дэлегацыі бізнэсмэнаў у Беларусь. Яны наведалі многія рэгіёны й прыйшлі да высновы, што, па вялікім рахунку, ня бачаць цікавых для сябе сэктараў для інвэставаньня. Лічба кітайскіх прамых інвэстыцыяў застаецца сьмешнай. Флягманскім праектам застаецца беларуска-кітайскі індустрыяльны парк. Ён мае пэрспэктыву, аднак пачне разьвівацца тады, калі ў Беларусі будуць больш лібэральныя палітычныя й эканамічныя інстытуты, на іншым узроўні будзе мэнэджмэнт.

Пакуль жа мы маем толькі невялікія пасьпяховыя праекты – такія, як інвэстыцыі кітайскага вытворцы бытавой тэхнікі Midea. Пасьпяховымі можна назваць некаторыя зьвязаныя крэдыты, якія Кітай выдаў на разьвіцьцё інфраструктуры. Аднак гэта не прамыя інвэстыцыі. Акрамя таго, у гэтай сфэры ёсьць і правальныя праекты, калі прадпрыемствы бяруць зьвязаны кітайскі крэдыт, а пасьля з-за няўдалага бізнэс-пляну ідуць у мінус. Напрыклад, так адбылося зь беларускімі цэмэнтнымі заводамі. На жаль, «мінусавыя» праекты са зьвязанымі крэдытамі шмат у чым «абнуляюць» пасьпяховыя.

Ці можа Кітай стаць важным фактарам вааеннай бясьпекі Беларусі, стаць супрацьвагай вайсковай залежнасьці ад Расеі?

Андрэй Елісееў: Лукашэнка спрабуе разбудоўваць адносіны з Кітаем і ў ваенна-палітычнай сфэры, аднак Кітай – гэта ня тая краіна, якая будзе разьвіваць двухбаковае стратэгічнае ваеннае партнэрства зь Беларусьсю. Гэта супярэчыць прынцыпам кітайскай зьнешняй палітыкі. У адрозьненьне ад ЗША, якія абапіраюцца на сваіх стратэгічных саюзьнікаў розных частках сьвету, Кітай не вылучае ў ніводнай частцы сьвету стратэгічных вайсковых партнэраў. Немагчыма сабе ўявіць, каб Кітай падпісаў зь Беларусьсю трывалае вайсковае пагадненьне аб узаемнай дапамозе ці разьмясьціў у Беларусі сваю вайсковую базу. А без такіх дамоваў разьлічваць на тое, што Кітай можа стаць важным фактарам у абароне незалежнасьці Беларусі, не выпадае.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт