Logo Polskiego Radia
Print

Замежныя турысты змогуць бязь віз наведаць Горадню!

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 24.08.2016 15:43
  • Замежныя турысты змогуць бязь віз наведаць Горадню!.mp3
Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб бязьвізавым руху ў раёне Аўгустоўскага каналу.
Езуіцкі сабор у ГорадніЕзуіцкі сабор у Горадніwikimedia commons/Jurasikt/CC BY 3.0

Замежныя турысты змогуць бязь візаў наведаць Аўгустоўскі канал, праехаць з Польшчы празь Беларусь у Летуву, а самае галоўнае – наведаць каралеўскі горад Горадню! Такія магчымасьці адчыняе ўказ нумар 318 «Аб устанаўленьні бязьвізавага парадку ўезду й выезду замежных грамадзянаў», падпісаны кіраўніком Беларусі 23 жніўня. Улады Гарадзенскай вобласьці й польскія турфірмы спадзяюцца прыцягнуць у рэгіён значную колькасьць замежных турыстаў.

Указ, падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у аўторак, дазваляе замежным турыстам да пяці дзён знаходзіцца на тэрыторыі парку «Аўгустоўскі канал» бязь візаў – паведамляе афіцыйнае інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА.

Бязьвізавы рух будзе ажыцьцяўляцца праз два пункты пропуску на мяжы з Польшчай («Лясная»-«Рудаўка» й «Брузгі»-«Кузніца Беластоцкая»), а таксама праз два пункты пропуску на мяжы зь Летувой («Прывалка»-«Швяндубрэ» ды «Прывалка»-«Райгардас»).

Міжнародны
Міжнародны пункт пропуску «Лясная»-«Рудаўка» на Аўгустоўскім канале. Фота: belarus.by

У зону бязьвізавага руху ўвойдуць тэрыторыя Аўгустоўскага каналу, пяці прылеглых да яго сельскіх саветаў, а самае галоўнае – тэрыторыя ўсёй Горадні, кажа намесьніца старшыні Ўпраўленьня спорту і турызму Гарадзенскага аблвыканкама Тацьцяна Лідзяева.

Т. Лідзяева: Указ адчыняе для бязьвізавага ўезду тэрыторыю Турыстычна-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал», а таксама прылеглыя да яго тэрыторыі. Гэта ўся тэрыторыя Горадні, а таксама тэрыторыя Госкага, Капцёўскага, Адэльскага, Падлабенскага й Сапоцкінскага сельскіх саветаў Гарадзенскага раёну.

Як улады Гарадзенскай вобласьці, так і кіраўніцтва Турыстычна-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал» цешыцца тым, што ў зону бязьвізавага руху патрапіла Горадня. Гэта дазволіць прыцягнуць у рэгіён турыстаў з Польшчы й Летувы, якія цікавяцца нашай агульнай гісторыяй – зазначае намесьнік кіраўніка адміністрацыі Свабоднай эканамічнай зоны «Горадняінвэст» Дзьмітры Клімянок.

Д. Клімянок: Самае галоўнае – у бязьвізавую зону ўваходзіць Горадня! Гэта музэі, гэта нашая супольная гісторыя.

Аднак бязьвізавы рух пачне дзейнічаць не адразу. Савет міністраў Беларусі павінен распрацаваць пастанову па рэалізацыі ўказу. Адкрыцьцё руху – гэта справа некалькіх бліжэйшых месяцаў, мяркуе Тацьцяна Лідзяева. Паколькі падрыхтоўка да ўвядзеньня бязьвізавага руху на Аўгустоўскім канале зойме некаторы час, то масавага прытоку замежных гасьцей улады Гарадзенскай вобласьці чакаюць толькі ў новым турыстычным сэзоне.

Цяпер жа гарадзенская абласная адміністрацыя распрацоўвае рэклямную кампанію з мэтай прыцягнуць у рэгіён турыстаў.

Т. Лідзяева: Мы пачалі думаць над тым, як разрэклямаваць гэтую акцыю. Польшча – гэта наш самы галоўны рынак і партнэр. Мы абавязкова зробім рэклямныя туры – і ня толькі для журналістаў, але й для турапэратараў. Мы будзем рэклямаваць рэгіён на міжнародных турыстычных выставах, форумах і сэмінарах.

Рашэньне беларускіх уладаў дасьць замежным турыстам ня толькі магчымасьць наведаць Горадню, але й праплыць на байдарках ці праехаць на роварах у Летуву – кажа Тацьцяна Лідзяева.

Т. Лідзяева: Гэты ўказ адчыняе міжнародныя маршруты. Цяпер можна будзе па Аўгустоўскім канале праплыць да Горадні, праплыць у Летуву. Аўгустоўскі канал цікавы перадусім як зона актыўнага адпачынку. Гэта і байдаркі, і ровары. Мы цяпер актыўна распрацоўваем роварныя маршруты ўздоўж Аўгустоўскага каналу. Зразумела, кожны наведвальнік каналу будзе мець магчымасьць наведаць Горадню.

Аўгустоўскі
Аўгустоўскі канал. Фота: belarus.by


Навіну пра аднабаковую адмену візаў вельмі пазытыўна сустрэлі польскія турапэратары. Адмена візаў на адным толькі канале можа з лёгкасьцю прыцягнуць у Беларусь некалькі дзесяткаў тысячаў турыстаў ў год, кажа Дарыюш Зызала – дырэктар турыстычнай фірмы Szot з польскага Аўгустава.

Д. Зызала: Гэта вельмі добрая навіна. Мы шмат разоў прапанавалі ажывіць Аўгусоўскі канал, зрабіць так, каб туды прыяжджала больш людзей. Па польскім баку каналу адна толькі нашая фірма арганізоўвае байдарачныя падарожжы для 4-5 тысячаў людзей штогод. Можна сабе ўявіць, які гэта рух, калі такіх фірмаў, як нашая – больш за дзесятак.

Пры правільным падыходзе Гарадзеншчына можа стаць цікавым і папулярным накірункам ня толькі для турыстаў з Польшчы ці Летувы, але й для гасьцей з Заходняй Эўропы – мяркуе Дарыюш Зызыла.

Д. Зызала: Напэўна польскіх турыстаў зацікавіць музэй Аўгустоўскага каналу, які адчыніўся ў Дамброўцы. Па-другое, гэта прыгожая і адноўленая Горадня. Калі будуць прыяжджаць турысты, то зьявіцца й сэрвіс. Трэба будзе арганізаваць турыстычныя аўтобусы з праваднікамі, якія будуць размаўляць па-польску, па-ангельску, па-нямецку і па-француску. Цяпер вельмі хутка разьвіваецца ўнутрыэўрапейскі турызм. Людзі нашмат менш езьдзяць у краіны Паўночнай Афрыкі, дзе стала небясьпечна. Большасьць эўрапейскіх турыстаў застаецца на кантынэнце, і ў Польшчы мы назіраем вялікі прыток гасьцей зь іншых эўрапейскіх краінаў.

Як зрабіць Аўгустоўскі канал і Горадню папулярным турыстычным накірункам? Турысты едуць у тыя месцы, інфармацыя пра якія ёсьць на сайтах турфірмаў і ў іх каталёгах – кажа Дарыюш Зызала. Калі гарадзенскія музэі, праграмы філярмоніі, цікавыя экскурсіі будуць уключаныя ў каталёгі турыстычных фірмаў – яны стануць візытнымі карткамі Беларусі.

Д. Зызала: Для таго, каб распрацаваць пасьпяховую рэклямную кампанію, на маю думку, губэрнатар Гарадзеншчыны альбо кіраўнік гораду павінен сустрэцца з фірмамі, якія арганізуюць туры ў Беларусь. Трэба зрабіць так, каб інфармацыя пра цікавыя месцы й экскурсіі была апублікаваная на сайтах гэтых турыстычных фірмаў і ў іх каталёгах.

Прыгадаем, што бязьвізавы рэжым ужо больш за год дзейнічае для замежных турыстаў, якія хочуць наведаць Белавескую пушчу. Каб патрапіць на беларускі бок запаведніку, іншаземцу дастаткова за 2-3 дні да плянаванай паездкі зьвярнуцца ў турфірму й купіць білет. За гэты час турапэратар афармляе спэцыяльны дазвол на ўезд.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт