Logo Polskiego Radia
Print

У Беларусі адраджаецца ўнікальнае мастацтва - выцінанка (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 31.08.2016 14:18
  • У Беларусі адраджаецца ўнікальнае мастацтва - выцінанка.mp3
Пра карані й будучыню народнага майстэрства выразаньня ўзораў з паперы расказвае мастачка Вольга Бабурына.
Вольга Бабурына: "Сярод квітнеючых садоў"Вольга Бабурына: "Сярод квітнеючых садоў"

Выцінанка – народнае мастацтва выразаньня ажурных ўзораў з паперы – перажывае ў Беларусі новы росквіт. Выявы дрэваў жыцьця, казачных зьвяроў і птушак адрадзіліся ў выглядзе графіці, элементаў дызайна інтэр'ераў і вопраткі. Калі ўзьнікла беларуская выцінанка? Чым яна адрозьніваецца ад украінскай ці польскай? Як правільна «прачытаць» выцінанку і дзе ёй навучыцца? Пра гэта нам расказвае мастачка Вольга Бабурына. Яна прадставіла беларускае традыцыйнае мастацтва на фэстывалі культураў Warsaw Street Party, які нядаўна прайшоў у польскай сталіцы.

Спадарыня Вольга, раскажыце нам, калі ласка, што такое выцінанка, калі і дзеля чаго яе рабілі.

Вольга
Вольга Бабурына на фэстывалі культураў Warsaw Street Party 2016

Вольга Бабурына: Росквіт выцінанкі прыпадае на першую палову мінулага стагодзьдзя й на пасьляваенныя часы. А ўвогуле першыя згадкі пра мастацтва выразаньня з паперы сустракаюцца ў часы Вялікага Княства Літоўскага. А цяпер выцінанка ў Беларусі перажывае ўсплёск актыўнасьці. Усё больш людзей ёй цікавіцца, спрабуе ёй займацца. Таксама ўзьнікаюць новыя формы й спосабы прымяненьня выцінанкі.

Я бачу, вашымі майстар-клясамі вельмі цікавяцца дзеці. Чаму? Можа, таму, што выцінанка – рэч настолькі лёгкая, што ёй можа займацца нават дзіця?

Вольга Бабурына: Мае майстар-класы арганізаваныя так, што іх можа прайсьці нават дзіцё. Але насамрэч, калі нават дарослы паспрабуе павыцінаць – ён зразумее, што гэта не так проста. Толькі на першы погляд можа падацца, што гэта паперка, нажніцы – і ўсё. Думаю, вам варта самому паспрабаваць – і вы ўбачыце, як яно насамрэч.

А чым беларуская выцінанка адрозьніваецца ад украінскай ці польскай?

Вольга Бабурына: Беларуская выцінанка мае некалькі прынцыпаў. Першы – гэта прынцып шматразовага складваньня. Кажучы проста, каб выразаць выяву, трэба шмат разоў складваць паперу. Другі прынцып – простая форма адтулінаў. У беларускай выцінанцы выразаюцца простыя дзірачкі. Ва ўкраінскай выцінанцы, напрыклад, выразаюцца вельмі складаныя адтулінкі. Украінская і польская выцінанкі часта нагадваюць аплікацыю. У іх выразаюцца і накладваюцца адзін на адзін узоры з паперы рознага колеру. Для беларускай выцінанкі гэта абсалютна не характэрна. Уся выцінанка – будзь яна дзесяць на дзесяць сантымэтраў ці мэтар на мэтар – будзе трымацца адным лістом. Трэці прынцып – манахромнасьць. У Беларусі не выкарыстоўвалі многа колераў – зноў-такі таму, што не склейвалі паперак.

Беларуская выцінанка вельмі моцна пераклікаецца зь іншымі відамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: кавальствам, разьбой па дрэве, маляванкай, керамікай, вышыўкай. Даўней народнае мастацтва было непадзельнай цэласьцю. Паколькі выцінанка – гэта частка народнага мастацтва, у ёй прысутны вельмі моцны сымбалізм, які мы можам убачыць, напрыклад, у вышыўцы, у ткацтве. Ведаючы сымболіку беларускага арнамэнту, кожную выцінанку можна прычытаць як тэкст.

Вольга
Вольга Бабурына: "Закаханыя"


На вашых працах можна ўбачыць птушак, выявы дрэваў. Што яны азначаюць? Які тэкс крыецца за імі?

Вольга Бабурына: Птушкі, павернутыя адна да адной носікамі – гэта сымбаль узаемапаразуменьня, шчасьця, каханьня. У залежнасьці ад таго, як яны павернутыя, тлумачэньні могуць быць розныя. Выява дрэва – гэта дрэва жыцьця. Яно сымбалізуе росквіт, яно сымбалізуе чалавека, яно сымбалізуе сусьвет. Гэта самы ўлюбёны матыў сярод усіх майстроў выцінанкі. Мая нядаўняя калекцыя выяваў вялікіх князёў літоўскіх і каралёў Рэчы Паспалітай была таксама зробленая па матывах дрэва жыцьця.

Цяпер выцінанкі робяць з матэрыялаў, якіх сто гадоў таму проста не было. Выцінанка стала элемэнтам сучаснай культуры. Хто цяпер выкарыстоўвае матывы выцінанкі і зь якой мэтай?

Вольга Бабурына: Канешне, у тым выглядзе, у якім выцінанка існавала раней, яна б не знайшла сабе месца ў сучаснай культуры. Для таго, каб яна захавалася, захавалася яе стылістыка, яе тэхнічныя прыёмы, нацыянальныя асаблівасьці беларускай выцінанкі, яе трэба было трансфармаваць. Я ў сваіх творчых працах выкарыстоўваю толькі тыя матэрыялы, якія характэрны для традыцыйнай беларускай выцінанкі – гэта значыць паперу. Я не раблю са штучных матэрыялаў, аднак паперу. Але паперу я выкарыстоўваю любую, якая на сёньняшні дзень існуе. Я лічу, што калі б мая бабуля ў 50-я гады мела такую паперу, яна б зь яе выцінала. У сваёй бабулі я бачыла выцінанкі з розных відаў паперы, якія існавалі на той час.

Цяпер выцінанка стала больш мастацкім творам, чым побытавай рэччу. Сёньня выцінанка трансфармуецца ў іншыя віды мастацтва. Мне вельмі прыемна, што па матывах маіх выцінанак у Беларусі ўжо ствараюць вялікія графіці. Мне вельмі прыемна, што заняткі па выцінанцы можна выкладваць на YouTube. Гэта была мая ідэя. Мне вельмі прыемна, што цяпер можна ўбачыць прынты з выцінанкай на вопратцы. Выцінанка трансфармуецца і уліваецца ў сучаснае жыцьцё. У Беларусі яна знаходзіць водгук. І гэта вельмі добра.

/


А дзе ў Інтэрнэце можна ўбачыць майстар-клясы па тым, як рабіць выцінанку? Ці можна ўбачыць каталёг выцінанак, купіць вашую працу?

Вольга Бабурына: На YouTube ёсьць мой, пакуль невялікі, канал VOLHA PALUNISA. Там можна паглядзець, як я раблю працы, можна паспрабаваць зрабіць выцінанку самім, можна спампаваць лякалы. Ёсьць кніга «Мая выцінанка» напісаная мной у сааўтарстве з маёй сяброўкай і калегай Натальляй Сухой. Кніга больш, чым на палову складаецца з лякалаў, распрацаваных у стылістыцы традыцыйнай беларускай выцінанкі.

Размаўляў Аляксандар Папко

У матэрыяле прадстаўленыя здымкі выцінанак Вольгі Бабурынай, якія мастачка прадэманстравала на фэстывалі культураў Warsaw Street Party. Музыка: Testamentum Terrae - "Полька".

Вольга
Вольга Бабурына: "Залатыя птушкі"

Вольга
Вольга Бабурына: "Каханы й каханая"


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт