Logo Polskiego Radia
Print

На ровары па Налібоках

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 25.09.2016 15:30
  • Налібокі.MP3
Міжнародныя роварныя маршруты, якія пранізваюць сваёй сеткай усю Эўропу, паступова дабіраюцца і да Беларусі.
pixabay.com

Цяпер сустракаць гасьцей на новым узроўні гатовая Налібоцкая пушча. Дзякуючы намаганьням Менскага роварнага таварыства, пушча можа прапанаваць турыстычныя маршруты як для дасьведчаных раварыстаў, так і для тых, хто ўпершыню сядае на ровар.

На ровары па Налібоцкай пушчы – такі адпачынак становіцца ўсё больш папулярным сярод беларусаў і замежных гасьцей. Налібоцкі турыстычны маршрут “Валожынскія гасьцінцы” ляжыць на міжнародным роварным шляху Эўравела-2. Аб тым, што ўяўляе сабой гэтая траса, расказвае старшыня праўленьня Менскага роварнага таварыства Павал Гарбуноў.

Павал Гарбуноў: Роварны маршрут Эўравела-2 пачынаецца ў Ірляндыі, потым ідзе праз Англію, праз Галяндыю, Бэльгію, Нямеччыну, ідзе праз Польшчу і прыходзіць у Беларусь. Потым ён яшчэ пойдзе ў Расею. І кожная краіна адказвае за распрацоўку свайго кавалка. Эўравела-2 супадае з адным колам аднаго “Валожынскага гасьцінца”, але хутчэй “гасьцінцы” даюць дадатковую магчымасьць тым раварыстам, якія едуць праз усю Эўропу, больш павандраваць па Валожынскім краі, больш дадаткова і глыбока.

Што можна пабачыць на роварных трасах у Налібоках?

Павал Гарбуноў: У нас на “Валожынскіх гасьцінцах” цяпер дзесяць маршрутаў. Самы маленькі – 20 км, самы вялікі – 150 км. І Эўравела-2 сёлета мы распрацоўваем ад Менску да Наваградка: Менск-Заслаўе-Ракаў-Налібоцкая пушча-Любча-Наваградак. Сама Налібоцкая пушча – адносна ўнікальная рэч. Калі яе перасякаць з поўначы на поўдзень – гэта больш за 30 км добрага, як мы кажам, роварнага хайвэя. Гэта магчымасьць 30 км падыхаць сьвежым паветрам без аўтамабіляў. І нават пабачыць жывёл – я на свае вочы бачыў лася. Вакол пушчы ёсьць Дзесятнікі, Багданава, Вішнева, сам Валожын, сам Івянец, палац Тышкевічаў – гэта тыя мясьціны, якія тыя ж беларусы мусяць ведаць.

Што ўяўляюць сабой маршруты з практычнага пункту гледжаньня?

Павал Гарбуноў: Па-першае, у нас зроблены сайт, на якім можна паглядзець больш дакладна як ехаць, спампаваць трэк гэтых маршрутаў. На тры маршруты мы зрабілі тэкставую турыстычную інфармацыю, каб чалавек змог сам прыехаць і сам сабе зрабіць экскурсію. І зараз мы завяршаем падрыхтоўку аўдыёвэрсіі. Пракладваючы маршрут мы арыентуемся, па-першае, на бясьпеку, каб дарога была з нізкім трафікам. Па-другое, каб маршрут меў нейкі сэнс і быў цікавы. У людзей звычайна шмат пытаньняў. А што будзе, калі зламаецца ровар? Як даехаць? А ці здолею я праехаць 50 км у дзень? А я не хачу ночыць у намёце. І як раз роварныя маршруты дапамагаюць праехаць з большым камфортам.

Наколькі важнае міжнароднае супрацоўніцва пры пракладцы такіх маршрутаў?

Павал Гарбуноў: У нас ёсьць стасункі з польскай арганізацыяй, якая распрацоўвае гэты роварны маршурт. Зараз мы ўзгаднілі ўсе патэнцыйныя кропкі па пераходах. Адна з іх – гэта Белавеская пушча, дзе зроблены пагранічны роварны пераход. Але таксама роварная арганізацыя Берасьця зараз дамагаецца таго, каб прынамсі адзін пешаходны пераход з Польшчы ў Беларусь быў даступны раварыстам. Таму ёсьць неабходнасьць сумеснай працы і з берасьцейскімі раварыстамі, і з польскімі ўладамі.

Валанцёры Менскага роварнага таварыства ня толькі пракладваюць маршрут праз Налібокі, але і спрабуюць падцягнуць мясцовы агратурыстычны бізнэс. Аграсядзібы ўжо гатовыя прымаць раварыстаў, яны могуць прапанаваць паслугі па перавозцы і пракаце ровараў, а таксама прапанаваць неабходныя роварныя інструмэнты. Аднак, як заўважае гаспадар адной з аграсядзіб Алесь Белы, наплыву роварных турыстаў ён пакуль не адчувае. Суразмоўца зазначае, што колькасьць платных паслугаў калі і ўзрасла, то вельмі неістотна. Беларусы, якія выбіраюцца на прыроду на роварах, аддаюць перавагу начлегу ў намётах і рэдка зьвяртаюцца па паслугі аграсядзібаў.

Алесь Белы: Хацелася б, каб было больш кліентаў-раварыстаў. Пакуль што гэта не сувымерна да тых высілкаў, якія былі патрачаныя для таго, каб гэтыя маршруты былі. А высілкі былі і гаспадароў аграсядзібаў, і асабліва валанцёраў Менскага роварнага таварыства.

Затое роварны патэнцыял Налібоцкай пушчы выкарыстоўваюць міжнародныя і мясцовыя арганізацыі. 21 верасьня ў Налібоках прайшоў велапрабег, які арганізавала прадстаўніцтва ААН у Беларусі. Пра яго падрабязнасьці расказвае супрацоўнік па інфармацыі і камунікацыі праграмы разьвіцьця ААН у Рэспубліцы Беларусь Аляксей Краснадарскі.

Аляксей Краснадарскі: Гэта велапрабег у падтрымку мэтаў устойлівага разьвіцьця, каторы пройдзе на тэрыторыі нацыянальнага заказьніка “Налібоцкі”. Сама акцыя накіраваная на тое, каб паказаць уклад і патэнцыял Рэспублікі Беларусь у рэалізацыю мэтаў устойлівага разьвіцьця, што былі прынятыя летась у Нью-Ёрку. У акцыі плянуецца ўдзел каля чатырохсот чалавек. Маршрут уключае ў сябе велапрабег і паездку на каноэ.

З надыходам восені папулярнасьць роварнага адпачынку падае. Але праца валанцёраў над новымі маршрутамі не спыняецца. Якасьць роварнага адпачынку ў Беларусі варта праверыць самому, сеўшы на ровар і накіраваўшыся ў Налібокі.

Алеся Птушка

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт