Logo Polskiego Radia
Print

Спэцыялісты дакладна назвалі месца запуску ракеты з БУКа

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 29.09.2016 15:41
Малайзійскі Боінг зьбіў ракетны комплекс, прывезены з Расеі, а пасьля адвезеная назад.
Fot. arch. PAP/EPA/Igor Kovalenko

Міжнародная сьледчая група агучыла вынікі расьсьледаваньня па справе зьбіцьця 17 ліпеня 2014 году над усходняй Украінай пасажырскага самалёта. Самалёт ляцеў з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур. Загінулі 298 чалавек, бальшыня - грамадзяне Нідэрляндаў.

Міжнародная група (Joint Investigation team JIT) вызначыла, што расейскі зэнітна- ракетны комплекс БУК быў прывезены з Расеі на «белым трэйлеры Volvo», а расейска-ўкраінскую мяжу ён «перасёк разам з групай расейскіх сэпаратыстаў». Канвой даехаў да мясцовасьці Сьнежнае, дзе БУК зьнялі з плятформы і далей ён перамяшчаўся сваім ходам. Спыніўся блізу Першамайска й запусьціў адну ракету, якая й зьбіла малайзійскі самалёт. Пасьля гэтага зэнітна-ракетны комплекс зноў паставілі на плятформу й праз Дэбальцава і Луганск вывезьлі назад у Расею.

Міжнародныя спэцыялісты дакладна назвалі месца, адкуль БУК запусьціў ракету: гэта калгаснае поле ў 6 кілямэтрах на поўдзень ад мясцовасьці Сьнежнае па баку сэпаратыстаў. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, вызначыць месца можна было ў выніку супрацы з амэрыканскімі спэцслужбамі і Эўрапейскім касьмічным агенцтвам.

Расейскі бок назваў вынікі працы Міжнароднай групы «аднабаковымі й палітычна матываванымі». Раней Пуцін патрабаваў, каб група ўзяла пад увагу вынікі сьледзтва расейскага Мінабароны, зь якога вынікала, што блізу малайзійскага самалёта не было ніякага іншага аб’екта. То бок атрымліваецца, што яго ня зьбіла ракета.

«Абсурдна й сьмешна» – сказаў пра расейскія высновы брытанскі журналіст Эліёт Гігінс (Eliot Higgins), заснавальнік міжнароднай групы сьледчых журналістаў Bellingcat, якая раней публікавала вынікі свайго сьледзтва па справе малайзійскага самалёта. Bellingcat нават вызначыла бакавыя нумары БУКа й тое, у якой часьці знаходзіўся на ўзбраеньні.

«Актуальныя дадзеныя падрываюць іх ранейшыя вызначэньні. Спачатку расейцы казалі, што ў 5 кілямэтрах ад Боінга ляцеў украінскі баявы самалёт. Цяпер жа тое, што не было ніякіх аб’ектаў. Расейцы зробяць усё, каб толькі ня браць на сябе адказнасьць за гэтую катастрофу», – сказаў Гігінс.

Rzeczpospolita/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт