Logo Polskiego Radia
Print

З варонкі расейскага крызысу Беларусь выцягне малы й сярэдні бізнэс

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 27.10.2016 19:08
  • З варонкі расейскага крызысу Беларусь выцягне малы й сярэдні бізнэс.mp3
Беларускія ўлады й дасьледчыкі ўсур’ёз задумаліся над тым, як зьменшыць залежнасьць ад расейскага рынку – кажа выкладчык БДУ Сяргей Лукін.
Aliaksandr Papko/radyjo.net

Беларусь ня ўдзельнічае ані ў вайне ў Сірыі, ані ў вайне ва Ўкраіне, ані ў эканамічнай вайне з Захадам. Аднак з-за жорсткай прывязкі да расейскага рынку Беларусь дорага плаціць за канфлікты, якія вядзе Крэмль. Эканамічны крызыс, які пачаўся ў Расеі яшчэ да ўкраінскіх падзеяў, нібыта варонка зацягвае беларускую эканоміку. Менск не спадзяецца на тое, што эканамічны крызыс у Расеі хутка скончыцца. Беларускія ўлады задумаліся, як зьменшыць залежнасьць ад расейскага рынку. Пра гэта на Кангрэсе дасьледчыкаў Беларусі, які прайшоў у Коўна, расказаў выкладчык эканамічнага факультэту БДУ прафэсар Сяргей Лукін. Як Беларусі «адплыць» ад варонкі расейскага крызысу? Думкамі на гэтую тэму эканаміст падзяліўся з Аляксандрам Папко.

Спадар прафэсар, падчас дыскусіі на кангрэсе вы казалі пра тое, што беларускія эканамісты й дзяржаўныя функцыянэры расчароўваюцца вынікамі інтэграцыі з Расеяй. Тэхналягічнае разьвіцьцё з Усходу так і не прыйшло, затое празьмерная залежнасьць ад расейскага рынку зрабіла беларускую эканоміку вельмі ўразьлівай на падзеньне цэнаў на нафту ды палітычныя канфлікты паміж Расеяй і Захадам. Ці думаюць улады пра тое, як зьменшыць залежнасьць ад Расеі?

Сяргей Лукін: Такія дыскусіі вядуцца як урадам, так і акадэмічнай супольнасьцю. Экспэрты думаюць, што нам цяпер рабіць, у ты ліку і ў зьнешнепалітычнай арыентацыі. Мы абмяркоўваем гэта і на навуковых канфэрэнцыях, і ў дзяржаўных структурах, і сярод студэнтаў. Раней пра неабходнасьць зьмяншэньня залежнасьці ад Расеі казалі менш. Цяпер да гэтай праблемы беларускія ўлады праяўляюць вялікую цікавасьць.

Ці маглі б вы спрагназаваць, наколькі зацягнецца крызыс у Расеі? Гэта кароткачасовая зьява, ці ён зацягнецца на доўгія гады?

Сяргей Лукін: На мой погляд, у кароткачасовай пэрспэктыве гэты крызыс ня скончыцца. Што будзе ў доўгатэрміновай пэрспэктыве – залежыць ад таго, што адбудзецца ў Расеі ў 2018 годзе, калі там пройдуць выбары. Шмат залежыць ад таго, ці адбудуцца ў Расеі зьнешнепалітычныя зрухі. Я спадзяюся, што ў Расеі ёсьць сілы, якія думаюць пра будучыню сваёй краіны й пра тое, што без інтэграцыі ў сусьветную супольнасьць пэрспэктываў у Расеі няма.

У сувязі з гэтым, куды беларускім прадпрыемствам экспартаваць свае тавары, куды ехаць рабочай сіле, як Беларусі адыходзіць ад варонкі крызысу, якая пашыраецца ў Расеі?

Сяргей Лукін: Перш за ўсё, трэба разьвіваць нацыянальны бізнэс – на ўсіх узроўнях. Лепш за ўсё, каб вялікія прадпрыемствы вырасталі з айчынных малых і сярэдніх фірмаў. Сёньня трэба прымаць надзвычайныя меры па падтрымцы малога й сярэдняга бізнэсу. Гэты бізнэс сам знойдзе, куды накіраваць свой капітал. Тады й рабочай сіле нікуды ня трэба будзе ехаць. Гэтыя прадпрыемствы будуць аказваць паслугі, выпускаць прадукцыю ў Беларусі, на нашай зямлі.

Вы бачыце выхад з залежнасьці ад Расеі ў разьвіцьці нацыянальнага бізнэсу, які сам знойдзе, на чым і ў супрацоўніцтве зь якімі краінамі яму зарабляць грошы. Аднак бізнэс разьвіваецца на нейкай падставе. На якія сэктары беларускай эканомікі прадпрымальнікі могуць абаперціся, каб разьвіць вытворчасьць? Беларускае ІТ ужо стала брэндам. Што Беларусь мае акрамя інфармацыйных тэхналёгіяў?

Сяргей Лукін: Гэта тыя галіны, дзе ў нас ёсьць навукоўцы і матэрыяльная база. Гэта мікрабіялёгія, лекавая хімія. Сельская гаспадарка – гэта таксама пэрспэктыўная галіна эканомікі. Таксама трэба разьвіваць аўтсорсінгавае супрацоўніцтва з разьвітымі краінамі: Нямеччынай, Злучанымі Штатамі й іншымі. Дарэчы, гэты працэс ужо ідзе. Ў Беларусі ўжо працуе шмат амэрыканскіх кампаніяў. Трэба дазволіць разьвівацца малым фірмам – як у свой час зрабілі палякі. Гэта было эфэктыўна ў свой час, гэта застаецца эфэктыўным сёньня. Трэба пачынаць з малога – у тым ліку з аўтсорсінгавых кампаніяў, якія разаўюцца ў большыя прадпрыемствы.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт