Logo Polskiego Radia
Print

Беларуская мова ў адукацыі: неахвотнае адраджэньне?

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 28.10.2016 13:02
  • Мова 2810.mp3
На пачатку кастрычніка Аляксандар Лукашэнка раскрытыкаваў чыноўнікаў сфэры адукацыі за недахоп беларускамоўнага навучаньня ў школах.
tbm-mova.by

Паводле яго слоў, «з-за аматараў у Міністэрстве адукацыі мы прыйшлі да таго, што вучні маюць шэсьць урокаў ангельскай мовы ў тыдзень, але толькі два беларускай». Такая заява выглядае нечаканасьцю ўлічваючы тое, што Лукашэнка ў значнай ступені адказны за шматгадовую палітыку русыфікацыі Беларусі.

Чаму з 1994 году, калі Аляксандар Лукашэнка стаў прэзыдэнтам краіны, сытуацыя беларускай мовы стала пагаршалася, што прывяло амаль да яе зьнікненьня з сыстэмы адукацыі?

Дырэктар па разьвіцьці Цэнтра Астрагорскага й галоўны рэдактар беларускага інтэрнэт-часопіса «Ідэя» Рыгор Астапеня кажа, што ёсьць некалькі вэрсій.

Р. Астапеня: Ёсьць некалькі вэрсіяў, чаму Аляксандар Лукашэнка так ставіўся да беларускай мовы. Найчасьцей гаворыцца аб тым, што гэта яго каштоўнасьці, што ён ня любіць беларускую мову, паколькі ўспрымае яе як другасную ў параўнаньні з расейскай. Другая вэрсія – Аляксандар Лукашэнка калісьці марыў быць прэзыдэнтам на Крамлі. І для таго, каб туды трапіць, ён выкарыстоўваў рускамоўную ідэалёгію. І трэцые – галоўным канкурэнтам Лукашэнкі быў БНФ, які меў беларуска-цэнтрычную ідэалёгію. Таму Лукашэнка наўмысна пазыцыянаваў сябе інакш.

Усё ж апошнім часам усё часьцей гаворыцца пра «мягкую беларусыфікацыю». Рыгор Астапеня адзначае, што пасьля пачатку канфлікту ва Ўкраіне ўлады зьмянілі падыход да беларускай мовы й сталі пашыраць яе выкарыстаньне ў публічнай прасторы.

Р. Астапеня: Аляксандар Лукашэнка ўпершыню за дзесяцігодзьдзі прамовіў па беларуску. У ліпені 2014 году ў Дзень незалежнасьці. На беларускім тэлебачаньні стала больш людзей, якія размаўляюць па-беларуску. Улады мяняюць свой падыход таксама да культурных дзеячаў. Канцэрты Лявона Вольскага, Brutto адбываюцца. Бачная зьмена ў стаўленьні да мовы.

Чаму наступіла такая зьмена ў падыходзе да роднай мовы?

Р. Астапеня: Па-першае, Аляксандар Лукашэнка наўрад ці быў ажно такім беларусафобам, як мы маглі сабе яго ўяўляць. У сярэдзіне 90-х беларуская мова была для яго палітычнай справай. Цяпер яна ёй не зьяўляецца. Таму ён можа прасоўваць беларускую мову, застаючыся сабой. Ёсьць таксама пэўны ўплыў украінскага канфлікту. Улады пабачылі, што трэба даваць прастору патрыятызму, яднаць розныя групы насельніцтва, каб такім чынам умацоўваць сувэрэнітэт цэлай краіны.

Ці крокі ў «мягкай беларусізацыі» могуць стаць прадвесьнікамі больш сур'ёзных зьмен? Паводле Рыгора Астапені, не.

Р. Астапеня: Я ня веру ў тое, што беларускія ўлады могуць нешта каардынальна зьмяніць у сфэры адукацыі. Гэта будзе вельмі сур'ёзны палітычны крок. Мне здаецца, што сёньня ўлады ня хочуць даць беларускай мове памерці. Яны будуць даваць большыя магчымасьці для разьвіцьця мовы, падтрымліваць культурныя ініцыятывы. Алена Анісім, на маю думку, невыпадкова трапіла ў парлямэнт. Пэўна ёй дадуць магчымасьць прасунуць законапарект аб падтрымцы беларускай мовы. Нейкіх каардынальных зьмен ня будзе, але гэта хоць нешта.

Лідар Беларусі наўрад ці захоча стварыць больш беларускамоўных сярэдніх школаў, але яшчэ адзін урок беларускай мовы ў рускамоўных школах падаецца магчымым. Улады па-ранейшаму неахвотна адраджаюць беларускую мову, але адначасова ня хочуць, каб яна зусім зьнікла – падводзіць вынік у сваім артыкуле дырэктар па разьвіцьці Цэнтра Астрагорскага й галоўны рэдактар беларускага інтэрнэт-часопіса «Ідэя» Рыгор Астапеня.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт