Logo Polskiego Radia
Print

Рэвалюцыйных зьменаў чакаць ня варта, але пазытыў будзе

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 04.01.2017 07:12
  • Рэвалюцыйных зьменаў чакаць ня варта, але пазітыў будзе.mp3
2017 год не падорыць Беларусі эканамічнага росту, але прынясе паляпшэньне стасункаў з суседзямі й працяг "мяккай беларусізацыі" – экспэрт.

Якіх пераменаў варта спадзявацца ў 2017 годзе ў беларускай зьнешняй палітыцы, эканоміцы, грамадзтве? Ці ёсьць падставы думаць, што Беларусь стане больш адкрытай на сьвет і свабоднай краінай? Ці варта спадзявацца паляпшэньня эканамічнай сытуацыі? Якія ідэі й настроі будуць дамінаваць у грамадзкай думцы? Прагнозы на новы год у «Палітычным люстэрку» будуюць Аляксандар Папко ды аналітык Цэнтру Астрагорскага Рыгор Астапеня.

Стасункі з Захадам будуць паляпшацца. З Расеяй таксама?

Тон беларускай зьнешняй палітыцы ў 2016 годзе задавала збліжэньне з Захадам. Паралельна нарастала напружанасьць у стасунках з Расеяй, выкліканае эканамічнымі патрабаваньнямі Менска й нежаданьнем няўхільна трымацца расейскага зьнешнепалітычнаму курсу. Што прынясе год 2017-ы?

Як доўга будзе цягнуцца «мядовы месяц» у стасунках з Эўразьвязам? Ці будуць пачатыя перамовы наконт падпісаньня дамовы аб супрацоўніцтве паміж Беларусьсю й ЭЗ? Ці адбудзецца спрашчэньне візавага рэжыму? Ці прыйдуць заходнія інвэстыцыі? З другога боку, як будуць выглядаць стасункі з Масквой? Ці Крэмль узмоцніць інфармацыйныя атакі й спробы эканамічнага ціску на Менск, альбо адбудзецца вяртаньне да ранейшых, нашмат больш бясхмарных стасункаў?

Рыгор Астапеня: Я думаю, што сёньня не існуе альтэрнатывы для пацяпленьня беларуска-заходніх дачыненьняў. Аднак значны прарываў чакаць ня варта. Дамова аб супрацоўніцтве ці значнае спрашчэньне візавага рэжыму вымагаюць вельмі вялікай працы, якая, акурат, і будзе весьціся. Шмат будзе залежаць ад таго, ці здолее Беларусь запусьціць праграму супрацоўніцтва з МВФ. Калі так, то Эўразьвяз разважыць ідэю фінансава падтрымаць Беларусь. Аднак заходнія інвэстыцыі наўрад ці прыйдуць у Беларусь. Для іх няма ані палітычных, ані эканамічных умоваў. Калі казаць пра стасункі з Расеяй, то варта чакаць пэўнага пацяпленьня, бо пагаршацца ім асабліва няма куды. Сёньня назьбіралася занадта шмат крытычных праблемаў – такіх, як энэргетычная вайна, якая ідзе цэлы год, праблемы ў гандлі, функцыянаваньне Эўразійскага эканамічнага зьвязу. Краіны будуць шукаць нейкга рашэньня. Калі яны яго знойдуць – то гэта й будзе пэўнае пацяпленьне.

«Адкручваць гайкі» улада ня будзе – бо Захад не патрабуе

Асноўнай тэндэнцыяй 2016 году ва ўнутранай палітыцы стала зьмякчэньне рэпрэсіяў супраць прыхільнікаў незалежнасьці Беларусі і разьвіцьця беларускай культуры. Замест таго, каб саджаць апанэнтаў за краты, улады каралі іх штрафамі. Каб спадабацца Захаду, Менск нават увёў двух апазыцыянэраў у парлямэнт. Ці ўлады стануць больш адкрытымі да дыялёгу з грамадзтвам, альбо вернуцца да падаўленьня ўсялякіх праяваў нязгоды й крытыкі?

Рыгор Астапеня: Я думаю, не адбудзецца ані першага, ані другога. Улады ўжо стварылі пэўны рэзэрвуар, які яны лічаць дастатковым для функцыянаваньня апазыцыі і грамадзкіх арганізацыяў. А паколькі ў 2017 годзе ня будзе палітычных кампаніяў, то й Захад ня будзе ціснуць, каб гэтую прастору для грамадзтва ў Беларусі нейкім чынам пашыраць. Калі спрабаваць рабіць здагадкі наконт таго, дзе б улады маглі «адкруціць гайкі», то гэта магло б быць увядзеньне мараторыю на сьмяротнае пакараньне. І нават у гэтым выпадку ўлады маглі б зрабіць саступку Захаду, а не беларускай незалежнай супольнасьці.

У эканоміцы будуць рабіць усё, але вынік будзе нулявы...

У эканоміцы ў 2016 годзе назіраўся застой. Палепшыць эканамічную сытуацыю ўлады вырашылі не разьняволеньнем прадпрымальніцкай ініцыятывы, а закручваньнем гаек. Па краіне прайшлі пасадкі топ-мэнэджэраў дзяржаўных прадпрыемстваў і буйных бізнэсоўцаў. Ці ўратуе такая тактыка беларускую эканоміку? Ці новы год стане годам эканамічнай стабільнасьці, росту, альбо новага крызысу? Ці адбудуцца структурныя рэформы, пра неабходнасьць якіх кажуць экспэрты?

Рыгор Астапеня: Калі казаць шчыра, то я ня думаю, што на сьвеце існуе нешта, што можа вывесьці беларускую эканоміку з рэцэсіі ў новым годзе. Нават калі ўлады атрымаюць крэдыт МВФ, нават калі яны пачнуць праводзіць рэформы, то гэта ня здолее хутка разьвярнуць нэгатыўны трэнд, якія дамінуе ў беларускай эканоміцы. Здаецца, ва ўладаў увогуле няма цэласнага пляну наконт таго, што трэба рабіць. Таму будуць рабіць ледзьве ня ўсё: і пасадкі, і падобныя да рэформаў крокі. Варта дадаць, што ўсё гэта будуць рабіць ведамствы, якія часта не ўзгадняюць сваю палітыку паміж сабой, а робяць тое, што яны лічаць патрэбным, каб даказаць, што яны маюць права на дзяржаўнае фінансаваньне.

Прыхільнікаў дэмакратыі больш ня стане, далучэньня да Расеі – таксама

Нягледзячы на тое, што ў 2016 годзе эканамічнае становішча беларусаў пагаршалася, росту пратэстных настрояў не адбылося. На фоне ўсеагульнай пасіўнасьці, аднак, вылучаўся трэнд, празваны «мяккай беларусізацыяй». Ці мода на беларускую культуру, якая назіралася ў 2016-м, працягнецца? Як адрэагуюць людзі на пагаршэньне жыцьця насельніцтва? Ці стануць яны прыхільнікамі рынкавых рэформаў і дэмакратыі, эўрапейскага выбару? Альбо наадварот, зьбядненьне насельніцтва прывядзе да тугі па «жорсткай руцэ», і пачнуць гучаць патрабаваньні далучыць Беларусь да Расеі?

Рыгор Астапеня: Мне падаецца, што большасьць людзей бачаць у крызысе не падставу для пераасэнсаваньня сваіх поглядаў, а пошук аргумэнтаў для меркаваньняў, якія ўжо ўкараніліся ў сьвядомасьці. Той хто верыў у дэмакратыю і рынак, будуць у іх верыць, а той, хто тужыў па «моцнай руцэ» надалей будзе па ёй тужыць. Я б у гэтым кантэксьце не баяўся Расеі, бо яна сама будзе працягваць бяднець. Зразумела, у Беларусі ёсьць адсотак людзей, якія хацелі б быць бліжэй да Расеі, альбо ўвайсьці ў склад Расеі. Але ўсё ж-такі, для большасьці беларускага грамадзтва Расея не зьяўляецца ідэалам. Калі казаць пра цікавасьць да беларускай культуры, то тут будзе назірацца пэўны рост – і беларускія ўлады, і актыўная меншасьць у гэтым гэтага хочуць. Хоць канешне, нічога рэвалюцыйнага чакаць ня варта.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт