Logo Polskiego Radia
Print

Эўгеніюш Квяткоўскі - чалавек, які пабудаваў Гдыню (ФОТА+ВІДЭА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 07.01.2017 23:01
  • maszyna.mp3
У міжваенны час Гдыня была адзіным гандлёвым портам Польшчы.
Эўгеніюш Квяткоўскі другі зьлева, 1937 год Эўгеніюш Квяткоўскі другі зьлева, 1937 год Muzeum Narodowe w Warszawie

Два тыдні таму ў гістарычнай рубрыцы мы пазнаёмілі з постацьцю Ўладзіслава Грабскага – польскага палітыка й эканаміста міжваеннага пэрыяду. Сёньня – чарговая пэрсона таго часу. Гэта Эўгеніюш Квяткоўскі (Eugeniusz Kwiatkowski) – палітык, эканаміст і прамысловец, ініцыятар будаўніцтва Гдыні – адзінага гандлёвага порту міжваеннай Польшчы.

Эўгеніюш Квяткоўскі нарадзіўся 30 сьнежня ў 1888 годзе ў Кракаве. Атрымаў добрую сярэднюю й вышэйшую адукацыю, у прыватнасьці, вучыўся ў Мюнхэне й Львове. Да Першай сусьветнай вайны ўключыўся ў працу грамадзкіх арганізацый, які дзейнічалі на карысьць незалежнасьці Польшчы. Нагадаем, у той час Польшчы не існавала, а яе тэрыторыя была падзеленая паміж трох дзяржаў: Расеяй, Прусіяй і Аўстра-Вугоршчынай. Як родны Кракаў, так і Львоў, дзе Квяткоўскі вучыўся, былі ў складзе Аўстра-Вугоршчыны.

Што тычыцца Гдыні, то яшчэ да Першай сусьветнай вайны польскія інжынэры думалі пра тое, каб там пабудаваць порт і горад. У той час Гдыня была звычайнай соннай рыбацкай вёскай.

(на відэа - будаўніцтва Гдыні)

Пасьля таго, як у лістападзе 1918 года Польшча стала незалежнай краінай, Эўгеніюш Квяткоўскі актыўна ўключыўся ў працу на карысьць радзімы. З 1926 да 1930 гадоў ён займаў пасаду віцэ-прэм’ера, міністра прамысловасьці й гандлю, з 1935-га да 1939-га года быў міністрам дзяржаўнай маёмасьці.

Эўгеніюш
Эўгеніюш Квяткоўскі (у цэнтры) ў Гдыні, 1937 год/Narodowe Archiwum Cyfrowe

У 1920 годзе на моцы Вэрсальскага пагадненьня Польшча атрымала невялікі кавалак узьбярэжжа Балтыкі (140 км), але без ані якай інфраструктуры. Таму ўрад у Варшаве прыняў рашэньне з нуля пабудаваць горад і порт, які стаў бы «акном» у сьвет для маладой дзяржавы. І гэтая задача была ўскладзеная на Эўгеніюша Квяткоўскага. Нягледзячы на тое, што краіна была зьнішчаная вайной, былі кінутыя вялікія фінансавыя сродкі на разьвіцьцё гораду. І так, калі ў 1921 годзе ў Гдыні пражывала 1268 жыхароў, то ў 1926 – 12 тыс. чалавек, а ў 1939 – 127 тыс.

Марскі
Марскі вакзал Гдыні, 1938 год/commons.wikimedia.org/Public Domain

Акрамя таго, Эўгеніюш Квяткоўскі прасоўваў іншыя эканамічныя праекты, для прыкладу, пад яго кіраўніцтвам была створаная Цэнтральная прамысловая акруга, якая мела сканцэнтраваць у адным рэгіёне польскую прамысловасьць на грамадзянскія й мілітарныя патрэбы. Праект пачаў рэалізавацца, але ў давядзеньні яго да канца перашкодзіў пачатак Другой сусьветнай вайны. Калі гітлераўцы пачалі наступаць на Польшчу з захаду, а Савецкі Саюз – з усходу, Квяткоўскі разам з урадам краіны пакінуў тэрыторыю рэспублікі.

У Польшчу вярнуўся пасьля вайны. З 1945 па 1948 год быў упаўнаважаным ураду Польшчы па пытаньнях разьвіцьця ўзьбярэжжа Балтыкі. У 1948 годзе быў адпраўлены ў адстаўку. Пераехаў у Кракаў, дзе заняўся навуковай дзейнасьцю ў галіне хіміі, эканомікі й гісторыі. Памёр у Кракаве ў 1974 годзе.

Эўгеніюш
Эўгеніюш Квяткоўскі ў Гдыні ў якасьці ўпаўнаважанага прадстаўніка ўраду Польшчы, 1947 год/Polska Agencja Prasowa

Многія гісторыкі лічаць Эўгеніюша Квяткоўскага знакавай постацьцю ня толькі міжваеннага пэрыяду, але і ўвогуле цэлай гісторыі Польшчы.

Валеры Саўко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт