Logo Polskiego Radia
Print

Польскі прэзыдэнт назваў прыярытэты замежнай палітыкі

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 11.01.2017 14:47
  • Польскі прэзыдэнт назваў прыярытэты замежнай палітыкі.mp3
Сярод іх бясьпека і будова міжнародных сувязяў, а таксама моцная пазыцыя Польшчы ў сьвеце.
PAP/Jacek Turczyk

Бясьпека і будова міжнародных сувязяў, а таксама моцная пазыцыя Польшчы ў сьвеце – вакол гэтых плянаў будзе засяроджвацца актыўнасьць прэзыдэнта ў галіне замежнай палітыкі ў бягучым годзе. Анджэй Дуда будзе пра гэта гаварыць у часе навагодняй сустрэчы з дыпляматычным корпусам у Прэзыдэнцкім палацы.

Міністар канцылярыі прэзыдэнта Кшыштаф Шчэрскі сярод галоўных мэтаў замежнай палітыкі пералічвае рэалізацыю рашэньняў, прынятых варшаўскім самітам NATO, чалецтва Польшчы ў Радзе бясьпекі ААН і ўзмацненьне рэгіянальнай супрацы.

У размове з Польскім радыё Кшыштаф Шчэрскі зазначыў, што прэзыдэнт будзе ўдзельнічаць у сёлетнім саміце NATO ў Брусэлі. Падчас яго адбудзецца сустрэча лідараў альянсу з новым прэзыдэнтам ЗША.

Як казаў міністар, Анджэй Дуда разьлічвае, што ў бліжэйшым часе пройдзе сустрэча з Дональдам Трампам. Такую мэту таксама ставіць польская дыпляматыя.

К. Шчэрскі: Праз некалькі дзён прэзыдэнт Трамп займае сваю пасаду, сфармуе сваю адміністрацыю. І тут вельмі важным будзе, каб польская дыпляматыя паказала сваю эфэктыўнасьць. Прэзыдэнт вельмі моцна разьлічвае на дыпляматыю і МЗС, што яны хутка і эфэктыўна створаць рабочыя кантакты паміж Польшчай і ЗША ў новай адміністрацыі. Каб як мага хутчэй адбылася паўнавартасная, а не тэлефонная як да гэтага часу, размова прэзыдэнтаў абедзьвюх краін.

Актыўнасьць прэзыдэнта будзе засяроджаная таксама вакол блізкай супрацы ў рамках Вышаградзкай групы і канцэпцыі рэгіёну Трох мораў, які аб’ядноўвае дзяржавы Балтыйскага, Адрыятычнага і Чорнага мораў. У палове году ў Польшчы адбудзецца другі саміт лідараў краін, зацікаўленых ініцыятывай.

Кшыштаф Шчэрскі паінфармаваў, што Анджэй Дуда падчас перамоваў з лідарамі іншых краін будзе закранаць пытаньне будучыні Эўропы, якую ў гэтым часе чакае сэрыя выбараў.

К. Шчэрскі: У гэтым годзе таксама будзе гадавіна Рымскага дагавору. Таму сёлета дыскусія пра будучыню Эўропы будзе выкліканая натуральным чынам. Гэта будзе дыскусія пра далейшую будучыню Эўропы, а ня толькі пра актуальныя праблемы. Размовы стануць магчымымі, калі ў Эўропе стабілізуецца палітычнае лідарства. Прэзыдэнт разьлічвае, што пасьля стабілізацыі сытуацыі, пасьля выбараў Францыя распачне рэалізоўваць свае абавязкі гаспадара саміту Ваймарскага трохкутніка. Мы чакаем, што Ваймарскі трохкутнік вернецца да нармальнай працы.

Прэзыдэнт будзе актыўна падтрымліваць польскую кандыдатура на часовага чальца Рады бясьпекі ААН у 2018-2019 гадах. Рашэньне ў гэтай справе будзе прынятае ў палове году – нагадвае міністар Шчэрскі.

К. Шчэрскі: Прэзыдэнт распачаў гэтую кампанію ў Прэзыдэнцкім палацы разам з міністрам замежных спраў Вітальдам Вашчыкоўскім. Анджэй Дуда з самага пачатку вельмі актыўны ў гэтым пытаньні. Ён прадстаўляе Польшчу ў ААН, высылае лісты да эўрапейскіх лідараў. Нядаўна ён напісаў да францускамоўных краін, цяпер да афрыканскіх краін. Трэба спадзявацца, што ў гэтым годзе будзе прынятае станоўчае рашэньне. Аднак нават калі сёньня яно здаецца вельмі блізкім, то і так нас чакае вельмі сур’ёзная праца.

Кшыштаф Шчэрскі кажа, што ў пошуках эканамічных партнэраў прэзыдэнт будзе наведваць рэгіёны, дзе дагэтуль Польшча не прысутнічала. Напрыклад, сёлета плянуецца першы ў гісторыі візыт польскага прэзыдэнта ў Мэксыку. Анджэй Дуда таксама атрымаў запрашэньне ад прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева ў Астану, дзе пройдзе Сусьветная выстава EXPO 2017.

У лютым прэзыдэнт будзе ўдзельнічаць у канфэрэнцыі на тэму бясьпекі ў Мюнхэне. У сакавіку Анджэй Дуда наведае Славэнію. На наступным тыдні ён накіруецца ў Ізраіль і Палестыну.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт