Logo Polskiego Radia
Print

У 2017 годзе цэны й даляр ў Беларусі расьці амаль ня будуць

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 11.01.2017 18:20
  • У 2017 годзе цэны й даляр ў Беларусі расьці амаль ня будуць.mp3
Аднак доўгачаканая фінансавая стабілізацыя мае й нэгатыўныя бакі...
Photo: pixabay.com

Інфляцыя ў Беларусі 2016 годзе аказалася ніжэйшая за заплянаваныя паказчыкі – такую прыемную навіну паведаміў у аўторак Белстат. Цяпер яна складае менш за 12%, а ўжо ў пачатку гэтага году павінна ўпасьці да 9%. У новым годзе цэны й курс нацыянальнай валюты будуць стабільнымі. Аднак зваротным бокам фінансавай стабілізацыі будзе стагнацыя эканомікі – прадказваюць эканамісты. Прычыны й вынікі фінансавай стабілізацыі нашым слухачам тлумачаць эканамісты Яраслаў Раманчук і Леанід Злотнікаў.

У 2016 годзе цэны ў Беларусі павысіліся на 11,8% пры прагнозе ў 12%. Нацыянальны банк заявіў, што ў 2017 годзе інфляцыя ўпадзе да “адназначнай велічыні”. У Беларусі сапраўды наступае фінансавая стабілізацыя, хоць нават інфляцыя ў 9% вельмі высокая – тлумачаць эканамісты. Бясьпечным лічыцца павышэньне цэнаў на 1-4% у год.

Зьніжэньне інфляцыі наступіла дзякуючы жорсткай манэтарнай палітыцы, якую праводзіць Нацбанк на чале з Паўлам Калаурам – кажа эканаміст Яраслаў Раманчук. Беларускія ўлады перастаюць фінансаваць дзяржаўныя прадпрыемствы, друкуючы пустыя грошы. Урад на траціну скараціў аб’ём ільготных крэдытаў. Грашовая маса ў Беларусі таксама перастала расьці – так што цэны, хутчэй за ўсё, застануцца стабільнымі, мяркуе Яраслаў Раманчук.

Яраслаў Раманчук: Такога зьніжэньня тэмпаў прыросту шырокай грашовай масы ў гісторыі Беларусі ў ХХІ стагодзьдзі не было. Таксама на зьніжэньне паказчыкаў інфляцыі паўплывала тое, што ў Беларусі цэны на пэўныя тавары па-ранейшаму рэгулюе дзяржава. Таму зьніжэньне інфляцыі – гэта у вялікай ступені вынік палітычнага рашэньня, а не ўмоваў, якія існуюць на свабодным рынку.

Дэфіцыт зьнешняга гандлю Беларусі застаецца ўмеркаваным. Таму з 2017-м наўрад ці моцна ўпадзе й курс беларускага рубля – прадказвае эканаміст.

Аднак фінансавая стабілізацыя ў Беларусі можа аказацца кароткатэрміновай, не выключае Яраслаў Раманчук. Дзяржаўныя прадпрыемствы знаходзяцца ў вельмі цяжкім стане, заробкі скарачаюцца, таму невядома, ці не уключыць урад “друкарскі станок” – папярэджвае экспэрт.

Яраслаў Раманчук: Усё залежыць ад таго, якая група возьме верх: альбо гэта будзе Павел Калаўр з яго калегамі з ураду, альбо агрэсіўныя чырвоныя дырэктары й так званыя “крепкие хозяйственники”, якія не маюць ідэяў для разьвіцьця сваіх прадпрыемстваў, акрамя выцягваньня грошай з дзяржаўнага бюджэту.

Інфляцыя ў 2017 годзе сапраўды будзе нізкай – прагназуе эканаміст Леанід Злотнікаў. Аднак гэта не значыць, што ў новым годзе беларуская эканоміка пачне расьці. Будзе назірацца эта стабілізацыя на нізкім узроўні жыцьця – тлумачыць экспэрт.

Леанід Злотнікаў: Сапраўды, можна дамагчыся падзеньня інфляцыі да адназначнага ўзроўню. Аднак гэта ня значыць, што эканоміка пачне разьвівацца. Яна можа ўпасьці яшчэ больш. Даходы насельніцтва могуць не расьці, а яшчэ больш упасьці. З новага году павысілася аплата за мабільныя паслугі. Таксама вырасла аплаты за паслугі мабільнай сувязі. На насельніцтва будуць перагружацца выдаткі прадпрыемстваў і дзяржавы. Стабілізацыя можа быць як на могілках: усё спакойна, але жыцьця няма.

Узровень жыцьця беларусаў у бліжэйшы час яшчэ крыху панізіцца – прагназуе Леанід Злотнікаў. Эканоміка краіны знаходзіцца ў глыбокім крызысе, прычына якога – ў састарэласьці тэхналёгіяў, эканамічнай сыстэме, якая не стварае матывацыі для росту, а таксама празьмернай прывязанасьці да асноўнага расейскага рынку.

Каб з выйсьці з глыбокага сыстэмнага крызысу Беларусі патрэбна разьняволіць ўмовы для вядзеньне бізнэсу, правесьці прыватызацыю ды адкрыць эканоміку для міжнароднай канкурэнцыі.

“Ад гэтага яшчэ ніхто не сыходзіў. Трэба ўключыць мэханізмы самарэгуляваньня свабоднай эканомікі й разьняволіць энэргію мільёнаў людзей”, – падкрэсьлівае Леанід Злотнікаў. Вельмі прыкра, што беларусы зарабляюць мала – заяўляе эканаміст. Аднак у выпадку рынкавых рэформаў гэта можа адыграць і пазытыўную ролю.

“Калі ў Беларусь прыйдзе замежны капітал, ён будзе мець большую выгаду, чым у Кітаі, дзе сярэднія зарокі ўжо вышэй чым у Беларусі”, – зазначыў Леанід Злотнікаў.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт