Logo Polskiego Radia
Print

Перамовы ў Астане: Крэмль хоча выйсьці з сырыйскай вайны

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 23.01.2017 15:52
  • Перамовы ў Астане.mp3
«З расейскага боку дамінуе памкненьне да разьмену Сырыі на вырашэньне іншых пытаньняў».
Foto:IGOR KOVALENKO/PAP/EPA.

У сталіцы Казахстана пачаліся перамовы па ўрэгуляваньні канфлікту ў Сырыі. У размовах бяруць удзел прадстаўнікі сямі дэлегацый. Аднак да кампрамісу паміж імі вельмі далёка, а ў посьпех перамоў сумняваецца частка экспэртаў. Некаторыя сьцьвярджаюць, што гэта спроба Масквы пакрысе адыйсьці ад сырыйскага канфлікту.

У Астану на мірныя перамовы па Сырыі прыбылі прадстаўнікі сямі дэлегацыяў: ураду ў Дамаску, сырыйскай апазыцыі, Расеі, Турэччыны, Ірану, ААН і ЗША. Да апошняга моманту перамовы былі пад знакам пытаньня. Як паведаміў намесьнік міністра замежных спраў Казахстана Раман Васіленка, бакі доўга не пагаджаліся на фармат сустрэчы. Больш падрабязна распавядае карэспандэнт Польскага радыё Мацей Ястжэмбскі.

Мацей Ястжэмбскі: Паводле словаў казахстанскага віцэ-міністра замежных спраў, у Астану прыехалі дэлегацыі адразу некалькіх апазыцыйных груп ды прадстаўнікі арміі Башара аль-Асада. Апазыцыя ня мае адзінага прадстаўніка, кожная група прадстаўляе толькі сябе. Апазыцыя мае адзінства толькі ў справе вызваленьня палонных, якіх трымаюць у палоне ўрадавыя сілы, і прадстаўленьне гуманітарнай дапамогі цывільнаму насельніцтве ў раёнах, ахопленых вайной. Гарантамі дасягнутых дамоўленасьцяў будуць Расея, Турэччына ды Іран. Іх дэлегацыі ўжо тыдзень знаходзяцца ў Астане. У казахстанскую сталіцу прыбылі таксама прадстаўнікі ААН да ЗША.

Складанасьці перамоўнага працэсу прызнала й Масква, якая была разам са Стамбулам адным зь ініцыятараў перамоўнага працэсу. Прысутны ў Астане прадстаўнік Крамля Аляксандар Лаўрэньцеў заявіў, што ня проста было сабраць разам усе бакі сырыйскага канфлікту.

Аляксандар Лаўрэньцеў: Мы не шукаем простага вырашэньня доўгачасовага канфлікта – такіх проста не існуе. Мы спрабуем прывесьці да збліжэньне пазыцый удзельнікаў сырыйскага канфлікту, то бок урада ды ўзброенай апазыцыі.

На пачатку перамоў прадстаўнікі апазыцыя заявілі, што тэмай перамоў будзе спыненьне агню, а не перамір’е ды ўрэгуляваньне палітычнага крызысу. Таксама апазыцыя заявілі, што разьлічвае на наўпроставыя перамовы з прадстаўнікамі ўраду. Размовы будуць доўжыцца да заўтра, гарантамі выпрацаваных дамоўленасьцяў, калі яны будуць, стануць Расея, Турэччына ды Іран.

Менавіта гэта й можа прывесьці да таго, што міру ня будзе, а вайна працягнецца. Кожны з гарантаў мае свае адрозныя й часта супярэчныя інтарэсы. Гаворыць палітоляг ды ўсходазнаўца з Цэнтру Астрагорскага Сяргей Богдан.

Сяргей Богдан: Паміж Расеяй ды Іранам ёсьць вялізарныя разыходжаньні. Яны тычацца бачаньня таго, што яны хочуць зрабіць, і што робяць. З расейскага боку дамінуе памкненьне да разьмену Сырыі на вырашэньне іншых пытаньняў. Масква хацела б мець для сябе кавалачак Сырыі, а рэшту разьмяніць ды больш не ўкладвацца. І такім прыгожым чынам яго завяршыць. У Іране сытуацыя больш складаная. Лібэральныя групоўкі хацелі б не заставацца ў Сырыі, а дамовіцца пра далейшае збліжэньне з Захадам. Аднак Сырыяй у Іране займаюцца пераважна сілавікі. Яны хацелі б працэс збліжэньня кантраляваць і прыпыняць, калі трэба. Яны хочуць утрымліваць іранскую ўцягнутасьць у Сырыі.

Экспэрт зазначае, што перамовамі ў Астане Расея хацелі б скараціць сваю ўцягнутасьць у сырыйскі канфлікт. Сам канфлікт хутчэй за ўсё будзе працягвацца. Магчыма, удзельнікам перамоў давядзецца ня раз яшчэ сустракацца ў Астане. Усьлед за Астаной-1 могуць быць Астана-2 і гэтак далей. Паводле падобнага сцэнару разьвіваліся перамовы ў Менску на тэму канфлікту ва Ўкраіне.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт