Logo Polskiego Radia
Print

Ці мае Беларусь шанец у новай нафтавай вайне з Расеяй?

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 25.01.2017 13:54
  • Ці мае Беларусь шанец у новай нафтавай вайне з Расеяй.mp3
2016 год пакінуў Беларусі сур’ёзную эканамічную праблему ‒ нявырашаны канфлікт з Расеяй па пастаўках энэрганосьбітаў.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

На пачатку студзеня расейская газэта «Коммерсант» паведаміла, што, паводле яе крыніц, Масква скароціць пастаўкі нафты ў Беларусь з 4,5 да 4 млн тон у першым квартале 2017 года. Такім чынам Расея спрабуе прымусіць Беларусь аплаціць газавы доўг у памеры $425 млн.

Ці мае Беларусь шанец у новай нафтавай вайне з Расеяй? Пра гэта мы размаўляем з каардынатарам праектаў Цэнтра Астрагорскага ў Беларусі і навуковым супрацоўнікам Інстытута «Палітычная сфэра» Вадзімам Смокам.

Спрэчка пачалася з таго, што Беларусь аспрэчыла цэны на расейскі газ. Цэны на нафту на сусьветных рынках упалі, адпаведна ўпала цана на газ. Натуральна, што Менск хацеў зьмяншэньня цаны, каб яна адпавядала сусьветным – гаворыць Вадзім Смок.

В. Смок: Па-другое, беларускія прадпрыемствы з-за няроўных цэн на газ, ня могуць канкураваць з расейскімі прадпрыемствамі. У сувязі з гэтым Беларусь пачала весьці перамовы, каб зьнізіць цэны на газ, але Расея адмаўлялася. Таму Беларусь вырашыла панізіць іх у аднабаковым парадку і не плаціла цану, якую прапаноўвала Расея. У выніку ў канцы 2016 году гэта прывяло да істотнай запазычанасьці з боку Беларусі – 400 млн даляраў. Перамовы ідуць, але бакі пакуль не прыйшлі да пагадненьня.

Расея на працягу 2016 году пачала зьмяншаць пастаўкі нафты ў Беларусь. Гэта нанесла істотны ўдар па эканоміцы Беларусі, паколькі прыкладна 1/3 экспартнай выручкі Беларусі паходзіла ад экспарту нафтапрадуктаў. Зьмяншэньне паставак зьяўляецца істотным – пара мільёнаў тон кожны квартал, гаворыць экспэрт.

В. Смок: Калі дадаць падзеньне цэн на сыравіну, то гэта прывяло да таго, што заплянаваныя ў бюджэце сумы на 2016 год аказаліся нашмат ніжэйшымі. Напрыклад, у 2012 годзе Беларусь атрымала каля 12 млрд прыбытку ад экспарту нафтапрадуктаў, у 2016 годзе – толькі 6 млрд. Як бачна, гэта вельмі істотная частка бюджэту краіны. На мой погляд, цяпер улады ня ведаюць, як вырашыць гэтае пытаньне.

На погляд нашага суразмоўцы, альтэрнатывы для расейскай нафты няма. Спробы пастаўляць нафту з Вэнэсуэлы і Азэрбайджану паказалі, што Беларусь можа выкарыстоўваць нафту зь іншых краін, але яе крытычна недастаткова. Беларусі патрэбна каля 24 млн тон. Экспарт з альтэрнатыўных крыніц склаў 1,5 млн тон за ўвесь пэрыяд.

В. Смок: Такім чынам альтэрнатывы для Расеі ў нашым рэгіёне няма. Беларусь заўсёды хоча выціснуць з Расеі максымум. Таму Лукашэнка ня будзе саступаць. У яго ёсьць некаторыя козыры ў выглядзе братняй рыторыкі ўдзелу ў расейскіх праектах, такіх як Эўразійскі эканамічны зьвяз. Ён добра навучыўся гуляць у гэтую гульню, гандлявацца, каб атрымаць максымум выгадаў.

Невялікія крыніцы нафты ёсьць і ў Беларусі, аднак гэта кропля ў моры патрэб – падводзіць вынік каардынатарам праектаў Цэнтра Астрагорскага ў Беларусі і навуковым супрацоўнікам Інстытута «Палітычная сфэра» Вадзімам Смокам.

Поўную размову з экспэртам слухайце ў далучаным гукавым файле.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт