Logo Polskiego Radia
Print

Выдавецкія навінкі Польскага інстутуту ў Менску

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 17.02.2017 15:53
  • Выдавецкія навінкі Польскага інстытуту.mp3
Выдавецкая дзейнасьць інстытуту аддае перавагу кнігам і аўтарам, якія ў той ці іншай ступені зьвязаныя зь Беларусьсю.
Стэнд Польскага інстытуту на кніжным кірмашы ў МенскуСтэнд Польскага інстытуту на кніжным кірмашы ў Менскуфота: Польскі інстытут у Менску

Выдавецкая дзейнасьць Польскага інстытуту ў Менску аддае перавагу кнігам і аўтарам, якія ў той ці іншай ступені зьвязаныя зь Беларусьсю. Так было і падчас апошняй выдавецкай прапановы інстытуту – кнігі Флярыяна Чарнышэвіча «Надбярэзінцы». Пра гэта расказаў дырэктар Польскага інстытуту ў Менску Матэвуш Адамскі.

Польскі стэнд на Менскім міжнародным кніжным кірмашы быў падрыхтаваны пасьля чатырохгадовага перапынку. «Гэта важная падзея ў польска-беларускіх стасунках», – гаворыць дырэктар і дадае, што з гэтай нагоды была падрыхтаваная адмысловая прэм’ера – кніга Флярыяна Чарнышэвіча «Надбярэзінцы».

М. Адамскі: Гэта авантурна-мэлядраматычны аповед пра жыцьцё шляхецкіх засьценкаў паміж Беразіной і Дняпром сто гадоў таму. Я лічу, што гэтая кніга важная для беларускага чытача, які ўсё больш і больш пачынае цікавіцца гісторыяй сваёй краіны. У гэтым выпадку мы кажам пра гісторыю жыхароў, якія жылі побач зь беларускім насельніцтвам у шляхецкіх засьценках. Гэта былі апошнія гады такой сацыяльнай зьявы як шляхецкія засьценкі. Іх жыцьцё закончылася разам з бальшавіцкай рэвалюцыяй.

Як расказвае Матэвуш Адамскі, падчас кніжнага кірмашу выйшла пэўная сэнсацыя: аказалася, вядомы амэрыканскі музыка мае беларускія карані.

М. Адамскі: Аказалася, што Стывен Тайлер, вакаліст гурту «Aerosmith», зьяўляецца надбярэзінцам! Брат Флярыяна Чарнышэвіча, аўтара кнігі, зьяўляецца дзедам Стывена Тайлера і прадзедам акторкі Ліф Тайлер. Менавіта такая сэнсацыя паявілася падчас кірмашу. Вельмі цікава даведацца, што ўжо больш чым палова Галівуду мае беларускія ці польска-беларускія карані.

Матэвуш Адамскі расказвае, што ў сваёй выдавецкай дзейнасьці Польскі інстытут аддае перавагу кнігам, якія такім ці іншым спосабам зьвязаныя зь Беларусьсю. Усе кнігі, якія выдаюцца пры падтрымцы Польскага інстытуту, акрамя беларускіх кнігарняў, можна знайсьці ў бібліятэцы Польскага інстытуту ў Менску.

М. Адамскі: Мы запрашаем усіх у Польскі інстытут у Менску. У нас выдатная бібліятэка, у якой знаходзіцца больш за 6 тысяч твораў, у тым ліку аўдыёкнігі. Але перад усім кнігі, выданьне якіх падтрымлівае Польскі інстытут у Менску, можна купіць у беларускіх кнігарнях. Мы супрацоўнічаем з рознымі выдавецтвамі.

На кніжным кірмашы мы таксама прэзэнтавалі беларускі пераклад «Знахара» Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча, ураджэнца Глыбокага. Мы імкнёмся да таго, каб прэзэнтаваць ня толькі клясычную ці гістарычную літаратуру: увазе беларускага чытача мы прапануем таксама сучасную польскую літаратуру, у тым ліку паэзію. На кніжны кірмаш мы падрыхтавалі выданьне зборніка паэзіі сучаснай паэткі Дароты Коман.

Калі казаць пра нашы выдавецкія праекты, то мы стараемся, каб у нашых плянах заўсёды быў нейкі беларускі кантэкст.

Акрамя літаратурнай дзейнасьці Польскі інстытут прапаноўвае шмат цікавага ў іншых галінах культуры. Матэвуш Адамскі расказвае, што неўзабаве ў Менску будзе адзначацца дзень народзін Фрыдэрыка Шапэна. Будзе гэта адбывацца ў нетыповым месцы – у адной з гандлёвых галерэй Менску. На сакавік заплянаваны канцэрт выдатнай джазавай вакалісткі Агі Заран.

Уся інфармацыя пра падзеі - на старонцы Польскага інстытуту.

У далучаным гукавым файле поўная размова з Матэвушам Адамскім.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт