Logo Polskiego Radia
Print

У Беларусі афіцыйна стартуе каталіцкае «Радыё Марыя»

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 18.02.2017 09:12
  • Radio Maryja.mp3
Па-беларуску і з наўпроставым эфірам: «Радыё Марыя» рыхтуецца да паўнавартаснага вяшчаньня ў Беларусі.
www.pixabay.com

Станцыя, тэставая вэрсія якой дзейнічае ўжо ня першы месяц, абвясьціла конкурс на лепшы слоган. Паралельна працягваецца набор валянтэраў – менавіта яны будуць працаваць перад мікрафонам.

Стваральнікі не выключаюць, што першыя якасныя й колькасныя зьмены адбудуцца ў эфіры ўжо на наступным тыдні.

«Радыё Марыя» – каталіцкая радыёсетка, што мае свае прадстаўніцтвы ў сямідзесяці краінах сьвету. Стварыць такую станцыю ў Беларусі намагаліся цягам апошніх некалькі гадоў. Аб тым, на якім этапе знаходзіцца падрыхтоўка да паўнавартаснага вяшчаньня, нашай рэдакцыі паведаміў праграмны дырэктар «Радыё Марыя» у Беларусі айцец Аляксандр Улас.

Айцец А. Улас: Па сутнасьці, мы цяпер знаходзімся ў стадыі тэхнічнай падрыхтоўкі студыі. Студыя падрыхтаваная, зараз завозім тэхніку, уладкоўваем яе, падключаем усю гэтую тэхніку. Маю надзею, што праз тыдзень удасца нам частку тэхнікі непасрэдна запусьціць.

Пакуль што праграмы беларускай рэдакцыі «Радыё Марыя» выходзяць у запісе. Аднак пасьля афіцыйнага запуску слухачы змогуць наўпрост зьвязвацца зь вядучымі эфіру. То бок станцыя будзе цалкам адпавядаць канцэпцыі «жывога радыё» – распавёў наш суразмоўца. Што тычыцца сеткі вяшчаньня, то яна стане больш разнастайнай.

Айцец А. Улас: Адна трэць рэлігійных праграмаў будуць складаць перш за ўсё малітвы. Ужо цяпер ёсьць трансьляцыя сьвятой імшы. Будзе дзьве трансьляцыі: з раніцы і ўвечары. Другую трэць будуць складаць катэхэза, навука адносна веры й сацыяльныя аспэкты нашай веры ў штодзённым жыцьці – звычайныя рэчы, напрыклад, як даглядаць кветкі ў хаце ці кухня на Вялікі Пост, альбо дзіцячыя праграмы пазнавальныя, адукацыйныя. Ну, і застаецца 10 адсоткаў, якія маем надзею запоўніць рэлігійнай музыкай.

У размове з намі айцец Аляксандр Улас крануўся і моўнага пытаньня. Гаварыць «Радыё Марыя» будзе па-беларуску.

Айцец А. Улас: Будзем імкнуцца, каб усё вяшчаньне было па-беларуску. Хаця, добра разумею, што клопаты будуць у сувязі з тым, што валянтэры, якія прыходзяць, якія будуць дзейнічаць, не зусім дакладна валодаюць беларускай мовай. Як беларуская мова будзе выглядаць у эфіры, залежыць ад валянтэраў. Узровень беларускай мовы, маю надзею, будзе ўзрастаць.

На першым этапе пачуць праграмы «Радыё Марыя» слухачы змогуць выключна празь Інтэрнэт-браўзэр ці мабільную аплікацыю. Па непацьверджаных дадзеных, у пэрспэктыве Беларусь зьбіраецца ўкараняць лічбавае вяшчаньне й, верагодна, з часам распаўсюджваць сыгнал станцыя будзе ў тым ліку й з дапамогай новай тэхналёгіі.

Васіль Садоўскі

слухайце гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт