Logo Polskiego Radia
Print

Рай - Беларусь

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 18.02.2017 14:40
Беларусь прапануе замежным інвэстарам 15 гадоў звальненьня з падаходнага падатку, нулявую стаўку ПДВ і добрых працаўнікоў.
Прадстаўнік кампаніі "Атляс" у Гарадзенскай свабоднай эканамічнай зонеПрадстаўнік кампаніі "Атляс" у Гарадзенскай свабоднай эканамічнай зонеphota: radyjo.net

15 гадоў звальненьня з падаходнага падатку, нулявая стаўка ПДВ, танныя працаўнікі і бяспошлінны доступ да 170 млн спажыўцоў. Гэта падатковы рай? – не, гэта Беларусь, чытаем у тыднёвіку "Wprost".

«Хоць у нас 400 кілямэтраў супольнай мяжы і некалькі сотняў гадоў агульнай гісторыі, то пра ўсходняга суседа палякі ня ведаюць амаль нічога. Ведаюць толькі, што там «апошні дыктатар Эўропы» і што лепш туды ня ехаць. А гэта ж поўная бязглузьдзіца», – тлумачыць Генрык Сёдмак (Henryk Siodmok), старшыня «Групы Атляс», якая забясьпечвае 60% рынку ў Беларусі. «Польшча нарэшце стала адкрывацца на Беларусь, бо Беларусь ужо даўно для нас адчынілася. Прэзыдэнты і прэм’ер-міністры Польшчы лёталі ў Кітай і з гонарам аб гэтым інфармавалі, хаця Кітайская Рэспубліка не зьяўляецца дэмакратычнай краінай. А гандлёвы абмен Польшчы з Кітаем амаль такі ж як зь Беларусьсю», – тлумачыць Сёдмак.

Польскі вытворца мэблі VOX, які з 2009 году працуе ў Берасьцейскай эканамічнай зоне, таксама хваліць Беларусь. «У рэспубліках былога СССР па рознаму ставяцца да замежных інвэстараў», – расказвае Робэрт Скробіш. «У Беларусі замежныя, у прыватнасьці заходнія інвэстары, карыстаюцца адмысловай пазыцыяй. Мясцовыя ўлады дапамагаюць», – кажа польскі прадпрымальнік.

«Беларусь сёньня – Кітай Эўропы. Працаўнік каштуе там бадай найменш у Эўропе. Сярэдні заробак у Беларусі каля 700 рублёў (1500 злотых). Гэта менш чым у Македоніі, а на правінцыі яшчэ меней. Няма праблемы з высокакваліфікаванымі працаўнікамі», – падкрэсьлівае Сёдмак. «Я нават ня стаў набіраць мэнэджэраў з Польшчы. Сярод 300 працаўнікоў у мяне толькі двое – гэта палякі. Астатнія – мясцовыя».

У Беларусі працуе больш чым 400 польскіх фірмаў. Канкурэнцыя там намнога меншая, чым у Польшчы і на захадзе Эўропы.

«З-за стэрэатыпаў іншыя ў Беларусь не зьбіраюцца. Гэта памылка. Хто першым прыйдзе ў Беларусь са сваім бізнэсам у сваёй спэцыяльнасьці, хутчэй за ўсё выйграе», – кажа старшыня групы «Atlas» Генрык Сёдмак.

WPROST/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт