Logo Polskiego Radia
Print

Скасаваньне візаў – крок важны, але недастатковы

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 26.02.2017 10:08
  • CZASOPIS.mp3
Як прыцягнуць у Беларусь турыстаў - адна з тэмаў апошняга нумару беластоцкага штомесячніка «Часопіс».
www.radyjo.net

Пачнем ад «моўнага пытаньня», якое на старонках сьвежага нумару беластоцкага штомесячніка «Часопіс» уздымае пісьменьнік, літаратар ды крытык Ян Максімюк. Ён разважае над лёсам гаворкі, якая існуе ў ваколіцах Бельска й Гайнаўкі. Дарэчы, менавіта на ёй напісаны сам матэрыял. Ад больш звыклай літаратурнай беларушчыны гэты дыялект адрозьнівае адсутнасьць дзеканьня, цеканьня, аканьня, а таксама яканьня.

Паводле аўтара, толькі тры з больш чым дваццаці арганізацыяў, што зьвяртаюцца па дафінансаваньне з Варшавы, бяруць пад увагу гэтую адметнасьць мясцовай беларускасьці. Мова ідзе пра Музэй Малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах, Тэатр Чрэво ды ўласна «Часопіс», у якім ад пэўнага часу пачалі зьяўляцца тэксты па-падляску.

Аўтар зьвяртае ўвагу на радыкальную інфармацыйна-тэхналягічную рэвалюцыю, што адбылася пасьля развалу камунізму. У яе выніку значна зьменшыўся ўплыў традыцыйных мэдыяў – газэтаў ды часопісаў, а іх месца імкліва заняў інтэрнэт. Праблему Ян Максімюк бачыць у поўнай адсутнасьці ў рэгіёне так званых «жывых сайтаў», якія б вялі дыялёг з аўдыторыяй, выкарыстоўваючы пры гэтым падляскую гаворку. А з тымі нешматлікімі друкаванымі выданьнямі, што існуюць зараз, беларуская меншасьць на ўсходзе Польшчы застаецца там жа, дзе была чвэрць стагодзьдзя таму – на самым пачатку пабудовы дэмакратыі.

Праз электронную прастору журналісты маглі б пасьпяхова ўплываць на культурную самаідэнтычнасьць будучых пакаленьняў. Калі ў маладога чалавека ня будзе ахвоты размаўляць і чытаць на мове дзядоў з-пад Дубічаў Царкоўных, дык адкуль у ягонага сябра возьмецца жаданьне гаварыць і чытаць на мове продкаў, што паходзяць з-пад Крынак – задаецца пытаньнем Ян Максімюк.

Лягічны працяг моўнай тэмы – матэрыял пад назвай «Сумная рэчаіснасьць», прысьвечаны чарговай сустрэчы з цыклю «Кірыліцай пісанае». Яна адбылася ў Беларускім музэі ў Гайнаўцы. Гэтым разам з вынікамі свайго дасьледаваньня «Двухмоўнасьць – праклён ці багацьце» публіку пазнаёміла доктар гуманітарных навук Вармінска-Мазурскага ўнівэрсытэту (Ольштын) Аліцыя Сегень-Матыевіч.

Аўтарка, якая, дарэчы, таксама паходзіць з Гайнаўкі, скіравала сваю ўвагу на вучняў беларускага ліцэя ды іхніх бацькоў. Высновы аказаліся ня вельмі пазытыўныя. Як высьветлілася, мясцовыя жыхары ва ўзросьце 40-50 гадоў у даволі вялікай ступені апалячаныя. Разам з тым, паводле дасьледчыцы, яны ўсё яшчэ мэнтальна прывязаныя да беларускай мовы ды культуры наогул.

Іначай справы выглядаюць з прадстаўнікамі малодшага пакаленьня. На думку Аліцыі Сегень-Матыевіч, яны ўжо цалкам асыміляваныя. Беларускую гаворку сваіх бацькоў многія зь іх успрымаюць ня іначай як прыкмету сялянскасьці. «Нядобра, што так склалася. Двухмоўнасьць – гэта багацьце, якое трэба шанаваць і перадаваць далей», – адзначыла доктар гуманітарных навук, камэнтуючы вынікі ўласнага дасьледаваньня.

А мы працягваем. Частка матэрыялаў новага нумару грамадзка-культурнага штомесячніка «Часопіс» прысьвечаная разьвіцьцю турызму ў Беларусі. І ў прыватнасьці візавым паслабленьням, якімі могуць скарыстацца грамадзяне 80-ці краінаў сьвету. Зараз яны маюць магчымасьць да 5 дзён знаходзіцца ў Беларусі бязь візы. Але пры ўмове, што прыбудуць праз Нацыянальны аэрапорт «Менск», а таксама будуць мець пры сабе мэдыцынскую страхоўку й ня менш за 46 рублёў на кожны дзень візыту. Рэдакцыя прыводзіць меркаваньні аналітыкаў наконт зьменаў, якія, нагадаем, дзейнічаюць ад 12 лютага.

На думку кіраўніка аднаго зь летувіскіх агенцтваў адпачынку Кірыла Атаманчыка, скасаваньне візаў для кароткатэрміновых паездак – крок важны, але недастатковы. Каб прыцягнуць у краіну тысячы замежных гасьцей, неабходна пазбавіцца ад бюракратыі. Гаворка перш за ўсё пра рэгістрацыю ў міграцыйных цэнтрах для тых, хто прыяжджае больш чым на 5 дзён. Паводле спэцыяліста, Беларусі не хапае таксама інфраструктуры – пачынаць трэба з прыбіральняў ды абʼектаў грамадзкага харчаваньня па-за папулярнымі маршрутамі. Акрамя таго, трэба стварыць цікавы турыстычны брэнд, здольны прывабіць іншаземцаў.

Рашучыя зьмены вітае й рэдактар газэты «Туризм и отдых» Лілія Кобзік. Аднак, на яе думку, у краіне пакуль ня створаная адпаведная атмасфэра для інвэстараў. У якасьці прыкладу аналітык прывяла Аўгустоўскі канал, на польскім баку якога працуюць рэстараны, кафэ, гатэлі ды яхт-клюбы. На беларускай жа тэрыторыі дзейнічае адзін прадуктовы шапік, а ў бок польскай мяжы курсуюць параход ды некалькі лодак, падкрэсьліла Лілія Кобзік.

Агляд падрыхтаваў Васіль Садоўскі

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт