Logo Polskiego Radia
Print

10000 злотых для пэнсіянэраў за два гады дадатковай працы?

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 14.03.2017 15:11
  • грамадзкая 14.3.mp3
Урад шукае магчымасьці адбіць ахвоту ў людзей выхадзіць на пэнсію адразу пасьля дасягненьня пэнсійнага ўзросту.
pixabay.com/CC0 Public Domain

Польскі ўрад рэалізуе свае перадвыбарчыя абяцаньні. Нядаўна было прынятае рашэньне пра паніжэньне пэнсійнага ўзросту, гэта значыць, адмену рэформы, якая павышала ўзрост выхаду на пэнсію. І цяпер палякі зноў атрымаюць права выхадзіць на заслужаны адпачынак у 65 і 60 гадоў (адпаведна мужчыны і жанчыны). Новыя правілы пачнуць дзейнічаць з 1 кастрычніка.

Грамадзян у пераважнай большасьці такія новаўвядзеньні цешаць, зусім інакш глядзяць на справу эканамісты, якія здаўна б’юць трывогу, што праз некалькі дзесяткаў гадоў ня будзе каму працаваць на цэлую армію пэнсіянэраў у Польшчы. Таму ўрад стараецца знайсьці магчымасьці павялічыць даходы ў бюджэт з падаткаў, прадухіліць фінансавую катастрофу. І шукае магчымасьці адбіць ахвоту ў людзей выхадзіць на пэнсію адразу пасьля дасягненьня пэнсійнага ўзросту. Паяўляюцца розныя ідэі, некаторыя застаюцца ў сфэры фантазіі, іншыя інтэнсіўна абмяркоўваюцца. Напрыклад, надоечы польскія СМІ паведамілі пра тое, што міністэрства разьвіцьця прыдумала адмысловы бон для будучых пэнсіянэраў, якія застануцца на сваім працоўным месцы. Яны маглі б атрымаць 10 тыс. злотых аднаразовай прэміі, калі б працавалі два гады даўжэй, чым павінны.
Пакуль што польскія міністры вельмі асьцярожна выказваюцца пра ідэю, якую газэты назвалі ўжо «Праектам 10000+» ( па аналёгіі з праграмай дапамогі на дзяцей 500+). Міністар сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Эльжбета Рафальска адзначыла, што пакуль што няма падрыхтаваных законапраектаў, таму цяжка сказаць, ці ідэя будзе ўведзена ў сілу.

Э. Рафальска: Гэтыя ідэі яшчэ ня маюць формы законапраектаў. Я хацела б ведаць больш дэталяў, каб казаць пра іх падрабязна. Але трэба сказаць, што ўжо цяпер 17% асоб прымае рашэньне застацца на сваім працоўным месцы пасьля дасягненьня пэнсійнага ўзросту, ім не патрэбнае фінансавае заахвочваньне. Пакуль што мы чуем толькі пра такую ідэю, але невядома, ці ёсьць канкрэтныя падлікі, колькі будзе каштаваць такая праграма, якую карысьць яна прынясе бюджэту і г.д. Відаць ужо зьмены ў сьвядомасьці палякаў, якія разумеюць, што чым пазьней яны выйдуць на пэнсію, тым вышэйшая яна будзе, але гэта іх рашэньне – калі перастаць працаваць.

На думку кіраўніка Пастаяннага камітэту Рады міністраў Генрыка Кавальчыка, паніжэньне пэнсійнага ўзросту было адным з прыярытэтаў ураду, паколькі многія людзі, асабліва працуючыя фізычна, проста не маглі б працаваць да 67 году жыцьця. Тым ня менш, можна задумацца, якім чынам заахвоціць людзей працаваць даўжэй, калі такая магчымасьць у іх ёсьць.

У сваю чаргу прадстаўнік міністэрства сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Марцін Зелянецкі адзначае, што цяпер у палякаў паявіўся выбар – яны могуць выйсьці на пэнсію, але могуць застацца на працы, каб іх будучая пэнсія была вышэйшай. Трэба тлумачыць людзям, у чым заключаецца мэханізм залежнасьці памеру пэнсіі ад стажу працы.

М. Зелянецкі: Памер пэнсіі прама прапарцыйна залежыць ад даўжыні працоўнага стажу і ад колькасьці ўнесеных узносаў. Так што можна, канешне, абмяркоўваць самыя розныя магчымасьці падаўжэньня працоўнага стажу палякаў, але самае важнае – адукацыя, тлумачэньне людзям, што чым даўжэй яны працуюць, тым большую пэнсію атрымаюць. Наша рэформа – паніжэньне пэнсійнага ўзросту – прадугледжвае, што людзі самі будуць вырашаць, калі выйсьці на пэнсію. І будуць кіравацца рознымі фактарамі. Адным з важных фактараў будзе памер пэнсіі, паколькі ў кожнага з нас ён будзе іншы ў залежнасьці ад нашай прафэсійнай актыўнасьці і заробкаў.

У Польшчы назіраецца самы нізкі сярод эўрапейскіх краін адсотак працуючых асоб ва ўзросьце 55 і больш гадоў. На рынку працы застаецца менш чым палова людзей у гэтым узросьце. Каафіцыент выкарыстаньня працоўнага патэнцыялу старэйшых людзей у Польшча вельмі нізкі. Ва ўзросьце 65-69 гадоў працуе ўжо менш за 10% усіх працаздольных асоб. Тут краіна пляцецца ў хвасьце рэйтынгу (яна на 30-ым месцы сярод дзяржаў-чальцоў Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця (OECD).

Чым пазьней чалавек выходзіць на пэнсію, тым больш грошай будзе атрымліваць кожны месяц на заслужаным адпачынку. Паводле статыстыкі, цяпер сярэдняя пэнсія складае каля 48% апошняй зарплаты. Эканамісты ацэньваюць, што ў сярэдзіне стагодзьдзя гэта будзе толькі 25-30%. Ужо цяпер польскія пэнсіі адносна невысокія ў параўнаньні з заходнімі краінамі (сярэдняя складае каля 2,1 тыс. злотых – прыкладна 500 даляраў ЗША). У будучыні яны могуць быць нават напалову ніжэйшыя. Бальшыня палякаў разумее, што на пэнсіі ім не ўдасца захаваць высокі ўзровень жыцьця.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт