Logo Polskiego Radia
Print

Аргентынскі юрыст будзе змагацца за абломкі польскага Ту-154М

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 20.03.2017 15:52
Польшча шукае саюзьнікаў, каб атрымаць назад абломкі разьбітай пад Смаленскам машыны.
wikimedia commons/see OTRS ticket for details. - Praca własna/CC BY-SA 2.5

Польскі ўрад наняў былога галоўнага пракурора Міжнароднага крымінальнага суду Луіса Марэна-Акампа (Luis Moreno-Ocampo), каб дамoгся выдачы Расеяй абломкаў разьбітага пад Смаленскам прэзыдэнцкага Ту-154М, паведамляе выданьне „Dziennik Gazeta Prawna”.

„У мяне папрасілі, каб у рамках міжнароднага права й майго вопыту ў вырашэньні міжнародных канфліктаў прыняць удзел у працэсе па справе вяртаньня абломкаў польскага самалёта з Расеі” , - сказаў аргентынец.

Ён дадаў, што дапамогі прасіў у яго міністар нацыянальнай абароны Антоні Мацярэвіч (Antoni Macierewicz). Адпаведны кантракт па гэтай справе быў заключаны на мінулым тыдні. Сустрэчы зь кіраўніком кіроўнай партыі Яраславам Качыньскім пакуль не было.

Юрыст дадае, што ягоны ўдзел у справе будзе насіць дарадчыцкі характар у аспэкце міжнароднага права.

„Я не абяцаў посьпеху польскаму ўраду, я толькі паабяцаў, што паспрабую дапамагчы”, - кажа Луіс Марэна-Акампа. У сваю чаргу міністар з Канцылярыі прэзыдэнта Анджэй Дэра (Andrzej Dera) тлумачыць, што Польшча шукае саюзьнікаў па міжнародным праве, паколькі адтрыманьне назад абломкаў разьбітага самалёта на падставе польска-расейскіх перамоваў аказваецца безвыніковым, бо расейцы мэтанакіравана блякуюць працэс выдачы Польшчы абломкаў разьбітай машыны.

„Гэта сьведчыць аб тым, што расейскі бок ня хоча выдаць абломкаў і у гэткай сытуацыі трэба спаслацца на міжнароднае права, каб Расею да гэтага прымусіць”, - кажа Дэра ў размове з журналістам выданьня „Dziennik Gazeta Prawna”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт