Польскія гарады сярод сотні найлепшых у сьвеце
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
20.03.2017 15:56
Кансалтынгавая фірма Mercer прадставіла свой штогадовы рэйтынг найлепшых для жыцьця гарадоў сьвету.
Цэнтар Варшавы.
Фота flickr.com/Kamil Porembiński.flickr.com/Kamil Porembiński
Вена нязьменна застаецца самым лепшым горадам па якасьці жыцьця. Варшава апынулася на тым жа месцы, што й Вільня, а Ўроцлаў закрывае першую сотню. Два польскія гарады апынуліся ў рэйтынгу найлепшых гарадоў для жыцьця, паводле рэйтынгу кансалтынгавай фірмы Mercer.
Паводле справаздачы, нязьменна найлепш жывецца ў Вене. Сталіца Аўстрыі перамагла ў восьмы раз запар. На другім месцы апынуўся Цюрых, на трэцім Окленд, чытаем у выданьні „Puls Biznesu”.
У рэйтынгу дамінуе Эўропа. У Топ-10 увайшло восем гарадоў Старога кантынэнта, у тым ліку тры нямецкія гарады, то бок Мюнхен, Дзюсэльдорф і Франкфурт. У Цэнтральнай Эўропе найлепшую пазыцыю заняла Прага, то бок 69-е месца, далей Любляна - 76 і Будапэшт - 78.
Варшава падзяляе 81 месца зь Вільняй. Гэта на дзьве пазыцыі горш у параўнаньні зь леташнім рэйтынгам. У сваю чаргу месца Ўроцлава панізілася на адзін пункт, то бок на 100 месца з 99 у мінулым годзе. У якасьці суцяшэньня можна згадаць факт, што Ўроцлаў апярэдзіў у рэйтынгу Шанхай.
Кампанія Mercer ацэньвае ўмовы жыцьця ў больш чым 450 гарадах па ўсім сьвеце й бярэ пад увагу 39 фактараў.
Аналітыкі правяраюць, між іншым, палітычную стабільнасьць, маштаб злачынстваў, узровень банкаўскіх паслуг, абмежаваньне асабістай свабоды, забруджваньне паветра, мэдыцынскія паслугі, магчымасьці набыцьця жыльля, узровень адукацыі, а таксама інфраструктуру, якая зьяўляецца адным з найбольш важных фактараў, чытаем у выданьні „Puls Biznesu”.
аз