Logo Polskiego Radia
Print

Пераломны тыдзень: ад флірту з Захадам да рэпрэсіяў

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 22.03.2017 19:24
  • Пераломны тыдзень ад флірту з Захадам да рэпрэсіяў.mp3
Яшчэ тыдзень таму Лукашэнка стараўся дагадзіць заходнім гасьцям, а сёньня праводзіць арышты. Як павядзе сябе 25 сакавіка?
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0

Як будуць паводзіць сябе ўлады падчас акцыі пратэсту 25 сакавіка? Як доўга працягнецца флірт Менска з Эўропай, калі ў краіне растуць сацыяльныя пратэсты? Дзе шукаць працу жыхарам беларускіх рэгіёнаў? Пытаньні, якія ўзьнялі падзеі мінулых сямі дзён, у «Палітычным люстэрку» абмяркоўваюць Аляксандар Папко й аналітык Цэнтру Астрагорскага Рыгор Астапеня.

Захад не хоча разрываць стасункі зь Менскам, але можа быць вымушаны...

16 сакавіка Аляксандар Лукашэнка стараўся дагадзіць заходнім гасьцям. Міністру замежных справаў Бэльгіі Лукашэнка заявіў, што Беларусь будзе «працаваць на аб’яднаньне і стабільнасьць Эўропы» а сам ён выступае за захаваньне Эўрапейскага зьвязу. Старшыню Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ кіраўнік Беларусі запэўніў, што хоча палепшыць імідж краіны на міжнароднай арэне, а прадстаўнікам Эўрапейскага банку рэканструкцыі й разьвіцьця падзякаваў за плённае супрацоўніцтва. Ці доўга працягнецца «флірт» Беларусі з Эўропай у сытуацыі, калі ў краіне растуць пратэсты і ўладам вельмі хочацца іх падавіць?

Рыгор Астапеня: Я думаю, што калі ўлады не наробяць глупстваў 25 сакавіка, то Захад праглыне гэтую хвалю рэпрэсіяў. Па-першае, Захад ня бачыць альтэрнатывы дыялёгу. Санкцыі не працуюць, як і надзеі на дэмакратычную апазыцыю. Ды й геапалітычны інтарэс Захаду ў тым, каб сёньня размаўляць з уладамі Беларусі. Па-другое, Беларусь у павестцы дня Захаду яўна не прыярытэт: ёсьць Расея, ёсьць Brexit, ёсьць уцекачы з Блізкага Ўсходу і яшчэ процьма рэчаў, важнейшых за Беларусь. Але ўсё ж калі рэжым пойдзе на рэпрэсіі, то Захад можа не пабачыць іншага варыянту, як ахалоджваць свае стасункі з уладамі Беларусі.

Беларусаў прымусяць купляць лядоўні ды электрапліты?

Польшча ня будзе купляць электраэнэргію з Беларусі й нават разьбярэ лінію электраперадач Беласток-Рось – заявіў 17 сакавіка ўпаўнаважаны польскага ўраду па пытаньнях стратэгічнай энэргетычнай інфраструктуры Пётр Наімскі. Раней Летува заявіла пра тое, што не будзе купляць энэргію з Астравецкай АЭС. Куды Беларусь будзе прадаваць электраэнэргію, і што будзе рабіць з 10-мільярдным расейскім крэдытам крэдытам на пабудову станцыі?

Рыгор Астапеня: Здаецца, што ўлады яшчэ разьлічваюць на Латвію, але нават калі тая будзе купляць нашую электраэнэргію, то яна зусім не буйны пакупнік. І цяпер уладам прыйдзецца шукаць магчымасьці, каб як мага больш электраэнэргіі спажывалася ў Беларусі – у тым ліку звычайнымі людзьмі. Але тут зноў жа няясна, як гэта зрабіць – у беларусаў проста няма сродкаў і патрэбаў, каб купляць па два халадзільнікі ў кватэру. І таму абсалютна незразумела, што мы будзем рабіць з той энэргіяй, якой ужо празь некалькі гадоў будзе празьмерна шмат, не кажучы ўжо пра тое, як вяртаць грошы Расіі.

Ня будзе рынкавых рэформаў – рэгіёны абязьлюдзеюць

19 сакавіка некалькі соцень людзей удзельнічалі ў сацыяльным пратэсьце ў Слоніме. Больш за гадзіну з мітынгоўцамі размаўляў старшыня райвыканкаму Алег Таргонскі. Людзі абураныя ростам тарыфаў ЖКГ, павышэньнем пэнсійнага ўзросту, ростам падаткаў, нізкімі заробкамі ды адсутнасьцю альтэрнатыўнай, больш платнай працы. «Падатак на дармаедаў» павышае кошты працы нават у ценявым сэктары, куды людзі ўцякаюць ад бязвыхаднасьці. Аднак становіцца ясна, што нават адэкватны й чулы да людзей кіраўнік райвыканкаму стварыць месцы працы ня можа. Што можа выратаваць рэгіёны? Міграцыя на заробкі ў Эўропу?

Рыгор Астапеня: Хуткага рэцэпту выратаваньня няма, і многія рэчы, якія маглі б дапамагчы – доўгатэрміновыя. То бок дэцэнтралізацыя, стварэньне гарызантальных стратэгіяў разьвіцьця, дэмакратызацыя прыняцьця рашэньняў на мясцовым узроўні ня робяцца за дзень. Але пачынаць усё адно трэба зараз, бо без гэтага палепшыць жыцьцё ў рэгіёнах ужо немагчыма. Пакуль жа дзяржава павінна думаць, як прыцягнуць грошы, каб павялічыць выплаты беспрацоўным ці тым, хто апынуўся за рысай беднасьці, і, натуральна, як рэфармаваць усю эканоміку. Бо інакш у людзей, апроч як зьязджаць, варыянтаў не застанецца.

Гвалт на 25 сакавіка зьнішчыць плён шматгадовай працы Менска

Беларускія ўлады працягваюць змагацца з сацыяльнымі пратэстамі, згодна з дырэктывамі, якія агучыў Лукашэнка два тыдні таму. Міліцыя нэўтралізуе ўсіх, хто здольны ўзначаліць пратэст альбо расказаць пра яго людзям, а дзяржаўнае тэлебачаньне ўзмацняе прапаганду. За апошнія 10 дзён арыштам былі пакараныя ўжо больш за 100 чалавек, затрыманыя 28 журналістаў. 20 сакавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «маршы недармаедаў» арганізуюць «адмарозкі, якімі кіруюць заходнія спэцслужбы», Беларускае тэлебачаньне паведаміла, што што з украінскай тэрыторыі ў Беларусь спрабаваў прарвацца джып з «электрадэтанатарамі, гранатамі й плястытам». 11 супраць арганізатараў патрыятычных летнікаў была ўзбуджана крымінальная справа. Як улады будуць паводзіць сябе падчас акцыі пратэсту, якая павінна прайсьці ў Менску 25 сакавіка?

Рыгор Астапеня: Улады яшчэ можа самі не вызначыліся як сябе паводзіць, але я спадзяюся, што здаровы сэнс пераможа і рэжым не будзе ўжываць гвалту. Бо вялікія рэпрэсіі 25-ага дакладна паставяць пытаньне нармалізацыю стасункаў з Захадам, якой беларускія ўлады дамагаліся столькі гадоў, ды і крэдыт МВФ стане крыху далей. Ды й хто ведае, калі пратэсты будуць масавымі, то рэпрэсіі яшчэ болей раззлуюць людзей і дададуць моцы пратэсту. Ды і ў рэшце рэшт, сваё пасланьне, што яны не саромеюцца ўжываць рэпрэсіяў, улады ўжо данесьлі, і вялікага сэнсу паўтараць яго няма.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт