Logo Polskiego Radia
Print

Польскі біскуп: Прыняць уцекачоў – наш абавязак

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 18.05.2017 17:30
«Палітыкі не павінны выбарачна выкарыстоўваць навучаньня Касьцёла».
Erzbischof Tadeusz PieronekErzbischof Tadeusz PieronekBild: polskieradio.pl

Пра гэта ў інтэрвію газэце «Rzeczpospolita» заявіў былы генэральны сакратар польскага эпіскапату біскуп Тадэвуш Пяронэк. Біскуп тлумачыць: «калі мы ўлічым тое, што бальшыня палякаў хрысьціяне, то гэты абавязак непасрэдна зьвязаны зь любоўю да бліжняга».

«Rzeczpospolita»: Папа Рымскі й біскупы заклікаюць прымаць уцекачоў, аднак польскія палітыкі, якія часта падкрэсьліваюць свой каталіцызм, іх ня слухаюць.

Біскуп Т.Пяронэк: Палітыкі не павінны выбарачна выкарыстоўваць навучаньня Касьцёла. Няхай яны не спасылаюцца на словы Папы й Касьцёла, калі вырашылі выкарыстоўваць іх у мэтах палітычнага розыгрышу. (…) Аказваецца, што палякам можна масава зьяжджаць за мяжу, бо там лепшыя заробкі і ўзровень жыцьця, а вось іншым ехаць да нас нельга. (…) Не прымаць бежанцаў – гэта фактычная праява адмовы ад хрысьціянства. Мне сорамна за тых, хто ня хоча выканаць свой ня толькі хрысьціянскі абавязак, але таксама й чыста людзкі.

«Rzeczpospolita»: Штомесячныя ўрачыстасьці ў памяць аб загінулых у смаленскай авіякастрофе - гэта рэлігійныя ўрачыстасьці? Кіраўнік МУС падкрэсьлівае, што так, а калі нехта перашкаджае – то гэта скандал.

Біскуп Т.Пяронэк: Калі ўрачыстасьць праходзіць у храме, то так. (…) Выступленьні старшыні кіруючай партыі «Права й справядлівасьць» падчас «смаленскіх» штомесячных сустрэч ня маюць рэлігійнага характару. Гэтыя шэсьці - гэта палітыка, гэта не рэлігійная ўрачыстасьць. Рэлігія стала інструмэнтам маніпуляцыі.

«Rzeczpospolita»: Як вы лічыце, ці прыйшоў час зьмяніць Канстытуцыю Польшчы і ўпісаць у асноўны закон спасылку на веру й Бога?

Біскуп Т.Пяронэк: Не. Дзеючай Канстытуцыі спаўняецца толькі 20 гадоў, гэта ўзрост уваходу ў «даросласьць». Дайце ёй пасталець. Валтузьня вакол зьмен абсалютна непатрэбная. (…) У актуальным асноўным законе дастаткова спасылак на Бога.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт