Logo Polskiego Radia
Print

69 гадоў таму сталіністы забілі героя вайны ротмістра Вітальда Пілецкага

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 25.05.2017 20:04
  • Пілецкі.mp3
Каб атрымаць зьвесткі пра злачынствы нацыстаў, Пілецкі дабраахвотна пагадзіўся стаць вязьнем канцлягеру Аўшвіц.
Ротмістр Вітальд ПілецкіРотмістр Вітальд ПілецкіInstytut Pamięci Narodowej

25 траўня 1948 года сталінскія ўлады Польшчы прывялі ў выкананьне сьмяротны прысуд над ротмістрам Вітальдам Пілецкім. Герой Другой сусьветнай вайны быў прысуджаны паводле справы, падрабазнасьці якой сталі вядомыя ўжо пасьля падзеньня Польскай Народнай Рэспублікі. Кароткая гісторыя ротмістра Пілецкага – у нашым эфіры.

Вітальд Пілецкі нарадзіўся ў польскай сям’і ў траўні 1901 года ў Карэліі. Яго бацька пасьля заканчэньня Санкт-Пецярбургскага ляснога інстытуту знайшоў службу на поўначы Расейскай Імпэрыі. У 1910 годзе сям’я Пілецкіх пераехала ў Вільню, пазьней жыла ў Арле.

Пасьля таго, як Польшча стала незалежнай краінай у 1918 годзе, Вітальд Пілецкі з блізкімі пераехаў на радзіму. Паступіў на службу ў Войска Польскае, ваяваў у польска-бальшавіцкай вайне, між іншым, у шэрагах кавалерыйскіх войск прымаў удзел у абароне Горадні.

Пазьней паступіў у Познаньскі ўнівэрсытэт на сельскагаспадарчы факультэт і ў Віленскі, на факультэт мастацтваў. Дарэчы, з таго пэрыяду захаваліся намаляваныя Пілецкім дзьве карціны, якія знаходзяцца ў касьцёле ў вёсцы Крупава каля Ліды.

У 1920-ыя гады сям’я Пілецкіх вярнула сабе маёнтак Сукурчы каля беларускай Ліды, які да гэтага арандаваўся. Там Вітальд і асеў разам з жонкай Марыяй, там жа нарадзіліся яго двое дзяцей: сын Анджэй і дачка Зофія.

Маёнтак
Маёнтак Сукурчы

Калі пачалася другая сусьветная вайна, Пілецкі, які тады быў у чыне падпаручніка, быў мабілізаваны й змагаўся ў кавалерыйскім эскадроне. Пасьля таго, як Польшча панесла паразу, ён трапіў у Варшаву, дзе пачаў дзейнічаць у падпольлі.

З
З жонкай, яшчэ да вайны

Дзеля таго, каб атрымаць зьвесткі пра злачынствы нацыстаў, Пілецкі дабраахвотна пагадзіўся стаць вязьнем канцлягеру Аўшвіц. Падчас прабываньня ў канцлягеры арганізаваў рух супраціву, а ў 1943 годзе адтуль уцёк. Ён – аўтар першага падрабязнага рапарту, датычнага злачынстваў нацыстаў у Аўшвіц, дзякуючы якому польскі ўрад у выгнаньні здолеў пераканаць хаўрусьнікаў пра факты Галакосту.

Вязень
Вязень Аўшвіц

Дарэчы, афіцэр падрыхтаваў сьмелы плян вызваленьня лягеру сьмерці. Вось архіўны запіс перадачы Польскай службы Радыё Свабодная Эўропа з 1985 года.

Вітальд Пілецкі прапанаваў камандаваньню адбіць вязьняў Аўшвіц. На жаль, плян ніколі ня быў рэалізаваны. Камандаваньне Арміі Краёвай лічыла, што ў яе мала сіл для правядзеньня апэрацыі. Нават калі б акцыя і ўдалася, то тысячы хворых і зьнясіленых вязьняў неўзабаве зноўку былі б схопленыя гітлераўцамі. Заходнія саюзьнікі не маглі дапамагчы авіяцыяй з-за вялікай адлегласьці, а Чырвоная Армія не была зацікаўленая акцыяй.

Пазьней Вітальд Пілецкі прыняў удзел у Варшаўскім паўстаньні, трапіў у нямецкі афляг, дзе знаходзіўся ажно да вызваленьня ў 1945 годзе. Пасьля вызваленьня служыў у 2-м польскім корпусе генэрала Ўладзіслава Андэрса ў Італіі.

У 1945 годзе па загадзе генэрала вярнуўся ў Польшчу, каб весьці разьведвальную дзейнасьць.

У
У сталінскай турме

Затрыманы ў 1947 годзе. Пасьля сьледзтва, якое суправаджалася катаваньнямі, адбыўся працэс, на якім яго прызналі вінаватым у працы на «замежны імпэрыялізм», пад якім меркавана падразумявалася брытанская разьведка. Забіты стрэлам у патыліцу ў варшаўскай турме. Месца яго пахаваньня невядомае па сёньняшні дзень.

На
На судзе

У 1990 годзе ротмістр Вітальд Пілецкі быў рэабілітаваны. У 1995 годзе афіцэр пасьмяротна ўзнагароджаны прэзыдэнтам Ордэнам Адраджэньня Польшчы, у 2006-м – Ордэнам Белага Арла – найвышэйшай польскай узнагародай.

Валеры Саўко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт