Logo Polskiego Radia
Print

Навошта беларускім уладам спатрэбіліся нямецкія электрамабілі?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 07.06.2017 09:17
  • Навошта беларускім уладам спатрэбіліся нямецкія электрамабілі.mp3
«Беларускія ўлады зразумелі, што энэргію з Астравецкай АЭС краіны Эўразьвязу ці ня будуць купляць увогуле, ці толькі малую частку».
Aliaksandr Papko/radyjo.net

Беларускаму ўраду ўсё цяжэй знаходзіць грошы на выплаты пэнсіяў і сацыяльнай дапамогі. Каб вырашыць эканамічныя праблемы, улады намагаюцца прыцягнуць у Беларусь інвэстараў ня толькі з Кітая, але й з Заходняй Эўропы. Ці ўдасца Ўладзімеру Макею наладзіць у Беларусі выпуск нямецкіх электрамабіляў? Якім спосабам урад залатае дзірку ў фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва, і чаму, нягледзячы на ўсе скандалы ў міліцыі, міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч атрымлівае ўзнагароды? Падзеі мінулых 7 дзён у «Палітычным люстэрку» абмяркоўваюць Аляксандар Папко і экспэрт EAST-Center Андрэй Елісееў.

Шуневіч адданы, таму яму даруюць многае

31 траўня Нацыянальны сход узнагародзіў міністра ўнутраных спраў Беларусі Ігара Шуневіча ганаровай граматай «за дзейнасьць ва ўмацаваньні правоў і свабодаў грамадзян». Пры гэтым у СМІ ўсё часьцей зьяўляецца інфармацыя пра тое, што міліцыянты груба й непрафэсійна затрымліваюць людзей, альбо трапляюцца за стырном у нецьвярозым стане, альбо нават грабяць уласныя аддзелы міліцыі. Чаму Шуневіч па-ранейшаму застаецца на добрым рахунку?

Андрэй Елісееў: Як кажуць, хто вінаваты, а з каго спаганяюць. Вядома, у дэмакратычнай краіне ў парлямэнце ўжо стварылі б адмысловую працоўную групу, якая разьбіралася б са скандалам у крычаўскім аддзеле ўнутраных справаў. У нашай жа краіне зь міністраў спаганяюць ці іх шануюць, гледзячы не на дасканаласьць працы падначаленых, а перадусім – на асабістую адданасьць кіраўніку краіны. Шуневіч ніколі знаку не падаў, што ён неляяльны Лукашэнку. Таму ён застаецца на добрым рахунку, нягледзячы на ўсе скандальныя гісторыі.

Зьнікненьне беларускай мовы стварае пагрозу існаваньню Беларусі

Моўная катастрофа – так ахарактарызавала сытуацыю зь беларускай мовай газэта «Наша Ніва». Толькі 129 тысячаў вучняў у Беларусі (альбо 13% ад агульнай колькасьці) навучаюцца па-беларуску. За апошнія 10 гадоў іх колькасьць скарацілася ўдвая. Наколькі высокі працэнт тых дзяцей, якія, вывучаючы беларускую мову пару гадзінаў на тыдзень, фактычна, не разумее яе? Ці не стварае такая моўная сытуацыя пагрозы таго, што Беларусь зьнікне як незалежная дзяржава?

Андрэй Елісееў: З азначэньнем «моўная катастрофа» цалкам згодны. Дасьледаваньняў і апытаньняў, якія выявілі б, якая доля дзяцей, студэнтаў ці людзей у цэлым не валодаюць мовай, няма. Ды й лічбы былі б даволі ўмоўныя, бо грунтаваліся б на самаацэнцы людзей, а не на абʼектыўных зьвестках. Але з майго разуменьня сытуацыі й асабістых назіраньняў, абсалютная большасьць дзяцей і падлеткаў у краіне няздольная вольна й без памылак размаўляць па-беларуску, а ладная частка непаўнагадовых ня мае нават дасканалага пасіўнага валоданьня мовай, то бок ня ў стане яе разумець. Для вялікай часткі моладзі беларуская мова стала зусім замежнай. Вядома, такая шырокая русыфікацыя адмоўна ўплывае на сытуацыю з нацыянальнай ідэнтычнасьцю. Калі нічога ня зьменіцца ў сярэднечасовай пэрспэктыве, гэта сапраўды створыць пагрозу існаваньню Беларусі як краіне.

Беларусаў перасадзяць на электрамабілі?

1 чэрвеня аднавіла сваю працу замарожаная 7 гадоў таму Беларуска-нямецкая рада дзелавога супрацоўніцтва. На яе паседжаньні Ўладзімер Макей заявіў, што зацікаўлены досьведам прыватызацыі былых усходненямецкіх дзяржаўных прадпрыемстваў, а таксама запрапанаваў нямецкім кампаніям зьбіраць у Беларусі электрамабілі. Ці прыйдзе нямецкі бізнэс у Беларусь – краіну, якая не зьяўляецца прававой дзяржавай, але дзе прэзыдэнт «жалезна гарантуе» высокія прыбыткі?

Андрэй Елісееў: Ані нямецкі, ані нейкі іншы бізнэс ня прыбяжыць у краіну, дзе посьпех інвэстыцыйных праектаў залежыць не ад права, а ад хаценьня аднаго чалавека ці малой групы. Беларускае кіраўніцтва памылкова меркавала, што ручное кіраваньне й нейкія гарантыі ад першых асобаў болей прывабныя замежнаму інвэстару, чым прававая дзяржава ды ясныя правілы гульні для ўсіх. Цікавым у заяве Макея мне падаецца нават не ягоны заклік – іх мноства штогод. Важныя два іншыя моманты. Першае, само аднаўленьне працы Беларуска-нямецкай эканамічнай рады. Гэта вынік нармалізацыі адносін зь Нямеччынай і Захадам у апошнія тры гады. Другое, беларускія ўлады ўсурʼёз зразумелі, што энэргію з Астравецкай атамнай станцыі краіны ЭЗ ці ня будуць купляць увогуле, ці толькі малую частку. Трэба кудысьці падзець электраэнэргію, і вытворчасьць электрамабіляў становіцца новай ідэяй фікс беларускіх уладаў.

Пэнсійны ўзрост будуць павышаць – іншага выхаду няма

У Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва Беларусі, зь якога выплачваюцца пэнсіі й сацыяльная дапамога, утварылася дзірка – паінфармаваў 5 чэрвеня партал TUT.BY. Выдаткі фонду на 150 мільёнаў даляраў перавысілі паступленьні ў яго. Дзе ўрад будзе браць грошы на пэнсіі, і якім чынам будзе латаць гэтую дзірку? Улады створаць выдатныя ўмовы для разьвіцьця айчыннага бізнэсу, прыцягнуць замежных інвэстараў, альбо павысяць падаткі ўзрост выхаду на пэнсію?

Андрэй Елісееў: З чыста дэмаграфічных прычынаў сытуацыя будзе толькі пагаршацца. З канца 1990-х да 2008 году была пара так званага дэмаграфічнага бонусу, калі расьлі суадносіны долі беларусаў у працоўным веку да долі беларусаў у непрацоўных узростах. Гэта быў вельмі зручны пэрыяд для правядзеньня самых розных сацыяльна-эканамічных рэформаў. Гэтую пару проста праелі, а важных зьменаў не зрабілі. Цяпер прыйшоў час расплаты. Як бачым, беларускія ўлады не гатовыя забясьпечыць імклівага разьвіцьця прыватнага бізнэсу. Абʼёмы замежных інвэстыцыяў зьмяншаюцца. Таму будуць павышаць падатковы ціск і пэнсійны ўзрост.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт