Logo Polskiego Radia
Print

Дзьве трэція палякаў баяцца масавага прыбыцьця замежнікаў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 09.06.2017 13:41
Дэмаграфічныя прагнозы на столькі адмоўныя, што палякі павінны прывыкаць да іншаземцаў на вуліцах.
FLICKR/CSDP EEAS/PUBLIC DOMAIN

Паводле апытаньняў грамадзкай думкі, палякі выказваюцца супраць ня толькі мусульманскіх прыежджых, але агулам супраць іншаземцаў. Дзьве трэція палякаў баяцца масавага прыбыцьця замежнікаў – піша «Gazeta Wyborcza». Гэта зьвязана зь перакананьнем, што іншаземцы адбіраюць у палякаў працу, нясуць пагрозу сыстэме бясьпекі і могуць аказаць нэгатыўны ўплыў на польскую нацыянальную культуру.

Тым часам дэмаграфічныя прагнозы на столькі адмоўныя, што палякі павінны прывыкаць да іншаземцаў на вуліцах сваіх гарадоў. Група сацыёлягаў, эканамістаў, палітолягаў і дэмографаў з Варшаўскага ўнівэрсытэту падлічыла, што ў сярэдзіне стагодзьдзя ў Польшчы будзе 3,8 мільёна замежнікаў, а дзесяцьцю гадамі пазьней яны будуць складаць 12-14% насельніцтва. Ужо ў 2030 годзе больш людзей будзе ў Польшчу прыяжджаць, чым з яе зьяжджаць. А краіна зусім не гатовая да такога сцэнару, няма пасьлядоўнай палітыкі ўладаў па інтэграцыі іншаземцаў.

Адкуль будуць прыяжджаць у Польшчу імігранты? Галоўным чынам з Украіны, як і цяпер, на другім месцы – паўднёвыя дзяржавы, хутчэй Азія, чым Афрыка. Нядаўна паявіліся імігранты з Кітая. У Варшаве, дзе беспрацоўе толькі 2,6%, без замежнікаў, як правіла ўкраінцаў, ужо цяпер наймальнікі проста б не справіліся з працаю.

Дзеля таго, каб ня споўніўся чорны сцэнар існаваньня двух сьветаў: асобнага для палякаў і асобнага для імігрантаў, патрэбныя дзьве рэчы, – кажа сацыёляг Яцэк Кухарчык. Першае: палітыка інтэграцыі замест цяперашняга падыходу – не ўпусьцім нікога, акрамя ўкраінцаў, бо ім такая палітыка не патрэбная. Трэба зразумець, што колькасьць іншаземцаў будзе расьці, і заняцца гэтай зьявай. І другое: праца з грамадзтвам, асабліва маладым пакаленьнем, зьмена падыходу да чужынцаў.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт