Logo Polskiego Radia
Print

Ці адкажа за ілжэсьведчаньні «фраў А»?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 21.06.2017 17:45
  • Ці адкажа за ілжэсьведчаньні «фраў А».mp3
«Калі справу пра «масавыя беспарадкі» зачынілі, паўстае заканамернае пытаньне: а што з таямнічай «фраў А.» і ці панясе яна адказнасьць?»
Ілюстрацыя: скрыншот з сайту БелтэлерадыёкампанііІлюстрацыя: скрыншот з сайту Белтэлерадыёкампанііtvr.by

На мінулым тыдні КДБ Беларусі ціха спыніў сьледчыя дзеяньні па справе аб «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў», паводле якой было арыштавана больш за 30 чалавек. Беларускі ўрад пацьвердзіў, што намераны пабудаваць новы трактарны завод, а Аляксандар Лукашэнка запрасіў у Беларусь расейскі фінансавы холдынг «Альфа-груп». Ці выпусьцяць на волю ўсіх фігурантаў «справы патрыётаў?» Навошта Беларусі новы трактарны завод, калі прадукцыя МТЗ і так цяжка прадаецца? На гэтыя й іншыя тэмы ў сёньняшнім «Палітычным люстэрку» размаўляюць Аляксандар Папко і экспэрт EAST-Center Андрэй Елісееў.

«Альфа-груп» ужо даўно цэліць на беларускі рытэйл»

15 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка запрасіў у Менск кіраўніка расейскага фінансавага холдынгу «Альфа-Груп» Пятра Авэна. Як у выпадку зь нямецкімі, польскімі й кітайскімі інвэстарамі, Лукашэнка прапанаваў фінансісту ўкладаць грошы ў Беларусі. Калі заходні бізнэс пакуль прыходзіць у Беларусь даволі асьцярожна, то ці варта чакаць хуткай экспансіі расейскіх кампаніяў? Чаму на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з расейскім бізнэсмэнам прысутнічаў Віктар Лукашэнка?

Андрэй Елісееў: Ізноў мы бачым старое добрае ручное кіраваньне. Уваход любога вялікага бізнэсу ў Беларусь – заходняга, кітайскага ці хай сабе расейскага – непазьбежна адбываецца праз Лукашэнку й яго людзей. У гэтым выпадку пачатковы кантакт, відаць, адбываўся праз старэйшага сына Лукашэнкі, таму ён і быў на сустрэчы. «Альфа-груп» ужо даўно цэліць на беларускі рытэйл. Яшчэ ў 2007-ым група кампаній абвяшчала пра пляны пабудаваць у Беларусі болей за сотню дыскаўнтэраў – але нешта ня склеілася. Пяць гадоў таму «Альфа-груп» крэдытавала сетку крамаў «Эўраопт». Але ж экспансіі расейскіх кампаніяў, тым больш хуткай, ня будзе, бо ўваход замежнага бізнэсу вельмі пільна кантралюецца беларускім уладам.

Хто адкажа за ілжывыя фільмы й артыкулы пра «баевікоў «Белага легіёну»?

16 чэрвеня КДБ Беларусі ціха спыніў гучную справу аб «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў», якой нібыта займаліся «баевікі, што трэніраваліся ў Польшчы і Ўкраіне». Аднак не было спынена сьледзтва па іншым артыкуле «справы патрыётаў» – «арганізацыя незаконнага ўзброенага фармаваньня». Цяпер справу перадалі ў Сьледчы камітэт. Ці можна прагназаваць, што разваліцца й другое абвінавачаньне, а 14 арыштаваных хлопцаў нарэшце выйдуць на волю?

Андрэй Елісееў: Гэта важнае ўскоснае пацьверджаньне, што ўсе гэтыя абвінавачаньні маюць палітычныя падставы. Яны рабіліся, каб запалохаць і дэзінфармаваць беларускае грамадзтва ды збыць вясеньнюю хвалю пратэстаў. Паводле афіцыйнай вэрсіі, пра падрыхтоўку масавых беспарадкаў данесла грамадзянка Нямеччыны зь беларускімі каранямі. Гэта смакавалі беларускія дзяржаўныя тэлеканалы й газэты, называючы жанчыну «фраў А». Цяпер, калі справу пра масавыя беспарадкі зачынілі, паўстае заканамернае пытаньне: дык а што з таямнічай «фраў А.» й ці панясе яна адказнасьць за ілжывыя сьведчаньні? Гэтаксама «зьніклі з радараў» таямнічыя затрыманыя людзі, якія нібыта са зброяй прарываліся ў джыпе з Украіны ў Беларусь. І, вядома ж, вялікія пытаньні да той, як быццам бы нелегальнай, баявой зброі затрыманых, якую дэманстравалі дзяржаўныя мэдыі. Каб не падрываць дыялёгу з Захадам, беларускім уладам выгадна спусьціць сумнеўную справу на тармазах. Мабыць, для захаваньня твару некалькім арыштаваным прысудзяць умоўныя тэрміны, але не рэальнае зьняволеньне.

Кітай зьмяняе форму супрацоўніцтва зь Беларусьсю ў лепшы бок

Кітайскія фірмы пабудуюць у Беларусі 22 сацыяльныя дамы на суму ў 51 мільён даляраў. Сродкі будуць выдзеленыя згодна з мінулагоднім беларуска-кітайскім пагадненьнем аб эканамічна-тэхнічнай дапамозе. Жытло застанецца ва ўласнасьці беларускай дзяржавы, якая будзе здаваць кватэры ў арэнду. Намесьнік міністра архітэктуры Аляксандар Кручанаў назваў дамы «падарункам Кітая беларускаму народу». Што Кітай атрымлівае ўзамен за гэты «падарунак»?

Андрэй Елісееў: Выглядае, што гэтая кітайская дапамога сапраўды не мае нейкіх падводных камянёў. Раней Кітай даваў Беларусі бязвыплатную дапамогу на электрыфікацыю супольнага індустрыяльнага парка, а таксама пастаўкі некаторых ваенных тавараў. Падобны фармат дапамогі Кітай стаў разьвіваць пасьля дзьвюх крытычных нарадаў на тэму беларуска-кітайскіх адносінаў. З 2014-га года Кітай таксама пагадзіўся на разьвіцьцё якасна іншага тыпу крэдытнага супрацоўніцтва. Гаворка ідзе пра крэдытныя лініі, з каторых самі беларускія банкі займаюць і падтрымліваюць беларускія кампаніі незалежна ад формы ўласнасьці. Пэкін такім чынам трохі замасьлівае незадаволенасьць беларускага боку, выкліканую тым, што Кітай атрымліваў ад інвэстыцыйнага супрацоўніцтва значна большую выгаду, чым Беларусь.

Веры ў эфэктыўнасьць дзяржпрадпрыемстваў больш няма

Беларускі ўрад цьвёрда намераны пабудаваць другі трактарны завод. Намеры пацьвердзіў 18 чэрвеня міністар прамысловасьці Віталь Воўк. Паводле яго словаў, трактарны завод на базе «Амкадора» патрэбны Беларусі, каб «дапоўніць намэнклятуру» МТЗ і «падвысіць канкурэнтаздольнасьць беларускага трактарабудаваньня». Новы трактарны завод ствараюць, каб падштурхнуць нізкаэфэктыўны МТЗ працаваць лепш, альбо дзеля таго, каб ціха яго зачыніць?

Андрэй Елісееў: Цяжка казаць з пэўнасьцю, бо інфармацыі пра меркаваную колькасьць працаўнікоў новага завода, абʼёмы вытворчасьці і лінейку тавараў няма ці вельмі сьціслая. Верагодна, гаворка вядзецца пра адносна невялікую новую вытворчасьць, дзе будуць рабіць дадатковы асартымэнт, які зараз не прадстаўлены на трактарным заводзе. Безумоўна цікава, што ўлады выступаюць за стварэньне новай вытворчасьці не пад крылом МТЗ. Напэўна, ілюзіі пра эфэктыўнасьць дзяржаўных прадпрыемстваў зусім адышлі ў нябыт.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт