Logo Polskiego Radia
Print

Гісторык: У швэдаў на руках кроў эўрапейцаў

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 22.06.2017 08:12
  • Нарвэгія.mp3
Як здарылася, што сялянская Швэцыя, якая яшчэ ў 19 стагодзьдзі была адсталай краінай Эўропы, стала багатай дзяржавай?
Брытанскі эсьмінец "Хардзі"(HMS Hardy), які быў патоплены падчас бітвы за НарвікБрытанскі эсьмінец "Хардзі"(HMS Hardy), які быў патоплены падчас бітвы за Нарвікcommons.wikimedia.org/Royal Navy official photographer/public domain

10 чэрвеня 1940 году Нарвэгія капітулявала пад напорам гітлераўскіх войск. У часы Другой сусьветнай вайны Скандынавія адыгрывала ключавую ролю ў ваенным і каляваенным тэатры.

Вэрмахт заняў Нарвэгія амаль без баёў. Кровапралітныя баі мелі месца каля стратэгічнага порту Нарвік, у якіх удзел прымалі й палякі. Дакладней, Самастойная брыгада падгалянскіх стральцоў пад камандаваньнем генэрала Зыгмунта Шышкі-Богуша. Дарэчы, Нарвік побач з Монтэ-Касіна й Леніна, а таксама зь некаторымі іншымі месцамі бітваў зьяўляецца сымбалем польскага змаганьня ў Другой сусьветнай вайне.

Дык чаму Скандынавія была такой важнай, і ня толькі для гітлераўцаў, але й для саюзьнікаў? Распавядае прафэсар, гісторык Павал Вечаркевіч.

Павал Вечаркевіч: У 1939-40 гадах скандынаўскі апэрацыйны раён, пляцдарм адыгрываў вялікую ролю ў двух бакоў супрацьстаяньня – Нямеччыны й заходніх саюзьнікаў. Гэта быў важны раён як са стратэгічнага пункту гледжаньня, так і эканамічнага. Эканамічны таму, што са Скандынавіі ішла руда ў Нямеччыну, ішлі вырабы мэталюргічнай прамысловасьці ў Нямеччыну й Вялікабрытанію. Напрыклад, вельмі якасныя падшыпнікі, іншыя элемэнты, якія выкарыстоўваліся ў ваеннай прамысловасьці.

Акрамя таго, важны стратэгічны момант: той, хто кантралюе Скандынавію, кантралюе Балтыку – Данію, Нарвэгію, Швэцыю. А той, хто мае пад кантролем дадаткова Ісьляндыю, можа кантраляваць усю паўночную Атлянтыку. Нямеччына, калі пачынала вайну зь Вялікабрытаніяй, разумела, што Лёндан у адказ пачне марскую вайну, і каб пасьпяхова змагацца, патрэбныя былі базы.

У той час Нямеччына мела яшчэ мала падводных лодак, і імі нельга было прайсьці трасу з Готэнгафэн (сёньняшняй Гдыні) ці Вільхэльмсгафэн у Атлянтыку. А вось з Нарвэгіі падводныя лодкі ўжо прайшлі б. Таму акупацыя Нарвэгіі й пры нагодзе Даніі была неабходнасьцю. Нямецкія адміралы й генэралы баяліся таго, што брытанцы ажыцьцявяць любімую канцэпцыю Ўінстана Чэрчыля – зьдзейсьняць марскі дэсант на пабярэжжы Балтыйскага мора. І таму немцы вырашылі зрабіць Балтыку ўнутраным нямецка-савецкім морам. І таму адбыўся напад на Данію й Нарвэгію. Празь нейкі час брытанцы й амэрыканцы занялі Ісьляндыю, каб яна ня трапіла ў рукі гітлераўцаў.

Думаю, што многія задаюць сабе пытаньне: як здарылася, што сялянская Швэцыя, якая яшчэ ў 19 стагодзьдзі была адсталай краінай Эўропы, стала багатай дзяржавай? Я супраць швэдаў нічога ня маю, але ў іх на руках кроў эўрапейцаў, бо на бядоце й крыві эўрапейцаў, пралітай у Першай і Другой сусьветных войнах, узбагацілася Швэцыя.

І падчас Першай сусьветнай, і падчас Другой вайны Швэцыя, выкарыстоўваючы пазыцыю нэйтральнай краіны, гандлявала з кім толькі заўгодна. Я нікога не абвінавачваю, проста прыводжу гістарычныя факты. Швэды проста выкарысталі шанец, які ім даў лёс.

Да 1945 году Швэцыя гандлявала з Трэцім Рэйхам, і таксама да 1945 года гандлявала з саюзьнікамі. Адначасова Стакгольм ня ўмешваўся ў палітыку й рыхтаваўся да нападу: ці нямецкага, ці савецкага, ці нападу саюзьнікаў. І швэды гандлявалі з усімі, так як і Злучаныя Штаты да 1941 года.

Пра значэньне скандынаўскага пляцдарму ў часы Другой сусьветнай вайны распавядаў гісторык, прафэсар Павал Вечаркевіч.

Акупацыя Нарвэгіі закончылася 8 траўня 1945 года пасьля капітуляцыі нямецкіх войск у Эўропе.

вс

слухайце гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт