Logo Polskiego Radia
Print

Ваенна-прамысловаму комплексу Польшчы патрэбная інавацыйнасьць

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 04.07.2017 10:00
  • ВПК.mp3
А. Дуда: Навуковы патэнцыял не выкарыстоўваецца ў кампаніях па вытворчасьці ўзбраеньня.
www.pixabay.com

Кіруючыя сілы ў Польшчы шмат увагі надзяляюць пытаньням абароназдольнасьці краіны. Ідзе, у прыватнасьці, інтэнсіўная праца па стварэньні сілаў тэрытарыяльнай абароны, зьвяртаецца ўвага таксама на мадэрнізацыю ваенна-прамысловага комплексу дзяржавы.

Пра ваенна-прамысловы комплекс ішла гаворка падчас навуковай канфэрэнцыі, якая адбылася некалькі дзён таму ў будынку Варшаўскай палітэхнікі. У сустрэчы ўдзельнічаў галава польскай дзяржавы Анджэй Дуда. Прэзыдэнт адзначыў у сваім выступленьні, што ВПК Польшчы павінен быць больш эфэктыўным, але перш за ўсё інавацыйным.

Канфэрэнцыя з удзелам навукоўцаў была прысьвечаная разьвіцьцю ваенна-прамысловага комплексу. Прымалі ў ёй удзел ня толькі вучоныя, але таксама палітыкі, прадстаўнікі войска ды прадпрыемстваў, якія займаюцца вырабам ваеннай тэхнікі. У якім напрамку, на думку прэзыдэнта Анджэя Дуды, павінна ісьці разьвіцьцё абарончай вайсковай галіны польскай прамысловасьці? Меркаваньнем галавы дзяржавы, польскія навукоўцы маюць вялізны патэнцыял, каб ствараць сучасныя тэхналёгіі. Ёсьць шмат як маладых, так і вопытных вучоных, якія гатовыя ствараць інавацыйныя праекты, але іх патэнцыял, на жаль, не выкарыстоўваюць кампаніі па вытворчасьці ўзбраеньня.

А. Дуда: Мы выдаткоўваем на навуковыя дасьледаваньні вялікія грошы. Гэта сапраўды немалыя сродкі, калі ўзяць пад увагу апошняе дзесяцігодзьдзе. Самая сур’ёзная праблема заключаецца аднак у тым, што гэта ніякім чынам не адлюстроўваецца ў павышэньні інавацыйнасьці нашага ваенна-прамысловага комплексу. Гэта азначае, што тыя тэхналёгіі, тыя ноў-хаў, якія вы, вучоныя, рыхтуеце, пазьней не выкарыстоўваюцца на практыцы ў польскай эканоміцы, у польскай дзяржаве.

Анджэй Дуда згадаў таксама пра тое, што польская дзяржава павінна рабіць усё магчымае, каб затрымаць маладых навукоўцаў, каб яны ня зьехалі жыць і працаваць за мяжу. І што польскае войска павінна выкарыстоўваць у галіне абароннай тэхнікі перш за ўсё польскія тэхналёгіі і рашэньні. Гэта выключныя ноў-хаў, да якіх ніхто іншы ня мае ключа, а тэхналёгіі іншых дзяржаў могуць быць вядомыя таксама патэнцыйным сапернікам.

Канешне, Польшча ня здольная збудаваць такога магутнага ваенна-прамысловага комплексу, як заходнія дзяржавы, напрыклад, Нямеччына, але трэба да гэтага імкнуцца, – адзначыў Анджэй Дуда.

А. Дуда: Мы ня можам пахваліцца такім высокім эканамічным разьвіцьцём і заможнасьцю грамадзтва, як Фэдэральная Рэспубліка Германіі. Нам таксама далёка да ўзроўню багацьця Злучаных Штатаў Амэрыкі. Але мы можам прадпрымаць крокі дзеля таго, каб калісьці дагнаць гэтыя дзяржавы. У маім перакананьні, ня толькі можам, але і павінны.

Навукоўцы Польшчы згодныя, што неабходна разьвіваць інавацыйнасьць у галіне ваенна-прамысловага комплексу. Арганізатар канфэрэнцыі, рэктар Варшаўскай палітэхнікі прафэсар Ян Шміт (Jan Szmidt) заклікаў стварыць адмысловую дзяржаўную праграму, у рамках якой адмыслоўцы маглі б спакойна распрацоўваць сучасныя тэхналягічныя рашэньні.

Ян Шміт: Сытуацыя вакол Польшчы мяняецца, хутка пагаршаецца сыстэма міжнароднай бясьпекі ў нашым рэгіёне. Гэта патрабуе прыняцьця неадкладных рашэньняў па падрыхтоўцы абарончага комплексу. Мы заклікаем улады нашай дзяржавы, каб яны стварылі адмысловую праграму, якая дазволіла б ваенна-прамысловаму комплексу атрымаць інавайцыйныя тэхналёгіі за максымальнай кароткі пэрыяд часу.

Мадэрнізацыя польскай арміі працягваецца ўжо некалькі гадоў. Яшчэ папярэднія польскія ўлады абяцалі, што ў 2014 годзе выдаткі на ВПК вырастуць да ўзроўню 2% ВУП. Дарэчы, менавіта столькі рэкамэндуе сваім сябрам прызначаць на абраноздольнасьць кіраўніцтва Паўночна-атлянтычнага саюзу – 2% ВУП.

Актуальныя польскія ўлады, асабліва міністар нацыянальнай абароны Антоні Мацярэвіча, прыкладаюць вялікія намаганьні дзеля мадэрнізацыі войска. Паводле інфармацыі міністра, у рамках праграмы мадэрнізацыі войска, на працягу 2013-2020 гг. на зьмены ў арміі – як сухапутныя войскі, так і марскія ды паветраныя сілы, Польшча выдаткуе на столькі вялізную суму, што яе нават цяжка агарнуць розумам – 400 млрд. злотых. Каб вы маглі лепш сабе ўявіць, якія гэта вялікія грошы, я дадам, што дзяржаўны бюджэт на бягучы год прадбачвае даходы Польшчы на ўзроўні прыкладна 325 млрд. злотых.

Такія вялізныя сродкі трэба ўмець выкарыстаць, каб яны не былі змарнаваныя. І менавіта гэтым пытаньням была прысьвечаная навуковая канфэрэнцыя ў Варшаўскай палітэхніцы. Сваю стратэгію прадставіла кампанія «Польская група ўзбраеньняў», былі таксама абмеркаваныя зьмены ў стратэгіі супрацоўніцтва ВПК з польскімі ВНУ ды мадэрнізацыі ўзбраеньня.

Выступленьні падчас канфэрэнцыі датычылі таксама разьвіцьця сучаснай авіяцыйнай і ракетна-спадарожнікавай прамысловасьці, сыстэмы абароны ад бесьпілётных лятальных апаратаў ды сучасных тэхналёгій у галіне паўправадніковых матэрыялаў на патрэбы Ваенна-прамысловага комплексу.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт