Logo Polskiego Radia
Print

Біткойны - плацёжная сыстэма, якая дае вялікія магчымасьці

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 11.07.2017 09:00
  • bitkoiny.mp3
Мы спрабавалі высьветліць, што ж такое біткойны і ці варта пазнаць іх сакрэты.
www.pixabay.com

Многія людзі чулі пра інтэрнэт-валюту, біткойны, але ня шмат хто ведае, у чым заключаецца спэцыфіка гэтых грошай і як імі карыстацца. Мы спрабавалі высьветліць, што ж такое біткойны і ці варта пазнаць іх сакрэты.

Калі б спытаць прахожых на вуліцы, ці яны чулі нешта пра біткойны, то многія агулам бы ня ведалі, пра што ідзе гаворка. Магчыма, некаторыя, асабліва прадстаўнікі маладзейшага пакаленьня, адказалі б наступным чынам:

Удзельнік апытаньня: Я чуў, ведаю, што гэта інтэрнэт-валюта. Я ведаю, што можна плаціць гэтай валютай у многіх месцах, і што такіх месцаў паяўляецца ўсё больш. Але я сам ніколі не спрабаваў плаціць у біткойнах. Для мяне гэта надта складана. Калі я чагосьці не разумею, то проста гэтым не карыстаюся.

Біткойны – гэта адна з самых папулярных валют, якія выкарыстоўваюцца ў інтэрнэце, або інакш – пірынгавых плацёжных сыстэм. Пра тое, у чым заключаецца спэцыфіка біткойнаў, распавядае галоўны аналітык дарадчыцкай кампаніі Ekspander Яраслаў Садоўскі.

Я. Садоўскі: Біткойн – гэта віртуальная валюта, якой можна плаціць у інтэрнэце. Яе асноўная перавага ў тым, што пераводы можна рабіць вельмі хутка, маланкава, нават з аднаго канца сьвету ў іншы. Іншая справа – традыцыйныя банкаўскія грашовыя пераводы. Праўда, у рамках адной краіны мы можам рабіць вельмі хуткія пераводы, але калі намераныя зрабіць перавод у іншую краіну, нават на тэрыторыі Эўропы, Эўрапейскага Зьвязу, то гэта зойме адзін-два дні. І трэба за яго плаціць. У эўрапейскіх краінах аплата невысокая, але калі робім перавод у іншую дзяржаву, звонку ЭЗ, то плата будзе высокая, і трэба доўга чакаць, калі грошы дойдуць да адрасата. Так што перавага біткойнаў – у іх хуткасьці.

У будучым гэтая тэхналёгія можа распаўсюджвацца ўсё шырэй, менавіта дзякуючы яе пазытыўным бакам, – адзначае аўтар блёгу Doradca.tv Томаш Ярошэк.

Т. Ярошэк: Гэта вельмі добрая тэхналёгія, якую можа ў будучым выкарыстоўваць фінансавы сэктар. Хаця цяжка сказаць, ці сапраўды папулярнасьць віртуальнай валюты будзе расьці. Гэта крыптавалюта, зашыфраваны запіс. Можам плаціць біткойнамі, выкарыстоўваючы крыптаграфічны запіс. У такім выпадку нашы грошы на самой справе даволі бясьпечныя. Для фінансавага сэктару гэта цікавая і прыцягальная магчымасьць – выкарыстаць біткойны ў якасьці плацёжнага сродку.

Фактычна, усё больш крам і цэнтраў паслуг дае магчымасьць біткойнамі. Нельга, аднак забываць, што прырода біткойнаў спэкулятыўная, яны могуць хутка набіраць і страчваць каштоўнасьць.

Т. Ярошэк: Калісьці адзін біткойн каштаваў некалькі даляраў, а цяпер за аднаго біткойна плацяць, здаецца, дзьве з паловай тысячы даляраў. Гэта, канешне, дзейнічае на ўяўленьне кожнага інвэстара – вялізныя працэнты, агромністыя сумы, якія можна зарабіць на біткойнах, а таксама на іншых крыптавалютах. Такі рост, які не здараецца ў выпадку традыцыйнай валюты, тут адбываецца вельмі хутка – нават на працягу некалькіх тыдняў. Так што многія спэкулянты цікавяцца крыптавалютамі, паколькі можна хутка на іх зарабіць. Але мэханізм дзейнічае ў абодва бакі. Мы можам у панядзелак купіць віртуальную валюту, якая ў аўторак можа падаражаць на 20%, але можа таксама здарыцца з ёй міні крах. На біржы каштоўных паперы, калі валюта патаньнее на 20%, інвэстары кажуць ужо пра крах валюты. А ў дадзеным выпадку такія падзеньні і рост могуць адбывацца вельмі хутка. Крыптавалюты кіруюцца ўласнымі правамі. І яны на многа больш зьменлівыя, чым клясычныя інструмэнты, якімі карыстаюцца інвэстары.

Дзякуючы біткойнам плацяжы адбываюцца поўнасьцю ананімна, – кажа Яраслаў Садоўскі.

Я. Садоўскі: Гэта азначае, што дакладна невядома, хто гэтыя грошы перавёў і каму. Калі робіцца клясычны перавод, то адразу відаць, ад каго і каму паступілі сродкі. Трэба ўпісаць нумар рахунку і дадзеныя чалавека, якому пераводзім грошы. Калі хтосьці хоча застацца ананімным, то біткойн зьяўляецца добрым варыянтам.

Гэтай ананімнасьцю ахвотна карыстаюцца кібэрзлачынцы. Яны часта патрабуюць выкупу менавіта ў біткойнах. А ўсе, хто хоча пачаць перавадзіць грошы або спэкуляваць на біткойнах, павінны захаваць асаблівую асьцярожнасьць, – падкрэсьлівае Лукаш Пеховяк, галоўны рэдактар парталу Fintek.pl.

Л. Пеховяк: Будзьма асьцярожнымі, некаторыя падманваюць на біткойнах, здараюцца розныя біржы. Неабходна вельмі старанна праверыць інтэрнэт-сайт, інвэстара, у якога мы хочам купіць біткойна, гэтую крыптавалюту.

На думку адмыслоўцаў, з кожным годам будзе расьці колькасьць месцаў, дзе можна будзе плаціць ня толькі картачкай, тэлефонам або наяўнымі, але таксама біткойнамі.

І Пр. ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт