Logo Polskiego Radia
Print

Грудное малако - найлепшы і самы танны прадукт для немаўлят

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 08.08.2017 15:23
  • грудное кармленьне.mp3
Лекары раяць карміць дзіця грудзямі на працягу першага году жыцьця, а нават даўжэй.
www.pixabay.com

Кожны год у першы тыдзень жніўня супрацоўнікі службы аховы здароўя, СМІ і маладыя мамы прыгадваюць пра карысьць, якую дае нованароджаным і старэйшым дзецям кармленьне грудзямі. Нягледзячы на тое, што навукоўцы стварылі ўжо штучнае малако, якое паводле складу ўсё больш нагадвае мацярынскае малако, тым ня менш, ніколі яно поўнасьцю ня зможа замяніць натуральнае харчаваньне.

Зь першага па сёмага жніўня ў 120 краінах сьвету адзначаецца Міжнародны тыдзень кармленьня грудзьдзю. Цягам гэтага тыдня лекары, грамадзкія дзеячы і самі маладыя мамы нагадваюць, што мацярынскае малако – гэта ідэальны прадукт, які мяняецца ў залежнасьці ад патрэбаў дадзенага дзіцяці. Гэта цэнны, і адначасна танны скарб, якім варта карыстацца як мага даўжэй.

Правільнае харчаваньне ў першыя месяцы жыцьця чалавека прадухіляе ў будучыні некаторыя захворваньні. У сваю чаргу для немаўлят, якія нарадзіліся заўчасна, малако маці – гэта сапраўднае лякарства. Аднак ня ўсе жанчыны разумеюць і ведаюць, наколькі важна старацца карміць сваё дзіця грудзямі, хаця б у першыя месяцы яго жыцьця. Таму ладзяцца розныя грамадзкія кампаніі на дадзеную тэму. У прыватнасьці, нядаўна славутая жонка найлепшага польскага футбаліста Робэрта Левандоўскага Анна Левандоўская заахвочвала жанчын выбраць гэты танны і самы карысны спосаб харчаваньня дзіцяці. Анна сама нядаўна нарадзіла дзіця і так корміць дачку.

Пра плюсы кармленьня грудзямі ў Польшчы гаворыцца нямала, і шмат жанчын ведае, як гэта карысна для дзіцяці.

Мамы: Я кармлю грудзьдзю, гэта маё трэцяе дзіця. Старэйшых я таксама карміла грудзьдзю – сына каля году, а дачку нават два гады.

Я таксама кармлю грудзьдзю, ужо больш за два гады. І я ганаруся тым, што на столькі доўга мне ўдаецца карміць дзіця.


Сусьветная арганізацыя здароўя падрыхтавала адмысловыя рэкамэндацыі на тэму кармленьня немаўлят. У дакумэнце раяць карміць грудзьдзю, – кажа старшыня праўленьня фундацыі «Мэдычная місія» Кшыштаф Сушэк.

К. Сушэк: Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе карміць выключна або амаль выключна грудзямі цягам першых шасьці месяцаў жыцьця дзіцяці. У сваю чаргу на працягу чарговых двух гадоў грудное малако павінна быць дадатковым харчаваньнем.

Для немаўляці няма лепшага харчаваньня, чым грудное малако. Пра гэта гаворыць кіраўнік аддзяленьня нэанаталёгіі шпіталя Сьвятой сям’і ў Варшаве доктар Бэата Паўлюс.

Б. Паўлюс: Правільнае харчаваньне, якое ахоплівае хуткае ўвядзеньне натуральнага груднога малака, лепш за ўсё біялягічнай маці, выклікае свайго роду праграмаваньне карыснага, здаровага харчаваньня на ўсё астатняе жыцьцё. Кармленьне грудным малаком важна, яно ўплывае на стан здароўя ня толькі ў дзяцінстве, але таксама ў дарослым жыцьці.

Ёсьць хваробы, у тым ліку дарослых людзей, якія могуць не разьвіцца, калі дзіця ад самага нараджэньня атрымлівае грудное малако мамы. Гэта, між іншым, цукровы дыябэт ці алергія на розныя прадукты харчаваньня. Грудное кармленьне таксама цудоўна выбудоўвае натуральны і трывальны кантакт паміж мамай і дзіцём. Як правіла жанчыны ведаюць пра карысьць натуральнага кармленьня, але не заўсёды мамы рашаюць доўга карміць грудзямі, па розных прычынах, – дадае старшыня Фундацыі папулярызацыі кармленьня грудзьдзю дыетоляг Малгажата Яцкоўска.

М. Яцкоўска: Вельмі мала полек корміць грудзьдзю даўжэй, чым паўгоду. Амаль усе маладыя маці пачынаюць карміць грудзьдзю пасьля родаў, але, паводле статыстыкі, цягам першых двух месяцаў прыкладна палова жанчыны перастае карміць грудзьдзю. Пад канец першага году жыцьця толькі каля 10% дзяцей атрымлівае яшчэ грудное малако сваёй мамы.

На працягу першага тыдня жніўня гэтая фундацыя зладзіла ў варшаўскім мэтрапалітэне грамадзкую кампанію па распаўсюджваньні ведаў на тэму карысьці ад кармленьня грудным малаком. Акцыя была зладжаная з думкай пра маладых маці або жанчын, якія плянуюць завесьці дзіця, але таксама да грамадзтва, паколькі людзі не заўсёды прыхільна ставяцца да маці, якія ў грамадзкім месцы кормяць грудзьдзю. Верагодна, так адбываецца з-за таго, што адносна мала жанчын рашаецца карміць дзіця на вачах незнаёмых людзей, паколькі яны саромеюцца сваёй аголенай грудзі. Відэа-ролікі кампаніі нагадваюць, што грудзь выконвае тут вельмі важную функцыю – дазваляе дзіцяці зрабіць першы крок у здаровае і шчасьлівае будучае, таму нічога сарамлівага ў гэтым не павінна быць, наадварот, маці павінны ганарыцца, што яны клапоцяцца пра здароўе дачкі або сына.

І Пр. ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт