Logo Polskiego Radia
Print

"Google падштурхне разьвіцьцё IT-сэктара ў Беларусі"

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 17.08.2017 18:26
  • IT.mp3
Набыцьцё амэрыканскім тэхналягічным гігантам менскай фірмы AIMatter камэнтуюць яе ўласьнікі ды экспэрты.
pixabay.com/Public Domain CC0

Знакавая падзея для сфэры высокіх тэхналёгіяў Беларусі. Заакіянскі гігант Google набыў менскую кампанію AIMatter. Пра гэта яе кіраўніцтва паведаміла на сваёй інтэрнэт-старонцы. Не абышоў увагай зьдзелку таксама вядомы блёг Techcrunch, прысьвечаны IT-індустрыі.

AIMatter – кампанія з офісамі ў Менску ды Цюрыху. Стваральнікі зьвяртаюць увагу на тое, што калектыў амаль цалкам складаецца зь беларусаў. У Беларусі зарэгістраваная і інтэлектуальная ўласнасьць IT-арганізацыі. Дэталі зьдзелкі з Google (у тым ліку, яе кошт) трымаюцца ў сакрэце, што можа сьведчыць пра значнасьць пакупкі. Не камэнтуе кіраўніцтва таксама і пляны на будучыню.

Як паведамляе Techcrunch, перамовы аб набыцьці AIMatter вяліся цягам апошніх трох месяцаў. Самы вядомы з прадуктаў кампаніі – аплікацыя Fabby, што дазваляе зьмяняць фон фотаздымкаў. Працуючы над ёй, аўтары выкарыстоўвалі штучныя нэйронныя сеткі, якія, паводле спэцыялістаў, маюць вялікі патэнцыял. Прычым ужываць іх можна ня толькі ў забаўляльных мэтах. Пра гэта нам распавёў адзін зь інвэстараў AIMatter Юры Мельнічак.

Юры Мельнічак: Нэйронная сетка – гэта такая мадэль з галіны машыннага навучаньня, якая ў пэўнай ступені нагадвае тое, як зроблены наш мозг. Раптоўна высьветлілася, што нэйронныя сеткі ў некаторых галінах (у прыватнасьці, у кампутэрным зроку) паказваюць проста дзіўныя рэзультаты. У нейкім сэнсе, дзякуючы гэтаму, атрымліваецца навучыць кампутар разумець, што ёсьць на фота. Гэта адкрывае вялікія пэрспэктывы. З самымі базавымі магчымасьцямі можна пазнаёміцца на прыкладзе нашых прадуктаў. Напрыклад, калі на фота прысутнічае чалавек, то ён звычайна зьяўляецца цэнтрам увагі. У прыладзе Fabby мы можам крыху размыць фон. У выніку ўзьнікае эфэкт, быццам здымак быў зроблены дарагой камэрай, а не мабільным тэлефонам. У больш шырокім сэнсе нэйронныя сеткі пачынаюць выкарыстоўваць у мэдыцыне, а таксама ў галіне бясьпекі. Дзякуючы ім, можна выяўляць на відэа бойкі ці, напрыклад, калі чалавеку раптам стала дрэнна. У мэдыцыне можна правяраць дыягназы, пастаўленыя дыягностамі па рэнтгенаўскіх здымках.

На нашую просьбу кантракт, падпісаны AIMatter з Google, пракамэнтаваў рэдактар інтэрнэт-часопісу «Ідэя» Антон Раднянкоў. Паводле нашага суразмоўцы, навіна пра гэта можа стаць пэўным рухавіком для іншых беларускіх кампаніяў.

Антон Раднянкоў: Юры Мельнічак – гэта адзін з самых вядомых беларускіх IT-прадпрымальнікаў і стартапераў. Раней ён зрабіў прыладу MAPS.ME, якой карыстаецца ці ня большасьць беларусаў. Пасьля таго, як ён прадаў яе буйному расейскаму холдынгу Mail.ru, узяўся за новы стартап AIMatter. Ён спэцыялізуецца на такіх трэндавых рэчах, як штучны інтэлект. Гэта паказвае, што ў Беларусі ёсьць кадравы патэнцыял, ёсьць спэцыялісты ў сфэрах, якія могуць працаваць з новымі тэхналягічнымі рэчамі. Гэта авангард разьвіцьця IT-індустрыі. Таму такая зьдзелка – гэта навіна, якая натхняе беларускія кампаніі і дапамагае замежным карпарацыям даведацца пра краіну.

У сваю чаргу, Юры Мельнічак адзначае, што зьдзелка з Google дапаможа прывабіць у Беларусь вялікія інвэстыцыйныя фонды. Тым больш, што зараз у краіне дзейнічае мноства пэрспэктыўных кампаній, якія пры належным фінансаваньні могуць дасягнуць вялікіх рэзультатаў. Разам з тым, IT-супольнасьць чакае пэўных зьменаў у заканадаўстве, якія таксама павінныя паспрыяць разьвіцьцю галіны. Пакуль жа ўмовы працы кампаній у ЗША і ў Беларусі істотна адрозьніваюцца, кажа Юры Мельнічак.

Юры Мельнічак: Адрозьненьні ёсьць. Асабліва, юрыдычныя. Паколькі нашая прылада не перарасла ў паўнавартасны бізнэс, са многімі зь мы не сутыкнуліся, але яны вядомыя. І як раз дэкрэт «ПВТ 2.0», як мы яго называем, накіраваны на тое, каб выправіць большасьць складанасьцяў, зь якімі беларускія IT-кампаніі сутыкаюцца, калі пачынаюць весьці ў Беларусі апэрацыйную дзейнасьць па сваіх прадуктах.

Як складзецца лёс кампаній, набытых вялікімі IT-карпарацыямі, сказаць даволі складана. Зусім не абавязкова, што пасьля падобных зьдзелак іх чакаюць радыкальныя структурныя пераўтварэньні ці зьмена напрамку дзейнасьці. Пра гэта нам паведаміў працаўнік сфэры высокіх тэхналёгіяў Алег Гнятуля.

Алег Гнятуля: Можна параўнаць з кампаніяй Viber, дзе ў мяне працуе аднагрупнік. На маё пытаньне аб тым, што зьмянілася пасьля яе продажу, ён адказаў, што, па вялікім рахунку, ніякіх грунтоўных зьменаў не адбылося. То бок, тое, што добра працуе, часта вырашаюць не зьмяняць пасьля набыцьця. У дадзеным выпадку кампанія як працавала, так і працягвала працаваць у тым жа кірунку.

Нагадаем, у мінулым годзе на ўвесь сьвет праславіўся беларускі стартап MSQRD, які зацікавіў іншую амэрыканскую карпарацыю – Facebook. Набыўшы праект, яна ўбудавала функцыянал прылады ў сацыяльную сетку. Па словах назіральнікаў, хутка ён зьявіцца і ў сэрвісе Instagram, што таксама належыць кампаніі. Якія з распрацовак AIMatter трапяць у прадукты Google, пакажа час.

Васіль Садоўскі

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт