Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы нараджаецца ўсё больш дзяцей

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 12.09.2017 15:11
  • дзеці.mp3
У першым квартале году на сьвет прыйшло на 7 тыс. больш людзей, чым год таму.
www.pixabay.com

У Польшчы нараджаецца ўсё больш дзяцей. Летась, у параўнаньні з 2015 годам, на сьвет прыйшло на 13 тыс. дзяцей больш. Што цікава, паводле дадзеных Галоўнага ўпраўленьня статыстыкі, цяпер нараджаецца больш другіх і трэціх дзяцей у сям’і.

Галоўнае ўпраўленьне статыстыкі паведаміла ўжо дадзеныя па колькасьці нараджэньняў за першы квартал гэтага году. Яны сьведчаць аб тым, што цягам першых трох месяцаў году сёлета нарадзілася на прыкладна 7 тыс дзяцей больш, чым за аналягічны пэрыяд мінулага году.

Што зьяўляецца прычынай павышэньня нараджальнасьці? Прычын на пэўна некалькі, адной з якіх, на думку дырэктара Інстытуту статыстыкі і дэмаграфіі Вышэйшай гандлёвай школы Ірэны Катоўскай, зьяўляецца зьмена стаўленьня ў грамадзтве да сям’і.

І. Катоўска: Дзяржава прыняла шмат новаўвядзеньняў, якія дазваляюць лягчэй спалучаць ролю працаўніка з роляй бацькі. Важны таксама падыход, стаўленьне да сям’і ў грамадзтве, што мы называем агульным словам «клімат» вакол сям’і. Гэта, між іншым, інфармацыя, што тэмай зацікаўленыя дзяржаўныя ўлады. Палепшылася таксама апека над дзецьмі ў дзіцячых садках, я спадзяюся, што падобная сытуацыя будзе назірацца таксама ў ясьлях. Ёсьць выразныя сыгналы: нешта ў дадзеным пытаньні адбываецца.

Наймальнікі таксама паступова мяняюць свой падыход да працаўнікоў, якія маюць дзяцей і мусяць прысьвячаць ім час ды ўвагу. Працадаўцы пачынаюць разумець, што працаўнік, у якога шчасьлівае сямейнае жыцьцё, як правіла больш эфэктыўны, чым той, хто праседжвае на рабоце цэлымі днямі, бо няма ў яго іншых заняткаў.

Нараджальнасьць павышаецца, асабліва выразна гэты рост бачны, калі гаворка ідзе пра другое ды трэцяе дзіця ў сям’і. Паводле інфармацыі прэс-сакратара Галоўнага ўпраўленьня статыстыкі Караліны Давідзюк, у мінулым годзе, у параўнаньні з ранейшым годам, на сьвет прыйшло на 13 тыс. дзяцей больш.

К. Давідзюк: Нараджэньне другога дзіцяці – гэта рост на прыкладна 8 тыс., а нараджэньне трэцяга дзіцяці – рост на каля трох тысяч. Для параўнаньня трэба сказаць, што нараджальнасьць вырасла таксама ў сем’ях, якія рашыліся завесьці сваё першае дзіця, але толькі на дзьве тысячы.

Прафэсар Ірэна Катоўска падкрэсьлівае, што пакуль цяжка рабіць адназначныя ацэнкі ды ўпэўнена сказаць, што на рост нараджальнасьці аказала ўплыў праграма фінансавай дапамогі для сем’яў зь дзецьмі «Сям’я 500+». Дэмограф адзначыла, што дэмаграфічная структура польскага грамадзтва пагаршаецца, таму немагчыма прадухіліць падзеньне нараджальнасьці ў будучыні, нават калі маладыя людзі часьцей будуць рашацца завесьці дзіця.

І. Катоўска: Жанчын, якія могуць нарадзіць дзіця, будзе ўсё менш. Дзяцей часьцей за ўсё нараджаюць жанчыны ва ўзросьце 25-34 гадоў, хаця апошнім часам расьце колькасьць старэйшых маці. Нават калі б больш жанчын вырашалася завесьці чарговае дзіця, то і так гэта не палепшыць агульнага каэфіцыенту нараджальнасьці, уплыву колькасьці жанчын на колькасьць нованароджаных дзяцей.

Найбольш дзяцей прыходзіць на сьвет у цэнтральнай частцы Польшчы. Тут, у Мазавецкім ваяводзтве, зафіксаваны самы вялікі рост нараджальнасьці. Гаворыць прэс-сакратар Галоўнага ўпраўленьня статыстыкі Караліна Давідзюк.

К. Давідзюк: На другім месцы – Вялікапольскае ваяводзтва – больш за 38 тыс. нараджэньняў, Малапольскае – звыш 36 тыс і Ніжнесілескае – больш за 27 тыс. Найбольшы рост нараджальнасьці назіраецца сярод дзяцей, якія нарадзіліся ў якасьці другога і трэцяга дзіцяці ў сям’і. А сярод першынцаў нараджальнасьць вырасла толькі на дзьве тысячы асоб.

Лічбы па нараджальнасьці сьведчаць аб тым, што ў бягучым годзе ў Польшчы таксама павінна нарадзіцца больш дзяцей, чым годам раней. У першым квартале году на сьвет прыйшло каля 100 тыс. дзяцей. Гэта на 7 тыс. больш, чым год таму назад. На думку адмыслоўцаў, на рост нараджальнасьці пачало ўплываць увядзеньне праграмы дапамогі для сем’яў зь дзецьмі «Сям’я 500+», разьвіцьцё іншых форм актыўнай падтрымкі сем’яў, у прыватнасьці, увядзеньне Нацыянальнай карты вялікай сям’і, якая дазваляе шматдзетным карыстацца самымі рознымі льготамі.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт