Logo Polskiego Radia
Print

Вырабнікі смартфонаў б’юць цэнавыя рэкорды

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 14.09.2017 16:02
Новыя мадэлі тэлефонаў Apple зьдзівілі назіральнікаў ня столькі рэвалюцыйнымі тэхналёгіямі, колькі небывалымі коштамі.
USA APPLE LAUNCH

Вырабнікі смартфонаў б’юць цэнавыя рэкорды. Новыя мадэлі тэлефонаў Apple зьдзівілі назіральнікаў ня столькі рэвалюцыйнымі тэхналёгіямі, колькі небывалымі коштамі. Тэме прысьвечаны адзін з матэрыялаў сьвежага нумару газэты Rzeczpospolita. Прэзэнтацыя iPhone 8 сэрыі, а таксама мадэлі X, выхад якой прымеркаваны да 10-годдзя першага «разумнага тэлефону» кампаніі, адбылася ў аўторак і не прынесла вялікіх сэнсацыяў.

Па-першае, шмат інфармацыі пра новыя прадукты зьявілася ў сеціве яшчэ перад канфэрэнцыяй. А па-другое, навінкам, уласна, асабліва няма чым пахваліцца. Справа ў тым, што бескантактную зарадку, якую ў кампаніі Ціма Кука назвалі сапраўдным прарывам, ужо ня першы год прапануюць канкурэнты. Тэхналёгія распазнаваньня твараў падчас прэм’еры ўвогуле спрацавала далёка не адразу. Адзіным сапраўдным сюрпрызам, праўда, ня вельмі прыемным, сталі кошты. Іх павелічэньне топавыя брэнды дэманструюць рэгулярна, кажа аўтар артыкулу.

Калі ў 2008 годзе за iPhone трэба было заплаціць 600 даляраў, то ў 2016 актуальная мадэль каштавала ўжо больш за 900. Зараз жа самая перадавая з навінак – iPhone Х з аб’ёмам памяці 64 гігабайты – абыдзецца польскім карыстальнікам амаль у 5 тысячаў злотых (ці каля 1150 даляраў у эквіваленце). Кошт самага таннага з прадуктаў гэтага сэзону складае 3,5 тысячы злотых, то бок, прыблізна 820 даляраў.

Іншы гігант рынку – паўднёвакарэйскі Samsung – таксама дэманструе добры апэтыт. У 2010 годзе за флягманскі тэлефон канцэрну прасілі 500 даляраў. Цяпер – без малога тысячу. І ў бліжэйшым часе кошты наўрад ці пойдуць на спад. Усё гэта гаворыць аб тым, што аматарам высокіх тэхналёгіяў час прызвычаіцца да дарагіх абновак, адзначае Rzeczpospolita.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт