Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы ўзнавілася дыскусія пра доступ да зброі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 03.10.2017 15:45
  • доступ да зброі.mp3
Адпаведны законапраект унесла на разгляд Сэйму фракцыя Руху «Кукіз 15».
Foto: pixabay.com/CC0

На фоне трагічных падзей у ЗША, дзе ў перастрэлцы загінула 59 чалавек, у Польшчы пачаліся дэбаты пра права валоданьня зброяй. Адпаведны законапраект унесла на разгляд фракцыя Руху «Кукіз 15».

Уначы 2 кастрычніка ў Лас-Вегасе адбылася перастрэлка. 64 гадовы Стывэн Пэдак расстраляў з 32-паверха гатэлю з аўтаматычнай зброі слухачоў фэстывалю музыкі кантры. У выніку 59 чалавек загінулі, 527 былі параненыя. Частка зь пацярпелых - у крытычным стане.

Стралок застрэліўся, але адказнасьць за масавае забойства ўзяла на сябе Ісламская дзяржава. У сваю чаргу ФБР заявіла, што стралок ня быў зьвязаны з ніякімі міжнароднымі тэрарыстычнымі арганізацыямі. Гаворыць афіцэр ФБР Аран Роўз.

Аран Роўз: Сьледзтва не знайшло сувязі з міжнароднай тэрарыстычнай групоўкай. Мы будзем працягваць супрацу з нашымі партнэрамі, каб гарантаваць поўнае ды ўсебаковае высьвятленьне справы, каб вярнуць людзям супакой.

На фоне гэтай трагедыі ў Польшчы пачаліся дэбаты ў справе лібэралізацыі заканадаўства, якое рэгулюе доступ да зброі. Рух «Кукіз 15» падрыхтаваў адпаведны законапраект і перадаў яго на разгляд у камісію па заканадаўстве польскага Сэйма.

Паводле словаў дэпутата Руху Марэка Якубяка, фракцыя дамагаецца лібэралізацыі ў імя выкананьня базавага права грамадзян на абарону свайго жыцьця й здароўя. Страляніну ў Лас-Вегас дэпутат назваў непараўнальнай. Маўляў, няма ніякай сувязі паміж доступам да зброі ды масавымі забойствамі.

Марэк Якубяк: У Лас-Вэгасе ўсё было заплянавана. Больш за тое, усё было заплянавана так, каб павялічыць эфэктыўнасьць, трагічную выніковасьць аўтаматычнай зброі. Параўнаньне гэтых абедзьвюх сытуацыі зьяўляецца мэтавым перабольшваньнем. Тут мы маем справу з вар’ятам, які хутчэй за ўсё нелегальна здабыў зброю, ягонай мэтай было забіцьцё людзей. Наша мэта – абарона нас, права грамадзян валодаць зброяй для самаабароны. Гэта дзьве зусім розныя рэчы.

Дэпутат зазначыў, што падрыхтаваны законапраект адпавядае эўрапейскім патрабаваньням і прадугледжвае абмежаваньні ў доступе да зброі.

Марэк Якубяк: Мы дзейнічаем у некалькіх плашчынях. Па-першае, гэта ўзрост, толькі з 21 года. Па-другое, адсутнасьць судзімасьці, далей псыхалягічнае здароўе, таксама курсы карыстаньня зброяй, адпаведнае мэдычнае абсьледаваньне. На маю думку, асноўнай мэтай гэтага закону зьяўляецца стварэньня з некалькіх кепскіх аднаго сьпісу рэгістру зброі, які будзе добра дзейнічаць. Гэта выкананьне таксама эўрапейскіх дырэктыў.

У сваю чаргу палітыкі іншых польскіх партый, напрыклад, "Грамадзянскай плятформы" (РО) выступілі рашуча супраць прыняцьця паправак, якія пашыраюць доступ да зброі ў Польшчы. Так старшыня партыі Гжэгаш Схэтына заявіў Польскаму радыё, што страляніна ў Лас-Вэгас ды дзесяткі забітых і сотні параненых яскрава сьведчаць пра тое, што ў Польшчы зьмены ў сфэры доступу да зброі не патрэбныя. Тым больш, што ў краіне радыкалізуюцца грамадзкія настроі.

Гжэгаж Схэтына: Калі пішуць закон, які дае занадта вялікія магчымасьці ў гэтай сфэры, то ўсё можа скончыцца вельмі трагічна. Асабліва цяпер, калі ўзровень эмоцый ды нэгатыўных настрояў, гвалту ды ўзаемных прэтэнзій у Польшчы моцна ўзрос, павялічыўся. Тут трэба дзейнічаць вельмі асьцярожна.

У Польшчы пачаліся дэбаты па пытаньні пашырэньня доступу да зброі. Адпаведныя папраўкі ў закон падрыхтаваў Рух «Кукіз 15». Дакумэнты перададзены на разгляд у Сэйм.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт