Logo Polskiego Radia
Print

Апазыцыя не пакіруе Кыргыстанам

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 16.10.2017 15:45
  • Апазыцыя не пакіруе Кыргызстанам.mp3
Паводле апошніх падлікаў ЦВК Кыргыстану, на выбарах перамог праўладны кандыдат.
Foto: EPA/IGOR KOVALENKO/PAP

Паводле апошніх падлікаў ЦВК Кыргыстану, на выбарах перамог кандыдат Сацыял-дэмакратычнай партыі Сааранбай Жээнбекаў. Лідар апазыцыя Амурбек Бабанаў саступіў яму з 33% галасоў.

У нядзелю ў гэтай цэнтральнаазіяцкай рэспубліцы адбыліся прэзыдэнцкія выбары. ЦВК Кыргыстану сёньня раніцай апублікавала наступныя вынікі галасаваньня. 54,81% падтрымкі выбарцаў атрымаў лідар кіргіскіх сацыял-дэмакратаў, а 33,74% – лідар парлямэнцкай апазыцыі. Ручны падлік галасоў працягнецца 20 дзён, калі вынікі пацьвердзяцца, гэта будзе азначаць, што кіргіскія выбары завяршыліся першым турам. У сытуацыі ў гэтай краіне мы спрабуем разабрацца з дапамогай палітоляга Паўла Усава. Павал, спачатку скажыце, наколькі важна пасада прэзыдэнта ў Кыргыстане.

Павал Усаў: Гэтая рэспубліка мае даволі выключную сыстэму прэзыдэнцкай улады. Згодна з Канстытуцыяй, прэзыдэнт абіраецца тэрмінам на 6 гадоў, але займаць гэтую пасаду адна асоба можа ня болей за адзін тэрмін. З 2011 па 2017 год краінай кіраваў Алмазбек Атамбаеў, які здолеў за пэрыяд свайго прэзыдэнцтва рэалізаваць палітыку абмежаваньня канстытуцыйных правоў грамадзян і запусьціць кантраляваныя палітычныя працэсы. Дзякуючы гэтаму кіроўнай эліце ўдалося лёгка прасунуць свайго чалавека. Гэта дзейны прэм’ер-міністар Сааранбай Жээнбекаў.

Хто быў галоўным апанэнтам для ўлады на гэтых выбарах?

Павал Усаў: Сур’ёзным апанэнтам для дзейнай уладнай групы мог стаць Амурбек Бабанаў, кіраўнік буйной апазыцыйнай партыі Ата-Журт – Рэспубліка ды самая заможная асоба ў краіне. Яго капітал складае 1,5 мільярда даляраў. Больш за тое, як высьветлілася, Бабанаў мае непасрэдную падтрымку ад прэзыдэнта Казахстана Назарбаева. У верасьні, падчас выбарчай кампаніі Бабанаў сустрэўся з Назарбаевым, які выказаў кыргыскаму кандыдату свае палітычныя сымпатыі, што справакавала дыпляматычны скандал і напружанасьць у адносінах. Непрадказальнасьць сытуацыі з выбарамі прывяла да таго, што Алмазбек Атамбаеў не паехаў на сустрэчу прэзыдэнта краін-сябраў СНД, а таксама напружанасьці на мяжы з Казахстанам, які ўвёў пашыраны кантроль на мяжы.

Якая сытуацыя можа скласьціся пасьля выбараў? Як мы ведаем, у Кыргызстане ўжо быў досьвед рэвалюцый ды масавых выступленьняў, якія ўплывалі на сытуацыю ў краіне. Як будзе цяпер?

Павал Усаў: Афіцыйны Бішкек заявіў пра падрыхтоўку беспарадкаў пасьля выбараў. З гэтай прычыны былі арыштаваныя некалькі чалавек, у тым ліку дэпутат парлямэнта Канатбек Ісаеў, які нібы рыхтаваў захоп улады ў краіне збройным шляхам, калі ў выніку прайграе Бабанаў. Праблема Кіргізіі ў тым, што рэспубліка ня ў стане адарвацца ад аўтарытарнага мінулага, а суседзі - Казахстан і Расея не дазволяць гэтаму адбыцца. Рэспубліка зьяўляецца краінай-сябрам ЕўраЗЭС. Таксама і палітычныя эліты не імкнуцца да ўмацаваньня дэмакратычных інстытутаў і дыстансаваньня ад агрэсіўных суседзяў.

У Кыргызстане адбыліся прэзыдэнцкія выбары. Змаганьне за ўладу было вельмі інтэнсіўным. Пакуль выглядае, што перамогу атрымаў праўладны кандыдат.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт