Logo Polskiego Radia
Print

У Іране жанчыну вельмі проста пасадзіць у турму

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 21.10.2017 13:52
Расказвае аб гэтым іранская ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі міру за 2003 год.
Шырын ЭбадзіШырын Эбадзіcommons.wikimedia.org/By PersianDutchNetwork, CC BY-SA 4.0

Рэжым аяталы ў Іране як стары дом з патрэсканым падмуркам і ён можа разваліцца ў любой хвіліне, – кажа Шырын Эбадзі, іранская абаронца правоў чалавека і ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі міру за 2003 год.

Шырын Эбадзі прысутнічала на пратэсьце жанчын у Варшаве. Яна расказала тыднёвіку «Newsweek», што сытуацыя полек і іранскіх жанчын непараўнальная. «Калі б на вуліцы Тэгерану жанчыны выйшлі на такі пратэст, усё хутка скончылася б затрыманьнямі. Іранская жанчына, грамадзянка другога сорту, яна вельмі хутка можа апынуцца ў турме. У Іране за адну толькі размову аб правах жанчын чакаюць рэпрэсіі», – кажа Эбадзі.

У іранскіх турмах знаходзіцца шмат жанчын. Сярод іх журналісткі й блёгеркі. Яны правініліся тым, што супрацьстаялі дыскрымінацыі й патрабавалі прызнаньня правоў жанчын.

Сама Шырын Эбадзі таксама апынулася за кратамі ў ізалятары плошчай у адзін квадратны мэтар бяз ложка й акна. Яе не катавалі, але гэта вельмі часта здараецца ў іранскіх турмах.

У Іране ўсе арганізацыі зьяўляюцца забароненымі. Нельга займацца нават абаронай ад гвалту ў сям'і. Любыя сустрэчы лічацца змовай. Нягледзячы на гэта, фэміністычны рух у Іране разьвіваецца, хаця і ў кансьпірацыі. Жанчыны змагаюцца за свае правы, і іранскі рэжым іх баіцца, – кажа ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі міру за 2003 год Шырын Эбадзі, зь якой гутарыў «Newsweek».

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт