Logo Polskiego Radia
Print

Як кароль Жыгімонт ІІ Аўгуст ствараў Польскую пошту (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 25.10.2017 08:02
  • пошта.mp3
Пошта была створаная ў 1558 годзе, бо кароль хацеў вярнуць з Італіі паўтары тоны скрадзенага золата.
Карціна "Пасланец" Альфрэда Веруш-Кавальскага  Карціна "Пасланец" Альфрэда Веруш-Кавальскага commons.wikimedia.org/Public Domain CC0

Сёньня, каб выслаць ліст альбо нейкае паведамленьне, дастаткова націснуць кнопку на клявіятуры. Некалі лісты ішлі днямі альбо нават тыднямі праз складаную сыстэму паштовых станцый і конных кур’ераў. На днях Польскай пошце споўнілася 459 гадоў.

Днём нараджэньня Польскай пошты лічыцца 18 кастрычніка 1558 году: менавіта ў гэты дзень пачаў дзейнічаць міжнародны паштовы шлях з Польшчы ў Вэнэцыю. Перад гэтым таксама існавалі розныя сыстэмы сувязі, але яны ня мелі цэнтралізаванага характару й былі прыватнымі ініцыятывамі тагачасных прадпрымальнікаў, гаворыць прафэсар Яланта Хаіньска-Мікі.

Яланта Хаіньска-Мікі: Сваю сыстэму сувязі, пошты мелі польскія купцы, перш за ўсё тыя, хто займаўся міжнародным гандлем. Яны ўтрымлівалі сувязі са сваімі купецкімі дамамі, якія знаходзіліся на тэрыторыі Нямеччыны, Італіі, іншых дзяржаў. І гэтай паштовай сыстэмай, створанай купцамі, таксама карысталіся кароль і магнаты. Пераломным момантам у разьвіцьці пошты як інстытуту было стварэньне каралём Жыгімонтам ІІ Аўгустам Пошты Польскага Каралеўства. Гэта было каралеўскае прадпрыемства, якое ўзначальваў паштмайстар. Дарэчы, цікавы факт: ён атрымліваў пастаянны ганарар за свае паслугі, але акрамя таго, ён меў права на частку прыбытку ад даставак прыватнай пошты.

Першым паштмайстрам у 1558 годзе быў італьянец Проспэр Правана. Ён адкрыў першы пастаянны паштовы шлях з Кракава, тагачаснай польскай сталіцы, у Вэнэцыю празь Вену й Грац са стварэньнем сваіх паштовых станцый па-за межамі Польшчы. У 1564 годзе Сэйм прыняў гэтак званы «Ўнівэрсал на варшаўскія падводы» – гэта найстарэйшы ў польскай юрыдычнай сыстэме паштовы заканадаўчы акт.

Дарэчы, Жыгімонт ІІ Аўгуст стварыў Пошту Польскага Каралеўства невыпадкова. Справа ў тым, што яго маці, польская каралева Бона, дарэчы, італьянка, апошнія гады свайго жыцьця правяла на поўдні Італіі, дзе яе атруцілі ў 1557 годзе. Едучы ў Італію, Бона забрала з сабой з Польшчы 1,5 тоны золата, якое прысабечыў кароль Гішпаніі Філіп ІІ на падставе падробленага завяшчаньня. Жыгімонт ІІ Аўгуст хацеў вярнуць сабе каштоўны мэтал і для гэтага шукаў саюзьнікаў сярод манархаў усёй Эўропы. А для вядзеньня перапіскі патрэбная была зладжаная сыстэма дастаўкі карэспандэнцыі й камунікацыі. І таму паўстала пошта.

Паштовы
Паштовы фургон, 1920-1930-я гады XX стагодзьдзя/commons.wikimedia.org/Public Domain CC0

Дарэчы, у выніку Жыгімонт ІІ Аўгуст атрымаў малую частку прысвоенага золата, але пазытывам цэлай гісторыі стала стварэньне Польскай пошты.

Вялікі ўклад у разьвіцьцё паштовай сувязі зрабіў кароль Уладзіслаў IV Ваза, які ў XVІІ стагодзьдзі перанёс галоўную сядзібу пошты ў Варшаву. Дарэчы, яго бацька Жыгімонт ІІІ Ваза перанёс сталіцу каралеўства з Кракава ў Варшаву, за што яго кракавяне не далюбліваюць па сёньняшні дзень.

Даваенны
Даваенны паштовы кур'ер/commons.wikimedia.org/Public Domain CC0

Дык вось, у часы Уладзіслава IV Вазы паштовы паслугі сталі даступныя для ўсіх, хто мог за іх заплаціць – гэта не было ўжо прывілеям караля. Манарх плянаваў, каб у кожным населеным пункце з насельніцтвам мінімум 4 тыс. жыхароў была паштовая станцыя. На жаль, пляны не ўдалося рэалізаваць з-за войнаў і пустой казны.

Валеры Саўко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт