Logo Polskiego Radia
Print

Пчаляр прыйшоў у горад

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 17.12.2017 10:04
  • Пчаляр прыйшоў.mp3
Сёньняшні горад нічым ня горшы для пчол, чым вясковыя палі.
Foto: www.facebook.com/warszawskiebractwobartne

Прафэсія пчаляра асацыюецца ў першую чаргу з полем, лесам, вёскай. Ніяк ня горадам. Гэта не зусім дакладная асацыяцыя. Сёньня пчалярства разьвіваецца актыўна і ў гарадах. Адмыслоўцы кажуць, што сёньняшні горад нічым ня горшы для пчол, чым вясковыя лугі, здамінаваныя монакультурамі.

У вялікіх гарадах пачынаюць зьяўляцца групы аматараў пчалярства, якія закладаюць вульлі ці борці на дахах дамоў, у парках ды іншых месцах, а потым зьбіраюць мёд. З адной такой групай з Варшавы мы пазнаёміліся. Гэта Варшаўскае бортнае брацтва. Гэта група людзей, якія ў пошуках альтэрнатывы для імклівага рытму ды ціску сёньняшняга жыцьця, зацікавіліся пчалярствам. Чаму менавіта пчолы й што з гэтага выйшла? Пра гэта мы размаўляем з бартам-пчаляром Барташам Сьвёнткам.

Барташ Сьвёнтак: Можна так сказаць, я не пачуваюся бортнікам, хутчэй імкнуся ім стаць. Бортніцтва – гэта вельмі цікавая рэч. Мы імкнёмся са знаёмымі навучыцца гэтай прафэсіі і займацца гэтым. Настолькі, наколькі гэта магчыма ў горадзе.

Бортніцтва і пчолы асацыююцца ў першую чаргу з лесам, лугамі. Чаму вы выбралі горад. Дзе тут пачынаючы бортнік можа паставіць борці ці вульлі?

Барташ Сьвёнтак: Мы пакуль яшчэ ня ставілі борці. Гэта наша мара пакуль. Нам блізка натуральнае, блізкае да прыроды – пчалярства. Пакуль мы маладая арганізацыя, працуем паўтары гады. У Варшаве мы маем сем пчальнікоў, у розных месцах. Адна зь іх мае адукацыйны характар, дзе мы вучым дзяцей як трэба сябе паводзіць з пчоламі і з прыродай. Яшчэ адна пасека пад Варшавай. Яшчэ адна пры Варшаўскай газастанцыі, на даху Тэатра «Камёнэк» ды на дахах дамоў.

Ці горад – гэта адпаведнае месца для пчол?

Барташ Сьвёнтак: Вельмі добрае месца для пчол. Тут ёсьць вялікая біяразнастайнасьць. Тут расьце шмат расьлінаў. Варшава ўвогуле – зялёны горад. Тут шмат паркаў, лясоў, расьліннасьці, якая тут вельмі разнастайная. Па-другое, тут нідзе няма вялікіх палёў засаджаных адной культурай. Скажам 300 гектараў рапсу або соі, з чаго пчолам ніякай карысьці. Тут ёсьць батанічны сад. Мёд з ваколіц гэтага саду ў лябараторыі назвалі міжземнаморскім. Да таго ж у горадзе няма пэстыцыдаў ці іншых рэчываў, якія выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы. Пчолы так не труцяцца. Тым больш, што цяпер рыхтуецца Нацыянальная стратэгія па ахове насякомых-апыляльнікаў. Я спадзяюся, што выкарыстаньне шкодных рэчываў будзе забаронена ў Польшчы.

Якая рэакцыя людзей? Не баяцца, што тут пчолы, што іх могуць уджаліць?

Барташ Сьвёнтак: Па-рознаму людзі рэагуюць. Спачатку ёсьць страх. Але мы імкнёмся адукаваць людзей і казаць, што няма чаго баяцца пчол. Вядома, пчала можа ўджаліць. Трэба тут проста трымацца простых правіл бясьпекі. На паводзіны пчол уплывае надвор’е, шмат іншых чыньнікаў, трэба пра гэта памятаць падыходзячы да вульля. Гэта жывы арганізм. Сабака таксама можа ўкусіць. У Варшаве доўгі час не было пчол, гэта было забаронена. Легальным пчалярства ў сталіцы стала тры гады таму. Таму цяпер людзі з цікавасьцю глядзяць на пчол. Дзякуючы ім горад нашмат прыгажэй выглядае, больш колераў ды кветак. Іх прысутнасьць мае ўплыў на выгляд Варшавы.

Адкуль у Вас інтарэс да пчалярства? Дзе вы здабываеце веды пра прафэсію?

Барташ Сьвёнтак: У Польшчы ёсьць арганізацыі, якія займаюцца гэтым. Мы імкнёмся падтрымліваць зь імі кантакт. Вучымся ад іх. Інтарэс наш да пчалярства вынікае з сямейных традыцый. Мае дзяды былі пчалярамі. Апроч таго я раней працаваў у пэўным месцы, дзе ў назьве было слова пчала. Я вырашыў больш даведацца пра пчол. Так тры гады таму пазнаёміўся з майстрамі пчалярамі, стварыў пчальнік і пачаў займацца. Высьветлілася, што гэта вельмі файны занятак.

То бок бортніцтва ўжо не зьнікаючая прафэсія?

Барташ Сьвёнтак: Зьнікаючая. Але цяпер шмат прыкладаецца высілкаў, каб яго ўратаваць. Што цікава, цяпер Польшча і Беларусь: разам урадавыя ўстановы, грамадзкія ды навуковыя арганізацыі, імкнуцца ўпісаць бортніцтва з Цэнтральнай Эўропы ў сьпіс нематэрыяльнай сусьветнай спадчыны ААН.

Вы казалі, што пчалярства – гэта вельмі прыемны занятак. У чым яго прыцягальнасьць, чаму можна навучыцца ад пчол?

Барташ Сьвёнтак: Пчолы даўжэй жывуць на сьвеце чым людзі. Гэта вельмі цікавы супэрарганізм, які кіруецца сваімі законамі. Гэта зусім інакш, чым у людзей. Калі даведваешся пра іх паводзіны, камунікацыю праз танцы ці фэрамоны, розныя мэханізмы – гэта вельмі натхняе. У першую чаргу тое, што ўвесь вулей, уся сям’я 60-70 тысяч пчол працуе разам дзеля дасягненьня адной мэты – каб выжыць. Яны робяць усе, дзеляцца абавязкамі так, каб рэалізаваць гэтую мэту.

"Ад пчол ёсьць чаму павучыцца", - кажа пчаляр Барташ Сьвёнтак з Варшаўскага бортнага брацтва.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт