Logo Polskiego Radia
Print

Словы польскага прэм'ер-міністра выклікалі абурэньне ў Ізраілі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 19.02.2018 14:02
Якім чынам могуць разьвівацца польска-ізраільскія адносіны? Гэта залежыць ад Канстытуцыйнага суду.
М. Маравецкі на канфэрэнцыі ў МюнхэнеМ. Маравецкі на канфэрэнцыі ў МюнхэнеPAP/EPA/KUHLMANN / HANDOUT

Выказваньне прэм’ер-міністра ў Мюнхэне выклікала новы віток напружаньня ў польска-ізраільскіх адносінах – нагадвае «Rzeczpospolita». Гэта наступства прыняцьця ў Польшчы рэзананснага закону аб Інстытуце нацыянальнай памяці, які прадбачвае крымінальную адказнасьць за ўскладваньне на палякаў віны за злачынствы нямецкіх нацыстаў падчас вайны.

У Мюнхене журналіст Ронэн Бэргман расказаў прэм’еру Матэвушу Маравецкаму пра тое, што падчас акупацыі ягоную маці перасьледавалі палякі. І дадаў, што ў выніку новага закону за такія аповеды аўтар можа трапіць у турму. Маравецкі адказаў: «Канешне ж, не, за гэта нікога ня будуць караць. Гэта ня будзе злачынная дзейнасьць, калі хтосьці скажа, што былі польскія злачынцы, таксама, як былі габрэйскія злачынцы, расейскія ці ўкраінскія, ня толькі нямецкія».

Гэтыя словы выклікалі хвалю абурэньня ў Ізраілі. З заявай выступіў таксама старшыня Сусьветнага кангрэсу габрэяў Рональд Лаўдэр, які мяркуе, што выказваньне Маравецкага было «абсурдным і несумленным».

Польскі ўрад спрабаваў патлумачыць выказваньне прэм’ера, заяўляючы, што «словы Матэвуша Маравецкага ні ў якім разе ня значылі адмаўленьня Галакосту ці ўскладваньня на габрэйскіх ахвяр якой-колечы адказнасьці за нямецкія злачынствы».

Якім чынам могуць разьвівацца цяпер польска-ізраільскія адносіны? Гэта ў вялікай ступені залежыць ад рашэньня Канстытуцыйнага суду, які павінен выдаць свой вэрдыкт наконт закону. Неафіцыйна палітыкі кіруючай партыі «ПіС» кажуць, што суд можа ўвесьці дапаўненьні, каб закон быў больш дакладны. Дарэчы, адзінага стаўленьня да закону няма нават сярод людзей уладных структур у Польшчы. «Ідыёцкім» назвала яго дарадчыца прэзыдэнта Анджэя Дуды Зофія Рамашэўска, нэгатыўна пра юрыдычны акт казаў таксама былы прэм’ер-міністар Ян Альшэўскі, з ім згодныя многія гісторыкі.

Рашэньне КС будзе для ПіС верагодней за ўсё адзіным ганаровым выхадам з сытуацыі.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт