Logo Polskiego Radia
Print

Зіма маніць адпачынкам у гарах

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 25.02.2018 11:02
  • Зіма маніць.mp3
Добра адпачыць можна ня толькі летам, зіма таксама прапануе мноства цікавых варыянтаў для адпачынку.
Foto: pixabay.com/CC0

Часам адпачынкаў лічыцца лета. У жніўні ў розных эўрапейскіх краінах, Беларусь тут не выключэньне, часта замірае эканамічнае ды грамадзкае жыцьцё, бо людзі зьяжджаюць адпачываць.

Добра адпачыць можна ня толькі летам, зіма таксама прапануе мноства цікавых варыянтаў для адпачынку. Адзін зь іх – выезд у горы. Што такога цікавага можна рабіць зімой у гарах? За апошнія гады вельмі папулярным зрабіўся горналыжны спорт ды снаўборд. Дайшло да таго, што зьявіліся падзелы на аматараў лыж ды снаўборду. Гэтая спрэчка ў гратэскавай форме паказаная ў папулярнай расейскай камэдыі «Ёлки». Там два героі спрачаюцца наконт таго, што больш крута: лыжы ці снаўборд. У спробе знайсьці адказ на дадзенае пытаньне, героі трапляюць у розныя камічныя сытуацыі.

/

Сёньняшні наш госьць інструктар язды на сноўбордзе Марцін Устымовіч даўно для сябе адказаў на гэтае пытаньне. Яго больш цікавіць снаўборд. Як так сталася?

Марцін Устымовіч: Будучы юнаком, я трапіў у адпаведнае месца. Сваякі майго знаёмага вярнуліся з гор, дзе езьдзілі на снаўбордзе. Увечары падчас гучнай імпрэзы распалілі вогнішча, узялі свае лыжы ды дэманстрацыйна іх спалілі. Для нас маладзёнаў – гэта быў ясны сыгнал, што лепш, а што горш.

/

Разам з тым наш суразмоўца перакананы, што выбар сродку, на якім езьдзіцца з гары па сьнезе, зусім не прынцыповы. Галоўнае, каб тое, што вы робіце Вам прыносіла прыемнасьць.

Марцін Устымовіч: Аб’ектыўна гледзячы, самае важнае, – гэта проста атрымліваць асалоду, бавіцца разам, езьдзіць і мець з гэтага прыемнасьць. Ня важна на чым вы езьдзіце, ці гэта лыжы, ці на снаўбордзе. Усе езьдзяць па тых самых гарах, па тым самым сьнегу і пад тым самым сонцы. Не істотна тое, ці ў вас свабодныя дзьве нагі, ці зьвязаныя!

Карыстаючыся з таго, што ў нас у гасьцях прафэсійны снаўбардыст, мы папрасілі яго распавесьці крыху больш пра тое, што такое снаўборд. Адкуль ён узяўся?

Марцін Устымовіч: Снаўборд зьявіўся такім чынам, што Шэрман Папэн злажыў дзьве лыжы для сваіх дзяцей. Шэрман Папэн – гэта быў францускі сёрфэр, які жыў у Альпах. Для сваіх дзяцей, ён зрабіў так, каб яны маглі езьдзіць па сьнезе без наяўнасьці падрыхтаваных трас па сьвежым сьнегу. Ён зьвязаў ім дзьве лыжы. Потым яны сабе пераставілі мацаваньні з франтальнай пазыцыі на бакавую. Вось так зьявіўся сноўборд. Натхненьнем быў сёрфінг, а не ролікавая дошка.

/

Што трэба мець, каб пачаць займацца снаўбордам? Які бюджэт трэба на гэта прысьвяціць?

Марцін Устымовіч: Пачынаць трэба, зразумела ж з дошкі, на якой будзем зьяжджаць з гары. Да яе патрэбны мацаваньні, якія злучаць нашыя ногі з дошкай, на якой мы езьдзім па сьнезе. Патрэбны адмысловыя боты для снаўборду. Таксама патрэбны нам шлем. Гэта вельмі важны элемэнт, бо едучы па цьвёрдай сьнежнай трасе, пры падзеньні ўдар галавой, гэта як ударыцца галавой аб бэтон. Што да адзеньня, то тут пануе свабодны стыль. Галоўнае, каб ваша вопратка не намакала, была цёплай, бо высока ў гарах можа быць холадна. Таксама для пачынаючых раю ахоўныя шчыткі. Спачатку на снаўбордзе найчасьцей падаем на калені і сьпіну. Што да бюджэту, то пры жаданьні можна знайсьці патрыманыя рэчы ці на распрадажы за 200-300 даляраў за камплект.

Куды можна паехаць, каб пакатацца?

Марцін Устымовіч: Усё залежыць ад таго, дзе вы жывяце і якія маеце сродкі. Кажучы пра Польшчу, то варта назваць Каспровы верх. Гэтай найвышэйшы горналыжны курорт у Польшчы, але ён цяжкадаступны. Іншыя вядомы месцы – гэта курорт Шчырк. Ён добра разьвіваецца апошнія гады, збудавана там спалучэньне з іншымі асяродкамі. Ёсьць яшчэ Бялка ў Татрах з гарачымі мінэральнымі крыніцамі. Файны снаўпарк ёсьць у Вітове, яшчэ б я назваў такія цэнтры як Пільско, Карбэлюў. Туды варта паехаць і не змарнуеце час. Што тычыцца замежжа, то найбольш разоў я быў у італьянскім курорце Лівіньё. Ёсьць яшчэ цікавае месца ў Францыі – Альп Дзю Эс, дзе гатэлі месьцяцца па-над хмарамі, што вельмі прыгожа. З гатэлю можна адразу трапіць на пад'ёмнік. Файная справа.

Горналыжны спорт перастае быць выключна элітарным ды дарагім заняткам. Сёньня ёсьць усё больш магчымасьцяў, каб паспрабаваць пакатацца на лыжах ці снаўбордзе і для людзей сярэдне заможных. Суседкі Польшчы, Украіны ды Славаччына прапануюць сучасныя горналыжныя курорты па даступных цэнах. Рыштунак можна набыць за невялікія грошы. Тэхніку язды можа вывучыць кожны. Паспрабуйце пакатацца на лыжах ці снаўбордзе, кажа наш экспэрт, і вы адкрыеце для сябе зіму зь іншага боку.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт