Logo Polskiego Radia
Print

Чаму многія маладыя дарослыя ня хочуць пакінуць родны дом?

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 06.03.2018 09:13
  • дарослыя дзеці.mp3
На думку псыхоляга, асноўная прычына - у гіпэрапецы бацькоў.
Ілюстрацыйны здымакІлюстрацыйны здымакwww.pixabay.com/CC0 Public Domain

Паводле статыстычных дадзеных, адна трэцяя польскіх жанчын ва ўзросьце 25-34 гадоў і каля 44% мужчын у гэтым жа ўзросьце жыве ўсё яшчэ з бацькамі. Палякі, асабліва мужчыны, таксама як італьянцы, як правіла любяць і слухаюць маму, з якой цяжка расстацца.

Мамачкі ім гатуюць ежу, мыюць брудную бялізну, робяць бутэрброды на працу, будзяць раніцай. Гаворка ідзе не пра падлеткаў, а пра дарослых мужчын, радзей – жанчын. Гэтая італьянская мадэль пачынае ўкараняцца ў розных краінах сьвету, між іншым у Польшчы, – гаворыць псыхоляг Маніка Дрэгэр.

М. Дрэгэр: Мамы не ставяць дарослым дзецям патрабаваньняў, не чакаюць, што яны зьедуць ва ўласную кватэру. А дарослым дзецям так жывецца вельмі зручна, яны самі не сьпяшаюцца з-пад гэтай цёплай коўдры бацькоўскай апекі выхадзіць. Прычына такога стану рэчаў – перш за ўсё гіпэрапека з боку бацькоў. Яны вырашаюць за дзіця ўсе праблемы, скажам, калі ў яго канфлікт з аднаклясьнікам у школе, то яны ідуць у школу і вырашаюць справу, а не падтрымліваюць дзіця, каб яно само вырашыла канфлікт. І так ва ўсім.

У грамадзтве шырока распаўсюджаны погляд, што часьцей гэтая праблема датычыць мужчын, чым жанчын. І на самой справе так яно і ёсьць, але таксама каля адной трэцяй дарослых жанчын пражывае разам з бацькамі. Тым ня менш, калі бацькі зьвяртаюцца па дапамогу, то часьцей сапраўды яны кажуць пра сына.

М. Дрэгэр: Я займаюся тэрапіяй для пар. І калі да мяне прыходзіць пара, якая кажа, што іх дарослае дзіця ня хоча пакінуць бацькоўскі дом, то часьцей за ўсё гэта мужчына. З іншага боку, часта жанчыны кажуць, што іх муж моцна зьвязаны са сваёй мамай, ня можа разрэзаць пупавіну. Такія мужчыны, нават калі яны зьедуць з дома, завядуць уласную сям’ю, то іх саюз часта слабы, нестабільны, нясьпелы. І часта заканчваецца тым, што другі бок кажа: мне ўжо надакучыла быць тваёй мамай, я хачу мець каля сябе партнэра, а не дзіця.

Жанчыны ў сваёй большасьці імкнуцца да таго, каб кімсьці апекавацца, ім падабаецца нават няньчыць такога дарослага мужчыну, якога яны пакахалі. Але такі падыход можа стаць пасткай у пазьнейшым часе, калі паявіцца дзіця.

М. Дрэгэр: Яны не бяруць пад увагу, што ім прыйдзецца так апекавацца мужчынам да позьняй старасьці. І, скажам, калі паяўляецца дзіця, у іх ужо няма сілы і часу займацца і малым, і вялікім дзіцём, яны кажуць: «Я хачу партнэра. Супрацы». А партнэр ня хоча. Яму падабаецца, што хтосьці яго няньчыць. І пачынаюць паяўляцца канфлікты.

А ці дарослыя дзеці абавязкова павінны пакідаць бацькоўскі дом? Можа, хай так далей жывуць, калі ўсім такі стан падабаецца.

М. Дрэгэр: У нашым жыцьці ёсьць пэўныя этапы. Адзін з іх – выхад з роднага дому і заснаваньне ўласнай сям’і. Для нашага правільнага разьвіцьця добра прайсьці праз усе гэтыя этапы. А што перашкаджае? Як мы ўжо казалі, па-першае, гэта гіпэрапека з боку бацькоў, галоўным чынам маці. Па-другое, адсутнасьць абавязкаў у дзяцінстве. Нават малыя дзеці могуць памагаць па дому, прыбіраць пасьля сябе і гэтак далей. Такім чынам мы вучым дзяцей, што часам трэба нешта зрабіць і што ў іх ёсьць некаторыя абавязкі. Правільнае выхаваньне дзіцяці ўключае ў сябе патрабаваньні ды заданьні. І варта гэта рабіць.

Здараецца, што бацькі цягам дзяцінства сына ці дочкі ўсё за іх робяць, а калі даросламу дзіцяці ўжо 25-30 гадоў, яны пачынаюць разумець, што дзесьці зрабілі памылку, выхоўваючы каралевіча ці каралеўну-беларучку. Што тады рабіць?

М. Дрэгэр: Усё ж такі сказаць дзіцяці, якія нашы спадзяваньні. Будзе гэта цяжка зрабіць, таму лепш уводзіць абавязкі ў жыцьцё маладога чалавека з самых малых гадоў. Трэба заявіць сыну ці дачцэ: ты павінен/павінна зьехаць з дому, скажам, да будучага лета. І не перакладваць тэрміну, калі так не стане. Таксама хай дзіця само робіць сабе ежу, прыбірае і гэтак далей. Тут мама павінна быць пасьлядоўнай: калі сын ходзіць у бруднай вопратцы, то яна павінна заплюшчыць на гэта вочы, гаворачы сабе: гэта яго справа.

Некаторыя бацькі, ня могучы дапрасіцца, каб сын або дачка выконвалі свае хатнія абавязкі, плацяць маладым людзям за тое, што яны вынясуць сьмецьце ці памыюць посуд. Меркаваньнем псыхоляга, гэта ня самы лепшы выхад. Такім чынам яны будуюць вонкавую матывіроўку, а не ўнутраную, якая павінна быць базісам нашага пачуцьця абавязку.

І Пр. ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт