Logo Polskiego Radia
Print

У Беларусі рыхтуюцца да Сьвята Незалежнасьці

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 13.03.2018 18:30
  • У Беларусі рыхтуюцца.mp3
Праз 2 тыдні Беларусь будзе адзначыць 100-годзьдзе абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.
Foto: symbal.by/bnr100/

У гэта дзень беларусы сталі ў адзін шэраг з народамі Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропы, якія пачалі адбудоўваць сваю дзяржаўнасьць на руінах Расейскай імпэрыі.

2018 для рэгіёна вельмі важны год. Сёлета многія краіны адзначаюць 100-годзье сваёй незалежнасьці. У 1918-м годзе на сусьветных мапах зьявіліся Летува (16 лютага), Эстонія (24 лютага), Латвія (4 траўня), Польшча (11 лістапада). У сакавіку сваю незалежнасьць абвясьцілі й беларусы ў рамках Беларускай Народнай Рэспублікі. У адрозьненьні ад суседзяў беларусы сваю незалежнасьць не захавалі, але БНР змусіла бальшавікоў утварыць БССР. Пасьля распаду Савецкага Саюза Беларусь стала незалежнай. 25 сакавіка было названа Днём Волі й лічыцца цяпер адной з галоўнай дат у гісторыі Беларусі, як пачатак фармаваньня незалежнай беларускай дзяржавы. Гэтай датай беларусы павінны ганарыцца, перакананы журналіст, віцэ-дырэктар Белсата Аляксей Дзікавіцкі.

Аляксей Дзікавіцкі: Сёлета 100 год абвяшчэньня незалежнасьці сьвяткавала Летува ды будзе сьвяткаваць Польшча. У іх атрымалася адваяваць сваю дзяржаву. У беларусаў таксама была спроба сваёй незалежнасьці. Гэта абвяшчэньне БРН. На жаль тады яна не зусім атрымалася. Разам з тым мы сталі ў шэраг з іншымі эўрапейскімі народамі, якія тады адбудоўвалі сваю незалежнасьць. Калі сёньня мы будзе казаць пра гэта, нас будуць успрымаюць як эўрапейскую нацыю. Мы мелі сілы і здольнасьць таксама заявіць пра сваю незалежнасьць. Мы сталі ў шэраг з нашымі суседзямі. Хаця ў нас тады не атрымалася, нам няма чаго саромецца. Мы эўрапейскі народ.

Сёлета Стагодзьдзе БНР выклікала вялізарнае ўзрушэньне ў Беларусі. Упершыню дадзены дзень будзе адзначацца ў фармаце дазволенага сьвята. Для параўнаньня летась 25 сакавіка Менск выглядаў як паліцэйскі горад: усюды ачапленьні, кардоны міліцыі масавыя затрыманьні. У гэтым годзе ў беларускай сталіцы на 25 сакавіка ладзіцца ўрачысты мітынг і канцэрт на 100-годдзе БНР з удзелам вядомых беларускіх музыкаў: Лявона Вольскага, «Крамы», Neuro Dubel, Dzeciuki, Akute, The Superbullz, Касі Камоцкай ды іншых. Як зазначаюць арганізатары з агульнанацыянальнай кампаніі «БНР 100 – Адсьвяткуйма разам!», канцэрт дазволены Менгарвыканкамам.

Грошы на сьвята зьбіраюцца праз краўдфандынгавую плятформу «Талака» пад лёзунгам «#БНР100 – годна адзначым 100-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі». Менскія ўлады вызвалілі арганізатараў ад платы за паслугі міліцыі і мэдыкаў, а таксама ад уборкі тэрыторыі. Сьвяточныя акцыі таксама ладзяцца ў Берасьці і Горадні ды Гомелі. Улады далі вусны дазвол. Заяўкі на мітынгі паддадзеныя таксама ў Баранавічах, Віцебску і Магілёве.

Стагодзьдзе БНР не пакінула абыякавымі й беларусаў замежжа. У Канадзе ў будынку нацыянальнага парлямэнту адбылося ўрачыстае сьвяткаваньне ўгодкаў БНР. Мерапрыемства зладзілі Згуртаваньне беларусаў Канады й Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе. У Варшаве актывісты «Беларускага дома» ладзяць цэлы маратон сьвяточных мерапрыемстваў, які будзе доўжыцца амаль год да 11 лістапада, калі адраджэньне сваёй незалежнасьці будзе адзначаць Польшча.

Улад Кабец: Сёлета мы ладзім маратон падзей прысьвечаны сьвяткаваньню 100 год абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Маратон будзе доўжыцца цэлы год і скончыцца 11-га лістапада, калі мы будзем разам з палякамі сьвяткаваць дзень Незалежнасьці Польшчы. Апроч таго заплянаваныя шматлікія культурныя акцыі, навуковая канфэрэнцыя ў Варшаўскім унівэрсытэце на тэму БНР. Галоўнай жа акцыяй стане шэсьце ды канцэрт на 25 сакавіка, які пройдзе ў польскай сталіцы. Гэтак мы беларусы Варшавы хочам салідарызавацца з беларусамі ў Беларусі.

2018 год стане годам высыпу мноства культурных ды навуковых мерапрыемстваў прысьвечаных 100 год БНР. Ладзяцца: круглых сталоў, канфэрэнцый, дыскусій. Выходзяць кнігі ды паштоўкі ды шмат іншага.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт