Logo Polskiego Radia
Print

"Беларуская вёска" ў беластоцкім музэі пад адкрытым небам

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 16.04.2018 16:27
  • Беларуская вёска.mp3
Падляскі музэй народнай культуры прадставіць прыклады беларускай традыцыйнай архітэктуры.
Ілюстрацыйны здымакІлюстрацыйны здымакwww.pixabay.com/CC0 Creative Commons

Амаль паўмільёна злотых атрымае Падляскі музэй народнай культуры на стварэньне сэктара, дзе будуць прадстаўленыя традыцыйныя драўляныя будынкі зь беларускіх вёсак з ваколіц Бельска Падляскага й Гайнаўкі. «Беларуская вёска» ў беластоцкім скансэне – гэта старая ідэя, якую мы ўжо пакрысе рэалізуем" - адзначае ў размове са Зьмітром Косьціным дырэктар Падляскага музэя народнай культуры Артур Гавэл.

А. Гавэл: Праект прадугледжвае пабудову ў Падляскім музэі народнай культуры сэктара ўсходнепадляскага будаўніцтва, гэта значыць “беларускай вёскі”. Сэктар будзе складацца з трох-чатырох панадворкаў. Разам там будуць, акрамя жылых дамоў, і гаспадарчыя пабудовы, такія як гумны, сьвіраны, будынкі для інвэнтару. Агулам будзе каля 12-14 будынкаў. На гэты момант мы ўжо маем першы разьмешчаны аб’ект – гумно зь вёскі Рудуты ў Арлянскай гміне, вельмі цікавае, датаванае паловай ХІХ стагодзьдзя, з чатырохспадным дахам крытым саломай, зь цікавым надпісам, які быў выразаны падчас асьвячэньня гэтага гумна. Акрамя гэтага гумна мы купілі два жылыя дамы ў вёсцы Чыжы. Першы дом пабудаваны ў ХІХ стагодзьдзі й датаваны 1887 годам. Там ёсьць надпіс, таму можна дакладна вызначыць, у якім годзе гэты будынак паставілі. Другі жылы дом датуецца канцом саракавых гадоў ХХ стагодзьдзя, больш позьнім пэрыядам. І гэтыя два аб’екты мы плянуем сёлета разабраць ды перавезьці ў скансэн. Прынамсі адзін зь іх мы хочам усталяваць у музэі яшчэ сёлета. Спэцыяльна для гэтага сэктара мы ў будучыні будзем набываць чарговыя будынкі, пра якія я згадаў раней. Я думаю, што цалкам усе гэтыя будынкі, усе гэтыя тры-чатыры панадворкі зьявяцца цягам пяці-шасьці гадоў. Такім чынам, гэта праца расьцягнутая на даўжэйшы пэрыяд, але мне здаецца, што гэта вельмі важная для нас справа. Хаця й маем у Падляскім ваяводзтве апрача Падляскага музэя народнай культуры іншыя музэі пад адкрытым небам, скансэны ў Цеханоўцы і ў Ломжы, яны ахопліваюць іншыя абшары. Мы адзіны музэй, які ўключае абшар Усходняга Падляшша, і таму я лічу, што гэтыя будынкі павінны тут зьявіцца.

Ці можна сказаць, што архітэктура гэтых будынкаў спэцыфічная, адрозьніваецца ад іншых будынкаў Беласточчыны або агулам падляшша?

А. Гавэл: Так можна сказаць. У нас у скансэне ёсьць аб’ект, які мы называем дробнашляхецкім засьценкам, ён характэрны для Беласточчыны, і там ёсьць аб’екты, якія тыповыя для Захаду ваяводзтва. Яны разьмешчаныя на трох панадворках. Жылыя пабудовы ўжо размешчаныя асобна. На ўсходзе Падляшша – гэта аб'екты так званай “працяглай забудовы”, пад адным дахам злучаныя жылыя й гаспадарчыя памяшканьні, ну, і вёска цягнецца “шнурам”. Я зацеў бы ісьці ў гэты бок, паказаць характэрную забудову вёскі “шнурам” – жылыя дамы шчытом глядзяць у бок вуліцы, якая праходзіць празь вёску, а за імі, вядома, гаспадарчыя будынкі, разьмешчаныя пэрпэндыкулярна да жылых дамоў. Такім чынам, гэтая забудова наглядна адрозьніваецца.

Ці такая архітэктуал існуе яшчэ ў натуральным асяродзьдзі, ці, можа, сучасная архітэктура, у якой шмат плястыку, забівае гэтыя старадаўнія матэрыялы?

А. Гавэл: Калі гаварыць пра паасобныя аб’екты, дык, вядома, можна іх знайсьці. У некаторых мясцовасьцях яшчэ можна знайсьці захаваную пляніроўку панадворкаў. Але, калі казаць пра элемэнты, дык яны часта не захаваныя. Напрыклад, у гэтым найстарэйшым будынку зь ХІХ ст., які мы купілі ў Чыжах, былі выкрыстаныя больш сучасныя матэрыялы. Ён першапачаткова быў крыты саломаю, на гэты момант ён пакрыты гонтаю. Мы, вядома, вернемся да саламянай страхі. Як мы ўсе разумеем, саламяная страха – гэта пакрыцьцё, якое сёньня амаль не выкарыстоўваецца. Ну, зразумела, дзесьці там адзінкава можна знайсьці нейкі, часьцей за ўсё, моцна занядбаны будынак, які стаіць і многія гады не рамантуецца. Зусім інакш выглядае справа ў скансэне, дзе будынкі дагледжаныя й ствараюць нейкую цэласнасьць, завершанасьць забудовы. Тады ёсьць цалкам іншае ўспрыманьне, і нам залежыць на тым, каб перадаць спэцыфіку забудовы ў як мага лепшай форме. Мы хочам, каб усе тыя, хто прыедзе сюды, у скансэн, будуць наведваць музэй, забралі з сабою найлепшыя ўспаміны, што сапраўды гэтая наша падляская вёска была прыгожай, і што нашы продкі жылі ў прыгожых драўляных будынках. Гэта варта падкрэсьліць, бо штораз часьцей у тых вёсках, дзе яшчэ нядаўна былі практычна толькі драўляныя будынкі, зьяўляюцца мураваныя й зьмяняюць дыямэтральна характар забудовы. Такім чынам, паасобныя аб’екты можна яшчэ знайсьці, і мы іх купляем для музэя. А калі вядзецца пра ўвесь комплекс і яго сукупнасьць, складана зазначыць адно месца, дзе можна было б пабачыць забудову ў такім даўнейшым выглядзе, крытую саломай.

Грошы на першы этап прац над «беларускай вёскай» вылучыла Маршалкоўская ўправа Падляскага ваяводзтва.

зк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт