Logo Polskiego Radia
Print

Як польскі селянін змагаўся з кайзэраўскай Прусіяй (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 27.04.2018 19:13
  • Drzymała.mp3
Міхал Джымала пайшоў на хітрыкі: ён штодзённа крыху перасоўваў фургон, каб паказаць чыноўнікам, што павозка не зьяўляецца нерухомасьцю.
Першы фургон Міхала ДжымалыПершы фургон Міхала Джымалы

Сёньня ў рубрыцы «Машына часу» – гісторыя польскага селяніна, які стаў сымбалем змаганьня за справядлівасьць і адначасова супраць германізацыі польскіх земляў. У свой час ён быў вядомы ня толькі на сваёй радзіме, але й з мяжой. За яго заступаліся Генрык Сянкевіч, Баляслаў Прус, Леў Талстой ды іншыя вядомыя сучасьнікі. А звалі селяніна Міхал Джымала.

Міхал Джымала нарадзіўся ў 1857 годзе на тэрыторыі, якая ў той час уваходзіла ў склад Прусіі. Нагадаем, ажно 123 гады, да 1918 году, Польшчы як краіны не існавала. Яе землі былі падзеленыя паміж Расеяй, Прусіяй і Аўстра-Вугоршчынай.

Дарэчы, на днях споўніўся 81 год з моманту сьмерці Міхала Джымалы – ён памёр 25 красавіка 1937 году ў заходняй Польшчы, дзе й пражыў усё жыцьцё (пахаваньне адбылося 29 красавіка). Вёска Падградавіцэ, дзе селянін паставіў свой славуты фургон, у 1939 годзе была перайменаваная на Джымалова. Але пра ўсё па парадку.

Пасьмяротны
Пасьмяротны здымак Міхала Джымалы

Міхал Джымала падзарабляў, возячы на сваім кані цэглу. Калі ў 1904 годзе ён зарабіў дастатковую суму грошай, то купіў зямельны ўчастак і вырашыў пабудаваць дом у Падградавіцэ ў правінцыі Позэн (сёньняшні польскі Познань). Але прускія чыноўнікі адмовіліся прадаставіць Джымале права на пабудову дома. У тым жа годзе ён купіў цыркавы фургон і стаў жыць у ім.

Нямецкія чыноўнікі аднак устанавілі, што фургон, які стаіць на адным месцы на працягу 24 гадзін, зьяўляецца домам і, такім чынам, загадалі Джымале выселіцца, бо ж дазволу на будаўніцтва яны не давалі! Але польскі селянін знайшоў выхад з сытуацыі, пайшоўшы на хітрыкі: ён кожны дзень перасоўваў фургон на некалькі дзясяткаў сантымэтраў, каб паказаць чыноўнікам, што павозка не зьяўляецца нерухомасьцю.

У 1908 годзе грамадзкасьць сабрала грошы на лепшы фургон для селяніна. У 1966 годзе журналісты Польскага радыё сустрэліся з адным з сыноў непакорнага паляка – у яго было 5 сыноў. Вось што тады распавёў Марцін Джымала, сын Міхала.

Марцін Джымала: У першым фургоне было вельмі цесна. Бацька за яго заплаціў 300 нямецкіх марак – на той час гэта былі вялікія грошы. А вось другі фургон быў большы: 8 м даўжыні, шырыня – 3,5 м. У ім быў пакой ды кухня, вось толькі гатаваць нельга было. Калі жандар бачыў, што з коміна ідзе дым, дык хутка прыбягаў і крычаў, забараняў. Прыходзілася гатаваць на адкрытым паветры ля фургона.

Па меры росту папулярнасьці Джымалы (нагадаем, за яго нават заступіўся Леў Талстой), людзі пачалі прыяжджаць паглядзець на фургон. З-за гэтага селянін быў пасаджаны немцамі ў турму як арганізатар незаконнага сходу.

Юзэфа
Юзэфа Джымала, жонка Міхала, з сынам Пётрам перад сустрэчай з познаньскім ваяводам, Познань, 1938 год

Праз пяць гадоў па надуманай прычыне селянін быў прыгавораны да штрафу. Калі ён яго не заплаціў, то быў арыштаваны, а фургон немцы зьнішчылі. Пасьля выхаду з-за кратаў Джымала пабудаваў зямлянку, але й яе прускія ўлады разбурылі. І тады ў 1909 годзе ён прадаў зямлю.

У незалежнай Польшчы Джымале як герою дзяржава падарыла гаспадарку. У 1937 годзе ён пасьмяротна быў узнагароджаны Ордэнам Адраджэньня Польшчы.

Падчас Другой сусьветнай вайны немцы зраўнялі магілу Міхала Джымалы зь зямлёй.

Пахаваньне
Пахаваньне Міхала Джымалы, 29 красавіка 1937 году

У Польшчы Міхал Джымала й надалей зьяўляецца сымбалем барацьбы за незалежнасьць, за свае грамадзянскія й чалавечыя правы.

Валеры Саўко

фота: Narodowe Archiwum Cyfrowe

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт