Logo Polskiego Radia
Print

Экатурызм як брэнд для Беларусі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 06.05.2018 11:15
  • Экатурызм.mp3
Турызм прыязны для навакольнага асяродзьдзя можа стаць маркай для Беларусі.
Foto: pixabay.com/CC0

Беларусь зьявілася на турыстычнай мапе сьвету. Увядзеньне бязьвізу спрасьціла магчымасьці прыезду ў краіну. Гэтым ужо скарысталіся тысячы чалавек. Далейшы рост турызму патрабуе адказнай і прадуманай палітыкі з боку беларускіх уладаў. Адным з напрамкаў можа быць стаўка на экатурызм.

За апошнія гады колькасьць замежных турыстаў паволі, але расла. Два гады таму Беларусь наведала 217 тысяч арганізаваных турыстаў, летась іх было ўжо 282 тысячы. Агулам у 2017 годзе Беларусь наведала каля 6 мільёнаў замежных грамадзян. Спэцыялісты Сусьветнай турыстычнай арганізацыі нават заяўлялі, што Беларусь можа павялічыць колькасьць замежных гасьцей да 25 мільёнаў у год. Маўляў краіна мае ўсё для гэтага.

Добрай ілюстрацыяй дадзенай тэндэнцыі стала ўвядзеньне бязьвізавага рэжыму ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі. Напрыклад, за мінулы год у Гродна прыехала 40 тысяч чалавек, тады як у 2016 годзе горад наведала 3-4 тысячы. Гарадзенскія ўлады кажуць, што гэты рост дазволіў гораду зарабіць 10 мільёнаў даляраў.

Апроч пашырэньня бязьвізавага руху, што яшчэ можа зрабіць Беларусь, каб прыцягнуць турыстаў. Краіна павінна паставіць на экатурызм і зрабіць яго сваім брэндам, кажа вядомая экспэртка ў сфэры турызму, аўтар шматлікіх турыстычных гідаў ды даведнікаў, у тым ліку пра экатурызм Дамэніка Зарэмба.

Дамэніка Зарэмба: Беларусь мае багатую традыцыю разьвіцьця турызму, якія грунтуецца на прыродзе ды культурнай спадчыне. Апошнія 20 год я супрацоўнічаю з беларускімі партнэрамі ў гэтай тэме. Мы ўзаемна вучымся і я лічу, што як Польшча, так і Беларусь маюць вялізарны турыстычны патэнцыял у зьвязку з прыродай і культура, атмасфэрай аўтэнтычнасьці. Экатурызм, турызм прыязны для навакольнага асяродзьдзя, мог бы быць такой маркай Польшчы і Беларусі. Нават мы маглі разам ствараць такія турыстычныя прадукты й падтрымліваць адзін аднаго на міжнароднай арэне.

Скажыце, чым ёсьць экатурызм, чым такі турызм адрозьніваецца ад іншых тыпаў турызму?

Дамэніка Зарэмба: Гэта сьвядомае наведваньне рэгіёнаў, якія маюць багатыя прыродныя ды культурныя каштоўнасьці. З аднаго боку, гэта дапамагае ахове навакольнага асяродзьдзя, і лякальнай культурнай спадчыне, а з другога боку, падтрымліваць разьвіцьцё мясцовых грамадаў, рост лякальнага дабрабыту. Гэта сьвядомы турызм. Людзі, якія так вандруюць сьвядомы таго, што турызм можа прыводзіць і да зьнішчэньня натуральнага асяродзьдзя, яны хочуць адкрываць для сябе новыя месцы, пры гэтым яны імкнуцца як найменш умешвацца ў атачэньне, каб захаваць іх для будучых пакаленьняў. Пры гэтым важна, каб сродкі, што пакідаюць турысты заставаліся ў рэгіёне. Пры клясычным турызьме: побытам у гатэлі, на пляжы, з пакетам «усё ўключана», згодна з дасьледаваньня, 80% даходаў забіраюць вялікія турыстычныя карпарацыі або пасярэднікі. Мясцовым супольнасьцям застаецца ўсяго каля 20%. Пры экатурызьме ад 50 да 80% выдаткаў экатурыстаў застаецца ў рэгіёне. Гэта якасны турызм, дзякуючы яму мясцовыя супольнасьці могуць разьвівацца.

Што істотна, экатурызм не патрабуе вялікіх фінансавых уліваньняў, кажа экспэртка.

Дамэніка Зарэмба: Экатурызм не патрабуе вялікіх фінансавых інвэстыцый спачатку, тут не ідзецца пра стварэньне вялізарнай інфраструктуры. Яна абапіраецца на аграсядзібы. Тут у Беларусі ёсьць шмат чаму павучыцца. У краіне існуюць цікавыя сядзібы, дзе падрыхтаваныя пакоі для гасьцей, створаны тэматычная прапанова, тэматычныя сядзібы ці вёскі. Так можна малымі крокамі ствараць лякальны турызм і потым вакол яго паўстаюць большыя праекты: фэстывалі ці тэматычныя маршруты (роварныя, пешыя, водныя, зялёныя сьцежкі). У Беларусі гэта ўжо адбываецца і я думаю, што гэта добры напрамак.

Куды б вы маглі параіць паехаць у Беларусь сьвядомаму экатурысту?

Дамэніка Зарэмба: Такіх прыкладаў шмат. Першае месца, якое я ўзгадала – гэта Лепельшчына. Там рэалізавана ідэя, якая абапіраецца на выкарыстаньні культурнай спадчыны старадаўніх беларускіх традыцый (абрадаў, ежы, сьвятаў, вераваньняў). Гэта праект «Шляхам жоўтых лілій і сівых валуноў». Ён стаў вынікам ініцыятывы шэрагу цэнтраў культуры ў старым Лепелі ды тэатру актыўнасьці Вольга Маханенкі. Розныя людзі ў рэгіёне стварылі месцы з пакоямі для гасьцей у сваіх сядзібах. Далей іх прапанова не абмежавалася толькі начлегам і харчаваньнем, але з паказаньнем шырэйшага кантэксту і магчымасьці адчуць і перажыць тое, чым ёсьць беларускасьць. Гэта і беларуская мова, абрады і традыцыі. Сёлета ў жніўні там адбудзецца трэці фэстываль культуры «Фэстываль цмока». Гэта вынік імпрэзаў на лузе на беразе возеры ў рамках лякальнай актывізацыі, дзе ладзіліся вясельлі ў беларускім стылі. Я была на адным вясельлі для замежных гасьцей: галяндца і францужанкі. Госьці прыехалі на роварах з усёй Эўропы. На лузе адбыўся цудоўны тэатральны спэктакль, які быў для адных сямейнай урачыстасьці, а для іншых дазваляў адчуць, чым ёсьць беларускія традыцыі.

Беларусь мае базу ў выглядзе: багатай прыроды, культурнай спадчыны, сець месцаў для начлегу ў вясковай мясцовасьці. Ёсьць цікавыя імпрэзы ды фэстывалі. Цяпер прыйшоў час паказаць гэта на сусьветным рынку, стварыць пакеты, даць інфармацыю. Пачынаць трэба з Польшчы, гэта вельмі добры рынак для беларускай экатурыстыкі.

Юры Літаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт