Logo Polskiego Radia
Print

Варшаўскі мост. Эліза Ажэшка (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 24.05.2018 12:05
  • 2405 Варшаўскі мост. Ажэшка. Ч. 1.mp3
Жыцьцё і спадчына польскай пісьменьніцы паміж Горадняй і Варшавай.
Варшава, парк Праскі. Помнік Элізе АжэшкаВаршава, парк Праскі. Помнік Элізе АжэшкаФота: Віктар Корбут/radyjo.net

Эліза Ажэшка — вялікая польская пісьменьніца, намінант на Нобэлеўскую прэмію. І разам з тым яна — ураджэнка Беларусі. Сымбалем яе паходжаньня і галоўнага матыву творчасьці зьяўляецца раман «Над Нёманам». Аднак у Беларусі творы пісьменьніцы ня так папулярныя, як у Польшчы, хаця яе пачалі перакладаць на беларускую мову яшчэ пры жыцьці. І зь ёю былі знаёмы вядомыя беларускія пісьменьнікі рубяжа ХІХ і ХХ стагодзьдзяў.

Ажэшка асацыіруецца зь Нёманам і Горадняй. І гэта зразумела. Тут яна пражыла значную частку жыцьця. Аднак геаграфія прысутнасьці пісьменьніцы ў Беларусі, Літве і Польшчы шырэйшая.

І вось яшчэ цікавая акалічнасьць. Эліза мела не адно імя і не адно прозьвішча.

Нарадзілася Эльжбета Паўлоўская — так яе звалі ад нараджэньня — у 1841 годзе ў Мількаўшчыне, цяпер гэта вёска на крайнім паўднёвым усходзе Гарадзенскага раёну. Бацькамі будучага клясыка былі Бэнэдыкт Паўлоўскі і Францішка Каменская.

Аднак бацьку Эльжбета ня памятала, бо ён памёр, калі дзяўчыне было тры гады. Ад яго засталася вялікая бібліятэка, што пазьней паўплывала на фарміраваньне асобы дзіцяці.

А пакуль што маці з дачкой пераехала ў Горадню, на вуліцу Брыгіцкую — цяпер Карла Маркса. Маёнтак у Мількаўшчыне быў здадзены ў арэнду.

Мама называла дачку Лісай (адсюль яе творчы псэўданім Эліза), а бабуля — Зюняй.

Варшава,
Варшава, кляштар сакрамэнтак, касьцёл Сьвятога Казімера, што памятаюць Эльжбету Паўлоўскую (Элізу Ажэшка)

Фота: Віктар Корбут/radyjo.net

У 1852 годзе з бабуляй Эльжбета паехала ў Варшаву. На працягу пяці гадоў будучая пісьменьніца выхоўвалася ў кляштары сакрамэнтак, будынак якога пры касьцёле Сьвятога Казімера захаваўся да нашых дзён на пляцы Новы Рынак. Тут у 1855 годзе Эльжбета пазнаёмілася яшчэ з адной будучай пісьменьніцай — Марыяй Васілоўскай, якую мы ведаем як Канапніцкую. Дзьве літаратаркі захавалі сяброўства на ўсё жыцьцё. А зьяднала іх на пачатку замілаваньне да паэзіі, у прыватнасьці, да творчасьці ўраджэнца Беларусі Адама Міцкевіча.

У 1857 годзе Эльжбета Паўлоўская вярнулася з Варшавы — у родную Мількаўшчыну. На адным з баляў мясцовай шляхты пазнаёмілася зь Пятром Ажэшкам. Той страціў вялікую частку маёмасьці. І шлюб з адзінай спадчыньніцай Мількаўшчыны быў для яго добрай магчымасьцю палепшыць сваё фінансавае становішча.

У 1858 годзе Эльжбета пабралася са старэйшым за яе на 16 год Пятром і перабралася ў яго радавое гняздо — Людвіноў (сучасная назва — Людвінова), на поўдні Драгічынскага раёну, недалёка ад граніцы з Украінай.

З таго часу Эльжбета насіла прозьвішча мужа — Ажэшка, па-польску Orzeszkowa. Эліза разам з мужавым братам Флярэнты заснавала школу для вясковых дзяцей. Пазьней пісьменьніца ўвекавечыла Флярэнты ў сваім рамане Gloria victis, прысьвечаным удзельнікам паўстаньня 1863 году.

Флярэнты Ажэшка быў лекарам у атрадзе пад кіраўніцтва Рамуальда Траўгута. Паўстаньне было трагічнай і гераічнай падзеяй у жыцьці Эльжбеты Ажэшка. За ўдзел у “бунце” расейскія ўлады саслалі ў Сібір яе мужа і яго брата. Сама Ажэшка хавала ў Людвінове Рамуальда Траўгута, а потым у сваёй карэце тайна перавезла яго на тэрыторыю Польскага Каралеўства.

Але яшчэ перад паўстаньнем, у 1862 годзе, Эльжбета Ажэшка выяжджала ў Варшаву.

...Пасьля паўстаньня маёнтак у Людвінове быў канфіскаваны расейскімі ўладамі. Эльжбета вярнулася ў Мількаўшчыну. А празь некалькі год разьвялася з мужам, які ў той час быў у Сібіры. На жаль, ён не прыняў дэмакратычных поглядаў жонкі — гэта была адна з прычын канчатковага расстаньня.

У Мількаўшчыне Эльжбета Ажэшка не магла даць рады зь вядзеньнем гаспадаркі. І з дапамогай юрыста Станіслава Нагорскага прадала маёнтак. З 1869 году яна назаўсёды пасялілася ў Горадні. А Мількаўшчына, як і Людвіноў, перайшла ў рукі расейца.

Дарэчы, у 1894 годзе Ажэшка выйшла замуж за Нагорскага. Аднак праз два гады муж памёр. Гэта быў для пісьменьніцы вялікі ўдар.

Калі ў 1910 годзе ня стала самой Элізы Ажэшка, яна пад падвойным прозьвішчам Orzeszkowa-Nahorska была пахавана пад адным крыжам з мужам на Старых каталіцкіх, або Фарных могілках у Горадні. Там і цяпер стаіць надмагільны помнік.

Горадня
Горадня. Вул. Карла Маркса (б. Брыгіцкая), на якой жыла Эльжбета Паўлоўская (Эліза Ажэшка)
Фота: Дзьмітрый Ласько

Калі акрэсьліць гарады, зь якімі была найбольш шчыльна зьвязана жыцьцём і дзейнасьцю Ажэшка, то імі будуць Горадня, Вільня і Варшава. У 1878-1882 гадах Э. Ажэшка ў Вільні трымала кнігарню-выдавецтва з чытальняй E. Orzeszkowa i S-a. Сваю багатую бібліятэку, якую пачынаў зьбіраць яшчэ бацька, Ажэшка перадала Віленскаму таварыству сяброў навук, суарганізатарам і першым ганаровым членам якога была.

У літаратуру Ажэшка прыйшла ўвесну 1866 году праз Варшаву, калі ў тутэйшым часопісе Tygodnik Ilustrowany зьявілася яе апавяданьне «Малюнак з галодных гадоў», навеянае ўспамінамі пра голад у прыгоннай вёсцы Людвіноў.

У Варшаве цяпер існуюць два помнікі Элізе Ажэшка. Адзін схаваны ад вачэй большасьці жыхароў польскай сталіцы. Бо стаіць у ценю дрэў у парку Праскім. Гэта адзін з самых старых помнікаў Варшавы, што захаваўся да нашых дзён. Як вядома, многія помнікі выдатным дзеячам Польшчы былі зьнішчаны падчас нямецкай акупацыі, а гэты ацалеў. Яго адкрыў 30 кастрычніка 1938 году прэзыдэнт Варшавы Стэфан Стажыньскі. А стварыў бюст Ажэшка вядомы ў той час варшаўскі скульптар Хэнрык Куна. Але самае цікавае, што адлюстраваньне пісьменьніцы Куна выканаў яшчэ ў 1908 годзе, калі гасьціў у яе ў Горадні. На помніку зьмешчаны надпіс: Eliza Orzeszkowa. 6.6.1841 — 18.5.1910. Społeczność ludzka trwa tylko przez sprawiedliwość — wierzę, że nienawiści umilkną. У 2003 годзе помнік быў рэканструяваны.

Другі бюст Ажэшка знаходзіцца ў іншым варшаўскім парку. Яго адкрылі ў студзені 1958 году над сажалкай, паблізу вуліцы Ксянжэнца. Выканаў работу скульптар Рамуальд Зэрых. Гэта дакладная копія яго ранейшай працы — помніка Ажэшка ў Горадні, адкрытага ў 1929 годзе, які захаваўся ў беларускім горадзе дагэтуль, на вуліцы імя пісьменьніцы.

Віктар Корбут/radyjo.net

Слухайце, калі ласка, далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт