Logo Polskiego Radia
Print

Вайна прынесла ня толькі боль, але й дала «Фанту», жуйку, нэйлёнавыя панчохі

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 25.05.2018 21:25
  • вынаходніцтвы.mp3
Пасьля дэсанту саюзьнікаў у Нармандыі жанчыны зьбіралі нэйлёнавыя парашуты й шылі зь іх прыгожае адзеньне.
Даваенная рэкляма жуйкі ў ЗШАДаваенная рэкляма жуйкі ў ЗШАPublic Domain CC0

Другая сусьветная вайна – гэта кроў, сьлёзы й загубленыя жыцьці дзясяткаў мільёнаў чалавек. Парадаксальна, але і ў гэтай трагедыі можна знайсьці пэўныя пазытыўныя элемэнты: у часы другога глябальнага канфлікту былі вынайдзеныя рэчы, прадметы й вынаходніцтвы, якія служаць людзям і па сёньняшні дзень.

Радар, вылічальныя машыны, балістычная ракета, ядзерная энэргія – гэта вядомыя вынаходніцтвы Другой сусьветнай вайны. Іх было нашмат больш і яны суправаджаюць чалавецтва па сёньняшні дзень. Эканомікі шмат якіх краін былі пастаўленыя тады на ваенныя рэйкі, у народную гаспадарку адбываліся ўліваньні вялізных грашовых сродкаў, дзякуючы чаму адбыўся цывілізацыйны скок, які й прывёў да шматлікіх вынаходніцтваў.

Жуйка, якую цяпер мы можам купіць у кожнай краме ды кіёску, была вядомая ўжо ў 19-м стагодзьдзі, але толькі на тэрыторыі Злучаных Штатаў Амэрыкі. Удзел амэрыканскіх жаўнераў у Другой сусьветнай вайне, і перш за ўсё на эўрапейскім фронце, прывёў да таго, што гэты выраб пашырыў геаграфію распаўсюджваньня – справа ў тым, што ў пайку амэрыканскага салдата былі два кавалкі жуйкі. Ваенныя спэцыялісты таксама заўважылі, што жуйка здымае стрэс і дапамагае сканцэнтравацца. Да моманту, калі вынайшлі жуйку з кафэінам, быў толькі адзін крок. І гэта здарылася таксама ў вайну.

Жуйку
Жуйку рэклямуюць амэрыканскія матросы, 1942 год/Public Domain

6 чэрвеня 1944 году ў Нармандыі меў месца масавы дэсант саюзьнікаў. Тады ўпершыню ў такім маштабе былі выкарыстаныя парашуты са штучнага матэрыялу. Нэйлон быў вынайдзена перад самай вайной, тады яго рэклямавалі як матэрыял, які «моцны як сталь і тонкі як павуціньне». Дзякуючы гэтым характарыстыкам нэйлён пачалі выкарыстоўваць у швейнай прамысловасьці, і перш за ўсё ў вытворчасьці панчох. А пасьля дэсанту саюзьнікаў жанчыны зьбіралі парашуты й шылі зь іх прыгожае адзеньне.

У 1940 годзе ЗША спынілі экспарт канцэнтрату для вытворчасьці «Кока-Колы» ў Эўропу. Немцы вырашылі прыдумаць нейкі іншы напой, які б быў ня менш папулярны чым амэрыканскі. І вось, нямецкім харчавікам удалося апрацаваць рэцэпт напою на базе сыроваткі й жмыху – рэштак пасьля перапрацоўкі садавіны й фруктаў. Напітак назвалі «Фантай». Ужо ў 1943 годзе было разьліта больш за 3 млн бутэлек напою! Рэцэпт падобнага напітку быў апрацаваны ў Бэльгіі, назвалі яго «Капі» – цяпер гэта марка сокаў. Пасьля вайны абодва брэнды сталі ўласнасьцю кампаніі «Кока-Кола».

Нямецкая
Нямецкая рэкляма «Фанты», 1941 год/Public Domain

У сьнежні 1943 году Ўінстан Чэрчыль прыляцеў у Туніс. Ён вельмі кепская сябе адчуваў: у яго была тэмпэратура, балела горла. У плянах была сустрэча з амэрыканскім военачальнікам Дуайтам Эйзэнхаўэрам, а тэмай перамоў мела быць адкрыцьцё другога фронту ў Эўропе. Лекары агледзелі брытанскага прэм'ера, зрабілі здымак пры дапамозе пераноснага рэнтген-апарату й прыйшлі да высновы, што ў палітыка – запаленьне лёгкіх. Было вырашана даць Чэрчылю найноўшы лек M&B 693, які знаходзіўся ў канчатковай стадыі дасьледаваньняў. Лячэньне хутка прынесла добрыя вынікі, а лекам зь нетыповай назвай аказаўся адзін зь першых у сьвеце супрацьмікробных прэпаратаў. Неўзабаве за амэрыканскія грошы ўдалося завершыць дасьледаваньні леку й пачаць яго вытворчасьць.

Такім чынам, ваенныя патрэбы ня толькі стымулявалі разьвіцьцё многіх галін навукі й тэхнікі, але й прывялі да выкарыстаньня іх у пасьляваенны час. Прыкладам можа быць авіяцыйная прамысловасьць: пасьля канфлікту новыя шматматорныя самалёты, пабудаваныя цалкам з мэталу, мелі ня толькі гермэтычныя кабіны, але й маглі на большай вышыні зьдзяйсьняць доўгія пералёты зь вялікай хуткасьцю. А неўзабаве на замену вінтавым рухавікам прыйшлі рэактыўныя. Дзякуючы гэтаму павялічылася бясьпека, а сьвет пачаў паступова «зьмяншацца», стаўшы на пачатку новага тысячыгодзьдзя «глябальнай вёскай».

Валеры Саўко

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт